Выбрать главу

— Стары Спіу валодаў цярпеннем, — прамовіў Настаўнік.

Маладыя ноблы пераглянуліся.

— Магчыма, стымуляцыя была недастатковая? — палічыў Першы.

— Плацінавы Абруч — надзейны стымулятар, — сказаў Настаўнік. — Мы бачылі толькі пралог. Эвалюцыя наперадзе. Выведзі дэкуртар на поўную магутнасць...

І тут запіс нашага Пасвячонага абрываецца. Прадоўжаны ён толькі праз некаторы час, на працягу якога, напэўна, ноблы фокуснічалі са сваімі апаратамі, і Пасвячонаму хутчэй за ўсё не належала гэтага бачыць...

Вольнаму воля, але ці варта было так засмучацца: ах, маўляў, якая прыкрасць, што скрытнічаюць? Не ў дакор будзе сказана, а толькі прыгадаю як факт «Запіскі» Пасвячонага напоўнены такімі «засмучэннямі» і шкадаваннямі.

Ну як тут усумніцца, што толькі чыстая цікаўнасць рухае чалавекам, няхай ён будзе неабчасаны маладзён ці паважных гадоў мужчына?.. Здавалася б, што яму трэба? Сядзі, назірай, матай на вус, як кажуць, каб уразумець, якая небяспека ад гэтага іншапланетнага наслання. Дык не: шкада, бачыце, што хаваюцца яны, не ўсё дазваляюць разгледзець, не цалкам улагоджваюць маёй дапытлівасці. (Ды яшчэ раз няхай даруюць мне...)

О цікаўнасць — маці пачуццяў зямных! Ты — слізкая горка, і нясе па табе ўніз злоўленых табою, і няма за што ім зачапіцца. І ўсё ніжэй і ніжэй імчыць у туманную даліну ганарлівых вучоных забабонаў. І называецца гэта «прагрэс». Калісьці, расказваюць, зямлю не аблытвалі жалезныя і бетонныя істужкі, неба было светлае і ціхае, у модзе былі спрадвечныя чалавечыя словы: хлеб, вада, паветра...

Цікаўнасць — той Абруч, той іх стымулятар пракляты, а ўсё астатняе дададзена тлумачальнікамі.

7

Увогуле, эксперымент іх паехаў далей. І Маленькая Дафнія вырасла настолькі, што пачала, як часта здараецца ў пэўным узросце, лічыць сябе самай дужай, самай разумнай, самай смелай і прыгожай. Ёй, значыцца, хацелася, каб пра яе ўсе гаварылі, захапляліся яе талентам і ўмельствам. І таму, што гаварылі зусім не тое, яна пачала грубіяніць, чапляцца да ўсіх узапар, выкідваць бясконцыя штучкі. Яна па-заліхвацку насілася па вадаёме, усчынала страшэнны вэрхал, разладжвала заадно розныя зборы і сходы, разбурала жыллё і нават некаторых калечыла.

Дарослыя стараліся яе ўціхамірыць, усяляк абразумлялі, але ніякай рады не далі — павучэнні і заўвагі на яе не дзейнічалі, нікога яна не чула, нікога не бачыла.

— Нікчэмныя казяўкі, я вас не баюся! — крычала яна. — Кожную правучу! Я лепшая за ўсіх!

Само сабой, у яе з'явіліся староннікі, падабралася кампанія, і пачалося такое... Казалі нават, што і ў часы Чорнага Жука было крыху лепш. І тады вырашыла грамада: гэту гарлапанку і хуліганку перад усімі пакараць.

Суд, які быў у карычневых дафній, караў вінаватага маўчаннем: асуджаны мусіў моўчкі і нерухома праплыць праз увесь строй — усе толькі з дакорам глядзелі. Да-сведчаныя, між іншым, кажуць, што падобны вопыт у сістэме выхавання — сапраўднае катаванне, у параўнанні з якім нават бізун — дробязь.

Вось гэта і здарылася з нашай паддоследнай. Праўда, яна праплыла скрозь строй з горда паднятымі антэнамі, а пасля, у сябе дома, залілася слязьмі ад крыўды і ўніжэння. Кепска было яшчэ і тое, што па дарозе дахаты ёй сустрзлася суседка, абазвала няшчаснай балбатухай і ўшчыпнула балюча за ножку. І вось Маленькая Дафнія сядзела самотна і плакала, і думалася ёй, што свет пабудаваны паскудна, што дафніі — лютае племя, і яна ўпершыню пашкадавала, што сама — дафнія. Яна не ведала, кім бы хацела быць, — ды хоць цыклопам якім-небудзь, хоць павучком пачварным, толькі б не дафніяй. Тут яна ўспомніла пра нейкую вялізную Белую Рыбу — з дзіцячых, вядома, казачак, — і адразу ж ёй уявілася нешта магутнае, вольнае і прыгожае. І раптам думка наткнулася на Плацінавы Абруч.

8

— Настаўнік, — прагаварыў Другі, — гэта ж гульня? Мне яна падабаецца, толькі ці залічыць Савет Студыі...

— Савет Студыі Прагнозаў залічыць вашу паслядоўнасць, — адклікнуўся той.

— Ты казаў нам пра папярэднія эксперыменты, Настаўнік, — адклікнуўся Першы, — пра падрыхтоўчую працу, але тое, што мы робім, цяжкавата назваць падрыхтоўкай да галоўнага эксперыменту. Яго праўда: гэта — гульня.

— Вывады пакуль што заўчасныя. Дачакаемся вынікаў.

— Мы не атрымаем правільных вынікаў. Мы паскараем працэс стымулятарам, значыць — скажаем.

— Мы не паскараем працэсу, а спрасоўваем яго.