Выпілі; дзядзька Ладусь далікатна, у шчопаць, захапіў капусты з місы - ніякіх ні відэльцаў, ні лыжак на стале не было. Дзяніс макнуў у соль цыбуліну, падумаў - ну і галота, трэба было здагадацца прынесці хоць сала які кавалачак... Ці толькі Лізку прысароміў бы гэтым?.. Які ён усё ж малайчына, што прыйшоў сюды.
Прыемна, добра, утульна было, нягледзячы на холад... Ад самагонкі, ад лісліва-хвалебных слоў дзядзькі Ладуся, які, вядома ж, як і кожны бацька, прымае яго за зяця, ад ціхага татахкання пралкі, ад паглядаў Лізчыных, ад таго, што Васілько спіць на печы (малы - не тое што ён, дарослы хлопец Дзяніс - таму і спіць так рана)... А яшчэ больш прыемна і добра ад уяўлення, як пра ўсё гэта можна будзе расказваць Піліпчуку Валодзьку. Прычым і хлусіць не трэба.
Дзянісу раптам прыйшло ў галаву: а мо ён і праўда герой, як дзядзька Ладусь з дачкою думаюць? Згадаў Чуба - як той піў і закусваў салам без хлеба, калі на двары трупы яшчэ не астылі. Тады яго ледзь не зблажыла... А цяпер тое самае робіць, што й Чуб, адно мерцвякі ўжо не стаяць у вачах... Усё, аказваецца, прасцей, да ўсяго можна прывыкнуць. Хто і як даведаецца, што «геройства» ягонага на тое хапіла, каб вяроўку з каморы вынесці, а потым спужаўся, у атрад не паехаў, урэшце, збег да суседзяў, абы дома не заставацца?.. Гэта гледзячы як расказваць... Адны й тыя словы, па-рознаму сказаныя, могуць выставіць яго як за сцыкуна, так і за героя. Дойдзе гэтая гісторыя, напрыклад, да Чуба і да Гната з Міколам - і ўсё самым найлепшым чынам растлумачыцца. «А! - падкруціць вусы Чуб. - Дык ён, гад, проста паддурыў нас, не паспелі мы з хаты, як ён да дзеўкі! Спрытнюга!»
- Дзяніс! О Дзяніс! - крануў яго за руку дзядзька Ладусь. - Ты чуеш?
- О?
- Я гэтае, кажу, - а бацька ведае, што ты ў нас?..
Добра і прыемна таксама, што яго, Дзянісаў, бацька багаты, а гэты Ладусь - бедны. Таму і цягнецца да заможнікаў, аж карціць яму парадніцца з якім-небудзь; таму і спытаў, ці ведае Карпа, што яго сын да Лізкі ходзіць, - раз бацька ведацьме, то гэта ўжо сур'ёзна, гэта ўжо спадзеўкі на штось; таму і падстройваецца пад багатыроў - не ўступае ні ў якія камбеды, Саветы лае, «лясных хлопцаў» хваліць, на апошнія грошы выпісвае «Беларускае Слова» - маўляў, і ён не так сабе: пры патрэбе і пра палітыку ўставіць, і ў эканамічных навінах разбярэцца, і нават курсы валют (якія рэгулярна змяшчала газета) яго цікавяць - і ўсё не як Піліп з канапель, а талкова, спаважна, да месца...
- Дзяніс, чуеш?..
- Што? - у які ўжо раз ускінуўся Дзяніс.
- Я гэта... Пытаю - хіба нашы ўрад пераехаў цяпер? Я чуў, што ўжо ў гэтым... аж у Парызе?
- Дзе-дзе?
- Ну, горад такі ёсць... Парыж называецца...
- Можа, у Рызе, вы хацелі сказаць? Парыж - у Францыі, Рыга - у Латвіі.
Ліза на поліку аж зайшлася смехам - яшчэ й газеты чытае!
Збянтэжаны, сам з сябе смеючыся, чухаючы патыліцу, дзядзька Ладусь вінавата апраўдваўся:
- Гэта ж галава трэба конская, каб разабрацца... Таму ж і пытаю, бо во - хлопец вучоны, гімназію канчаў... Пытаць жа не грэх. Дый то: хіба ж у нас адзін ён, гэты ўрад? Я хацеў неяк падлічыць - чорта з два, ніяк...
- Што ёсць, тое ёсць, - пасміхаючыся, рады нагодзе паказаць сваю дасведчанасць, сказаў Дзяніс. - Кіраваць намі хочуць усе, хто не лянуецца, - паўтарыў ён словы Чуба, але не заўважаў гэтага, бо звыкся з імі, як з уласнымі.
- Ну-ну, - праявіў дзядзька цікавасць, - і колькі? Хоць прымерна?
- Значыць, так. - Дзяніс пачаў загінаць пальцы. - Урад БНР Ластоўскага ў Рызе - раз, Найвышэйшая Рада Луцкевіча-Тарэшчанкі ў Варшаве - два, Беларускі Нацыянальны Камітэт у Лодзі - тры, Беларускі Нацыянальны Камітэт Ярэміча ў Вільні - чатыры, Беларускі Палітычны Камітэт недзе пры Балаховічу - пяць, так? - Левая рука згарнулася ў кулак. - Урад Кнорына - Чарвякова ў Менску - шэсць?
- Праўда што: у Мінску ўсё па-свінску, - уставіў да месца дзядзька Ладусь.
- Урад Літоўска-Беларускай рэспублікі недзе ў Бабруйску, ці дзе ён там - сем? Гэта не лічачы нашай Рады Случчыны, якая, праўда, Найвышэйшую Раду прызнае, не лічачы Беларускай Вайсковай Камісіі ў Горадні...
- Ой, мнагавата, ой, мнагавата, - круціў галавою дзядзька Ладусь. - А мо яно і лепш, што мнагавата? Больш паляўнічых - ваўка лягчэй абкласці...
- Лепш-то лепш, дык яны ж грызуцца ўвесь час. Дзе два беларусы, там тры партыі, - ужо не Чуба, а Мірановіча паўтарыў Дзяніс.
- Ото-то, добра ты сказаў, Дзяніско!..
Дзядзька Ладусь яшчэ распытваў - «ці многа вас? і хто вам памагае? і ці пераможаце вы?» - і ўсё нахвальваў Дзяніса, усё ліслівіў; але як ні прыемна было, рассеўшыся па-гаспадарску на лаве, слухаць гэтыя словы і лена на іх адказваць, як ні соладка было лавіць на сабе пагляды дзявочых бліскучых вочак, Дзяніс адчуваў, што даўно час развітвацца і йсці. Усё было выпіта, усё з'едзена, і прасніца перастала ўжо татахкаць, а цётка Ёўга знікла ў большай хаце - пасцелі слаць, ужо і сам дзядзька Ладусь крадком паціраў чырвоныя нос і шчокі і пазяхаў, з ветлівасці не разяўляючы рота. Адна Лізка сядзела, як і сядзела, на поліку, папраўляла лучыны і хістала ножкамі.