- У штаб, тэрмінова, пан камандзір! - ад хвалявання ардынарац звярнуўся афіцыйна.
Чайка, нічога не пытаючы, пайшоў за ім. Параўнаўшыся з цвінтаром, ён убачыў паперадзе строю Чуба - у адной руцэ той трымаў таўсценны дзяржак сцяга, другой клаў на грудзі размашыстыя крыжы; твар яго быў заміраны, спакойнаціхамірны...
Даніла перахапіў камандзіраў пагляд, таксама азірнуўся на Чуба.
- Перацягнуць бы чорта гэтым дзержаком! - выціснуў разгневана. - Галоўнае, яшчэ і торбу з гасцінцамі прынёс!..
- Якую торбу? Што здарылася?
- Бяда здарылася, Павал Пятровіч! З-за яго вунь бальшавікі ўночы акружылі вёску, людзей пастралялі - Васілько малы прыбег толькі што... Дзяніса майго арыштавалі! І ўсё з-за дурня гэтага!..
Перад тым як падняцца на ганак, Чайка прыпыніўся. Прамовіў, кратаючы на няголенай барадзе выпуклы, на белую вусеніцу падобны шнар:
- Якая ж гэта бяда? Гэта не бяда, гэта тое, што й павінна было быць. Дапацыкаліся... Гэта толькі пачатак!
XVI
А ў сяле адбывалася вось што.
Не паспелі Чуб са старым Карпам выйсці на вуліцу, як ад Дзянісавай хваробы не засталося і следу; ён вызірнуў у акно, сарваў з калочка-вешалкі шынялёк, сунуў у кішэню маўзер, выскачыў на двор і, прыгінаючыся, хуценька папраставаў агародамі да суседняе хаты - той самай, з якой быў малы Васілько, што папярэдзіў іх пра чырвоных, і, галоўнае, той самай, дзе жыла яго сястра - крэпенькая круглашчокая «безадказная» (даходзілі да Дзяніса чуткі) Лізка.
- Ай, малайцы! - не хаваў радасці ад з'яўлення госця Лізін бацька, дзядзька Ладусь, мітусячыся каля стала.
- Трэба ж - так спрытна ўхайдокалі! А вось я дарма што стары, а не змог бы!.. Так я што хочаш: і цяля зарэжу, і кабана, а вось чалавека - не дай Бог! - казаў, нібы хвалячыся сваёй гэтай няздатнасцю. Невялічкі, з хітраватымі вочкамі, хуткі на язык і на рухі, падобны нечым на брыгаднага «апостала ў лапцях» Мяшочка (на якога часта, калі ён выступаў, Дзяніс з сябрам Валодзькам Піліпчуком глядзець не маглі без смеху). - Я ж і ў варміі не быў ніколі, не ведаю, якім бокам тую стрэльбу наводзіць...
У хаце было холадна. Хоць і прапальвалі, але дзьмула з усіх шчылінаў, асабліва ад акна. Дзяніс у шыняльку, толькі фуражку скінуў, сядзеў на покуці і, панурыўшыся, не слухаючы дзядзьку Ладуся, круціў у пальцах шклянку з жаўтаватай смярдзючай самагонкаю. Даўно сцямнела. Самаробная газнічка куродыміла ў вочы і паўкругам асвятляла стол з бутлем на ім і з беднай закуссю: міска квашанай капусты, вараная бульба на ручнічку, соль ды цыбуля. У другім кутку, каля печы, гарэла, патрэскваючы, смольная лучыніна, ціха татахкала прасніца - Ладусева жонка, цётка Ёўга, ссучвала на верацяно кудзелю. Побач на поліку прыткнулася чырванашчокая Лізка, яна змотвала ў клубок гатовыя ніткі і мяняла час ад часу лучыніны (чорныя абгарышы ляцелі ў чыгун з вадою і з шыпеннем тухлі). Ногі яе, абутыя ў лапцікі, не даставалі падлогі, яна хістала імі і не зводзіла з Дзяніса бліскучых вачэй. Малы Васілько, натомлены і намерзлы, спаў на печы.
«Ды не цягні ты, расказвай! - будзе ўмаляць Валодзька Піліпчук. - Ну, пабілі вы чырвоных - і што далей?» - «Што-што, пайшоў вады папіў... Тады думаю, навошта мне тое Семежава здалося, гульну, думаю, хоць які дзянёк, раз ужо так падшэнціла. Да дзеўкі, думаю, адскочу». - «Да дзеўкі?! - абамлее ад зайздрасці, не паверыць Піліпчук. - У цябе хіба дзеўка ёсць?» - «Ну ты смешны - і не адна. А гэтая, Лізка, ты не ведаеш яе. Кажу Чубу - так і так, захварэў, кажу, нешта горла баліць. Чуб хітры, здагадаўся, вядома. Маўзер Кецкаў пакінуў. Закурыць маеш?» - «На!» - і пакуль ён марудна пачне скручваць цыгарку, Валодзька будзе прытупваць ад нецярпячкі. «Ну, далей!» - «Што далей - не паспела ад'ехаць падвода, як я маўзер у кішэню, ногі ў рукі - і да дзеўкі. Вось... (будзе расказваць, расцягваючы словы, у доўгія паўзы пыхкаючы самакруткаю), ну, з бацькам яе пасядзелі, выпілі, значыць...» - «Выпілі?!» - «Ну ты смешны - як жа без гэтага? Гляджу - яна, ну, Лізка, ножкамі так і стрыжэ, вочкамі так і свеціць...»
- Дзяніс! О Дзяніс, чуеш?
Ён страпянуўся. Дзядзька Ладусь са шклянкаю ў руцэ сядзеў з краечку лавы, быццам не гаспадар, а госць быў тут.
- Я, Дзяніс, гэта... Кажу, не змог бы чалавека забіць...
- А ён, можна падумаць, змог, - насмешліва абазвалася з поліка Лізка. - Нябось напалохаўся, уцякаў, як заяц!
- Так і было, - пацвердзіў Дзяніс.
Дастаў з кішэні маўзер, агледзеў яго ўважліва, дзелавіта. Паклаў назад у кішэню.
- Ага, такі спалохаецца! - Дзядзька Ладусь з павагаю, з любоўю і з гонарам за яго сачыў за гэтымі рухамі. - Ты, Дзяніско, сынок, на мяне не глядзі, пі сабе і закусвай!