У той дзень яны вячэралі ў «Кавярні Парызьен» і вярнуліся ў каюту рана.
Ён падхапіў Яе на рукі на парозе каюты, закружыў, потым апусціў на ложак, пачаў нецярпліва расшпільваць туфелькі...
— Я засынаю, пусці мяне, любы, — сказала Яна праз нейкі час і адразу ж заснула, зняможаная ад хмелю кахання, ад імі прыдуманага і здзейсненага свята, якое доўжылася ўжо чатыры ці пяць дзён.
На ёй не было нічога, акрамя крыжыка, і Ён выцалаваў Яе ўсю, духмяную і цёплую, асцярожна датыкаючыся да ўсіх выгінаў яе цела і ў душы дзівячыся з гэтых сваіх пацалункаў: ніводнай жанчыны за ўсё сваё жыццё Ён так не цалаваў. Пад канец Ён пацалаваў крыжык на яе грудзях і патушыў начнік.
Ён лёг на спіну і ўявіў зоркі, якія бачыў на палубе, — калючыя, маленькія, змерзлыя, — нездарма ж пад вечар так пахаладала.
Вусны яго ўсё яшчэ памяталі крыжык. Ці то па кантрасце — метал і цела, ці то з-за таго, што тут, на караблі, упершыню ажыццявілася яго крыху дзіўнае прызнанне ў каханні, якое Ён за гэтыя дні паўтарыў — не ў думках, а наяве! — дзесяткі разоў, і кожны раз яго пранізвала вострае пачуццё шчасця, што ні ў якое параўнанне не ішло з тым, падказаным фантазіяй.
Яно было такое вялікае, усеабдымнае, што ўвабрала ў сябе цяпер і свята іх целаў, і бязмежнасць волі і пяшчоты, і гэты крыжык, і далёкія халодныя зоркі, пераблытала ўсё, размыла ў перадсоннай асалодзе, і з гэтага марыва выплыла раптам думка пра Бога. Ціхая, спакойная, зусім не адпаведная тым бурлівым пачуццям, якімі Ён жыў апошнія дні, нават не думка, а малітва, самаробная і наіўная, як уздых, як апошняе прызнанне.
«Калі ты ёсць... Там, сярод зорак... Калі ты ўсемагутны... Зрабі так... Зрабі так, каб гэта доўжылася вечна! Ну, не вечна, я разумею... Усё жыццё. Усё наша жыццё. Я не хачу вяртацца дадому, у кантору. Я не хачу страціць яе. Не хачу хітраваць, маніць, выкройваць некалькі гадзін для сустрэч у гатэлі. Я не хачу былога жыцця, Госпадзі! Ні канторы сваёй, ні горада. Дай нам усё новае, Госпадзі. Падоўжы гэтае свята. Калі ты ўсемагутны, разбі, калі ласка, гэты карабель аб каралавыя рыфы і дай нам кавалачак раю! Не, не, не твайго, я яго і дарма не хачу. Хай гэта будзе незаселеная выспа, я ўсё зраблю сваімі рукамі, Божа, я здолею, я люблю працаваць. Я складу сваё жыццё на выспе па цаглінцы, як гэта робяць майстры-муляры. Мы народзім шмат дзяцей. Я паклапачуся, каб мая каханая дзень і ночь насіла маё чарговае дзіця, Госпадзі. Тут тваёй дапамогі не спатрэбіцца. Ты толькі разбі, калі ласка, гэты карабель!..»
І толькі Ён паспеў дадумаць апошнія словы малітвы, як адбыўся цуд.
На імгненне Ён некуды ці то нырнуў, ці то праваліўся і апрытомнеў ужо па пояс у вадзе з каханай на руках. Вось яна — выспа! Гарачае сонейка, пальмы, яркая зеляніна. Дзякуй табе, Госпадзі! Я ніколі не верыў у цябе, дакладней, не задумваўся над тваім існаваннем, а ты, значыцца, ёсць, такі шчодры, велікадушны. Як б'ецца сэрца! Застаецца толькі пабудзіць маю новую жонку, паказаць ёй рай, які ты нам падараваў, і падзякаваць табе, усемагутны...
Стукалі ў дзверы каюты.
Ён шчоўкнуў замком, яшчэ пагойдваючыся ў пяшчотных хвалях сну і шкадуючы, што гэта быў толькі сон.
У калідоры стаяў марскі афіцэр.
— Мы тонем, — сказаў ён. — Тэрмінова адзеньце выратавальныя камізэлькі на сябе і на даму і падымайцеся на палубу, да шлюпак. Прашу як мага хутчэй.
— Вы паслалі сігнал бяды? — ачмурэла спытаўся Ён, усё яшчэ не развітваючыся са сном-мрояй і не прымаючы рэальнасці таго, што адбывалася.
— Вядома, — адказаў афіцэр. — Радыст перадае яго няспынна. Абавязкова адзеньцеся ў цёплае. Прабачце, я мушу ісці будзіць астатніх пасажыраў.
Ён пайшоў, не зачыніўшы дзвярэй.
Наш герой дакульгаў да ложка, стаў тармасіць каханую.
— Супакойся. Дай мне паспаць, — слаба адбівалася Яна, думаючы, напэўна, што Ён зноў дамагаецца кахання.
— Ды прачніся ты! — закрычаў Ён. — Мы тонем!
Ён змарнаваў добрае паўгадзіны, каб пабудзіць яе і прымусіць адзецца, адзецца самому і нацягнуць жоўтыя выратавальныя камізэлькі.