Выбрать главу

— Настаўнік! — працягваў Першы. — Мы бывалі ў мясцінах больш далёкіх і неспрыяльных, чым гэта Хі. Ніколі нам не даводзілася займацца такой... працай!

— Ты хацеў сказаць «такой бяссэнсавай працай»?

— Так.

— Трэба было сказаць — «такой важнай», — далікатна ўдакладніў старэйшы. — Мы прыступілі ўжо да галоўнага эксперыменту.

— Нам патрэбны вышэйшы, які валодае вышэйшым розумам.

— Вышэйшае пазнаецца праз ніжэйшае.

— Ты хочаш сказаць, што гэтыя лоны вядуць да вышэйшага? — асцярожна спытаўся Першы.

— Я хачу сказать: гульня — выпрабаваны сродак для зразумення сутнасці.

— Настаўнік! — сказаў Другі. — За намі назіраюць. Мой індыкатар сігналіць з самага пачатку.

— Мой таксама, — кіўнуў Першы.

— Так, — адказаў Настаўнік.

— Калі гэта назіранне, — то ў межах допуску. Але я лічу, што гэта — спецыфічныя токі планеты Хі.

— Ты даў два адказы!

— Такая асаблівасць Хі, — сказаў Настаўнік. — Далей...

***

Ах, гэтыя ноблы, гэтыя абскуранты-абскуратары-зацямняльнікі. Нават розуму недаступна — яны тут, і ў той самы час іх нібы няма: шчоўк — і прапалі. А вось чалавеку як? Ведаць, што цябе бачаць, увесь як на далоні, што зусім побач стаіць нехта і глядзіць і ўсё яму пра цябе вядома, — ведаць гэта і нічога не бачыць, і няма куды падзецца... Самі, самі вінаватыя. Навучыліся, наадкрывалі, насігналіліся ў белы свет, і цяпер вось — будзьце ласкавы расхлёбваць. А хто ж прымушаў? Ды ніхто. Нецярпенне прымушала. А цяпер вось аказваешся на сваёй уласнай планеце, у сваім доме на становішчы той жа паддоследнай казяўкі: захочуць — пакажуць табе фокус, не захочуць — адключаць. Спачатку, значыць, з казяўкай управяцца, потым возьмуцца за цябе самога, за вышэйшага, пракруцяць, разгорнуць ва ўсю шырыню і даўжыню, ад прашчураў да фініты, і ўбачаць яны навылет, як там з табою было і як будзе і ці надаешся ты да ўжытку...

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што за апошні час нашы мудрацы і так, дзякуй богу, прымоўклі. Ніхто ўжо без аглядкі не распінаецца пра ўсяленскае дабро, пра «спрыяльныя і прыхільныя адносіны да нас нязведанага», няхай гэта будзе космас або што іншае. Цяпер, прынамсі, скемілі, што калі ён калі-небудзь і адбудзецца, гэты самы кантакт, то вынік можа быць розны, усякі, а не вось такі канкрэтна, пераважна, вядома, прыемны, калі нам так хочацца. Нам, дабракам. Сапраўды: не таі зла на другога, але не таі і пільнасці.

Урэшце — далей.

9

Такім чынам, Маленькая Дафнія ўспомніла пра Плацінавы Абруч. А на другі дзень, калі сяброўка, якая засталася добразычліўкай, прыйшла праведаць і супакоіць яе, жыллё было пустое. Чуткі пра гэта разышліся па ўсім вадаёме, зніклую пачалі шукаць, абшукалі ўсе зацішныя куточкі, але так і не знайшлі. І вырашылі, што бедалага або ўтапілася, або схавалася куды-небудзь, каб памерці галоднай смерцю. Пачалося замяшанне, шмат каго грызла сумленне, пасыпаліся ўзаемныя папрокі ў бессардэчнасці. Асабліва дасталося законніцы, якая першая прапанавала пакаранне маўчаннем — цяпер яе абвінавачвалі ў тым, за што ўчора ўзносілі: сумленнасць яе аб'яўлялася фанабэрыстасцю, рашучасць — нахабнасцю. І ўрэшце «Закон аб пакаранні маўчаннем» быў адменены назаўсёды. Дафніі гэтай ноччу спалі дрэнна: кожнай блюзнілася, што менавіта яна вінаватая ў пагібелі Маленькай Дафніі.

А праз дзень невядома адкуль уварваўся вялізарны і страшны Чорны Жук і сажраў зганьбаваную напярэдадні законніцу, а потым — тую самую суседку, што ўшчыпнула Маленькую Дафнію. А яшчэ праз дзень дафній ахапіла яшчэ большая жудасць: з'явіўся другі Чорны Жук, і пачаліся, як кажуць, беды вялікія...

Аднак, хоць Пасвячоны і спыняецца вельмі падрабязна на гэтых бедах, нас пакуль што цікавяць іншыя сферы.

Няма сэнсу расказваць, як уладальніца таямніцы дасягнула дна вадаёма (паўтарыць вопыт Старой Дафніі не складала, відаць, вялікай цяжкасці) і адсыпалася каля Плацінавага Абруча. Толькі была яна ўжо не карычневай Маленькай Дафніяй, а вялікай Белай Рыбай.

Ачнуўшыся, яна ўбачыла ў Абручы сваё адлюстраванне і засталася задаволеная. Без шкадавання прыпомнілася ёй лужына каля пня, прыгадаліся блошкі-дафніі, іх дробныя справы, дробненькія жаданні — усё іх дробнае-дробнае жыццё...

Белая Рыба пакружыла каля Абруча, апрабавала свае плаўнікі і хвост і, задаволеная і гордая, паплыла па цячэнні, і яе панесла ў невядомыя краіны.

Яна пабывала ў вялізарных вадаёмах, дзе багацейшая расліннасць і такі разнастайны і дзівосны свет новых суродзічаў, што немагчыма было не здзіўляцца часам, калі сустракалася якая-небудзь пачвара — таксама рыба і з якой па непісаных падводных законах трэба было прывітацца.