Выбрать главу

«Так, кіраваць! Не пускаць вас на самацёк. І няма ў гэтых словах нічога страшнага ці смешнага...»

«Як жа, няма!» — уставіў бялявы.

«Увогуле, незразумела — чаму вы так, адразу, бачыце ў нас ворагаў? Мы вам не ворагі. Якія б ні былі вы, якія б ні былі мы — усе мы адна беларуская культура. Вы — новае пакаленне, і нам зусім неабыякавы ваш лёс. Што да нас, дык дужа не перажывайце: мы проста фізічна не вечныя, і вам яшчэ ўсяго хопіць — і пугі, і пернікаў... Аб адным толькі, па праве старэйшага, хачу вам нагадаць: вось такія, як цяпер, пераломныя часы сапраўды часта нараджаюць выбітных асоб, а такія асобы заўсёды нязручныя — для любой улады, для любой сістэмы... І мы, старэйшыя, проста абавязаны папярэдзіць вас! Усё паўтараецца, усё гэта неаднойчы было нават на нашай памяці. Пасля кожнага ўздыму — спад, непазбежна, і тады асобныя гарачыя галовы, якія вытыркаюцца...»

«Вось гэтая вашая вечная асцярожлівасць, — перабіў Ведрыч, які ўвесь час слухаў насмешліва, — і прывяла да таго, што мы маем».

«А што мы маем? — пакрыўдзіўся пісьменнік. Чамусьці чым часцей яго перабівалі, тым больш ён пазбягаў сустракацца з кімсьці вачыма, а пазіраў больш уніз, на свайго таварыша, лысага пісьменніка, нібы шукаючы толькі ў яго спагады. — Што мы маем? Нашая літаратура кепская, вы хочаце сказаць? Ды мы далі сусветныя ўзоры ваеннай прозы! Дзякуючы нам, урэшце, захавалася наша мова — нашая родная мілагучная пяшчотная матчына мова…»

«Вашыя сусветныя ваенныя ўзоры — гэта «па блату, па блату спалілі немцы хату». А зараз, упэўнены, асядлаеце новую тэму: «боль мой — Чарнобыль», і не злезеце з яе да скону.

Лысы пісьменнік ужо цягнуў таварыша за рукаў, уголас казаў: «Кінь, ты ж бачыш, што з імі немагчыма гаварыць!» Але сябра, відаць, узяло за жывое, разварушыла:

«Так! І вайна, і Чарнобыль — наш няўціхны боль, хай, сапраўды, гэта нашыя асноўныя тэмы! А што ў вас тады? Ды мы, калі шчыра, былі столькі наслуханыя! І, калі йшлі сюды, чакалі... ну, не ведаю, нечага такога! Сапраўды, звышлітаратурнага! Вось гадзіну праседзелі — і што? Анічога! Замест «апавяданне» напісаць «аповяд» ці «навела», замест «плечы» — «рамёны» — гэта далёка не літаратура ў яе сапраўдным, высокім значэнні…»

«У агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька! Вось уся іхняя звышлітаратура», — раптам голасна прамовіў лысы пісьменнік; атрымалася даволі дасціпна, бо акурат перад тым чыталі верш, у якім згадаўся не да месца Кіеў.

Сівы з падзякаю зірнуў на сябра і казаў далей:

«Вы можаце не верыць, але мы — нашае пакаленне — прайшлі праз усё тое ж самае. Збіраліся, адвяргалі, бралі ў рожкі старэйшых, асмейвалі... Усяго было — праўда, з адной вельмі істотнай розніцай: за гэта нас і блізка да рэдакцыяў не падпускалі, шпынялі, крытыкавалі, «рэзалі» ў выдавецтвах, а вы хочаце...»

«А, вы прайшлі праз гэта — дык абавязкова трэба і нам праходзіць? — спытаў бялявы. — Вы хочаце...»

«Не, гэта вы хочаце!— перабіў на гэты раз пісьменнік. — Хочаце, каб вас на руках насілі! А — зрэшты, няважна... Паўтаруся: у любым выпадку — вы дзеці нашыя, наступнікі, мы не жадаем вам зла, мы будзем лічыцца з вамі, якія б вы ні былі. Проста каб не перарастала гэта ў пустую гаварыльню, давайце памяркуем разам. Напрыклад, чым мы, наша камісія, канкрэтна можам вам памагчы? На першы час — выдаць альманах лепшых вашых твораў. Паверце, гэтага не мала. Мы, праўда, не настолькі знаёмыя з вашай... гм, творчасцю...»

Пісьменнік ужо зусім справіўся з сабою і гаварыў, як і ў пачатку, упэўнена і гладка. Але не такая тут сабралася публіка, каб так проста адпусціць яго.

«Яшчэ б! — пасміхнуўся Ведрыч. — Дзе вам быць настолькі знаёмымі. Вам жа няма часу нават саміх сябе чытаць, не тое што нас, маладзейшых. Вам жа тварыць трэба, пісаць палотны, эпапеі, пенталёгіі...»

Пісьменнік упершыню за вечар не тое што пакрыўдзіўся, а нібыта спалохаўся. Ён пачырванеў, дастаў насоўку і высмаркаўся, а калі ізноў загаварыў, пачаў заікацца:

«Я першы раз... у жыцці такое...»

«Вы ведаеце, што ў нас у кожным горадзе філіі? — дабіваў яго Ведрыч. — Што ўся маладая Беларусь — з намі? Вы ж нічагуткі не чытаеце, ні за чым не сочыце! Вунь, паглядзіце, сядзіць збоку хлопец — вартаўніком працуе, без вышэйшай адукацыі, а такі гістарычны раман напісаў, што вам не снілася! У Міхася вунь, — паказаў пальцам на некага Ведрыч, — даўно на зборнік апавяданняў. У Люды ўжо некалькі гадоў ляжыць кніжка вершаў у выдавецтве — баяцца выпускаць... Ды ў нас у кожнага тут, бадай, на кніжку, а то й на дзве набярэцца. Але ж вам выгадна заплюшчваць вочы. Калі б мы самі не зварухнуліся, не заявілі пра сябе — вы б і пальцам не паварушылі! Пагаманілі б паміж сабою, паўздыхалі б з самалюбаваннем, што літаратура на вас канчаецца — і за новыя палотны! Альманах... Ды выйшлі б нашыя кніжкі заўтра, гэта ж цэлы новы літаратурны пласт адкрыўся б! Але ж тады, чаго добрага, пра вас забудуць. Гэта ж пацясніцца трэба будзе, эпапеі радзей выходзіць стануць... Ды пра што казаць, калі вы нават цяпер баіцеся нас. Цяпер — калі ў нас, па­вашаму, у агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька. Чаму ж вы страхуецеся, нават сюды прыходзіце з ім вось... Хто гэты чалавек? — паказаў бесцырымонна пальцам Ведрыч на маўклівага ўсмешлівага госця. — Чаму ён рэгулярна цягаецца сюды? Хто ён — паэт, празаік? Можа, драматург?»