Выбрать главу

Чалавек маўчаў. Сівы пісьменнік апусціўся ў крэсла, рукі ў яго ўздрыгвалі, а па твары пайшлі белыя плямы. Таварыш штось прашаптаў яму на вуха, сівы згодна кіўнуў. Абодва падняліся, пакіраваліся да вешалак, пачалі памагаць адзін аднаму апрануць паліто. Чалавек, сумна ўсміхаючыся, застаўся сядзець, як сядзеў.

У зале ўсталявалася цішыня. На пакрыўджаных пісьменнікаў ніхто стараўся не глядзець. Бялявы ў кутку пакашляў, звярнуўся да Ведрыча:

«Можа, сваё новае пачытаеш?»

Той замест адказу выклаў з кішэні на стол пару прабітых талончыкаў, скамечаны пусты пачак з­пад цыгарэт, расклаў перад сабою, паўглядаўся:

«Пакуль сюды ехаў, у трамваі, дык запісваў на чым папала», — прамармытаў ён, ізноў выклікаўшы смех. Агульная няёмкасць адразу неяк спала. Не ўстаючы з месца, Ведрыч пачаў чытаць, і з першага радка замоўклі ўсе; нават старэйшыя пісьменнікі, што стаялі ўжо ў дзвярах апранутыя, спыніліся. А самае дзіўнае, загадкавы чалавек чамусьці перастаў усміхацца і насцярожыўся.

Трухан адчуў, як па спіне ў яго прайшла хваля дрыжыкаў, як бывае пры тэмпературы…

Гэта была не проста дэкламацыя, а відовішча, — як сказалі б цяпер, «тэатр аднаго актора». Вялікія, крыху прыпухлыя, страшнаватыя, бо зусім не міргалі, вочы Ведрыча пранізвалі кожнага, на кім спыняліся, і кожнаму было зразумела, што Ведрыч цяпер не тут, не з імі, а недзе, што ён аддаліўся, увайшоў у словы, сам стаў словам…У яго вершы таксама прамільгнулі «дзіды» і «рамёны», але выйгрыш яго чытання ад іншых быў не столькі нават у словах, колькі ў самім выглядзе, у зацятым бляску гэтых страшнаватых вачэй, у паставе, калі ён раптам рэзка ўстаў, выпрастаўся і па­акторску пафасна прыціснуў да сэрца руку…

«Ну, як?» — прашаптаў Церашкоў Трухану.

Ведрыч адсунуў ад сябе талоны і пачак і чытаў ужо іншы верш — па памяці, магчыма нават экспромтам. З кожнай новай страфою яго выразны, з надрывам голас сягаў усё вышэй і вышэй і, здавалася, пры канцы сарвецца зусім, «выдасць пеўня»: так сочыш і міжволі пачынаеш перажываць за саліста, які выцягвае арыю, звыкаешся з ім, недзе сам у сабе пачынаеш «памагаць­падцягваць» яму і баішся, што калі ты — сам у сабе — «сарвешся», дык і ён не вытрымае... І вось, у той крытычны момант, калі б далейшае павышэнне голасу хоць на паўноткі ўсё сапсавала б, Ведрыч нібы спатыкнуўся, замоўк, вытрымаў прафесійную паўзу і тады звычайна, без аніякай інтанацыі закончыў — бы проста даверліва падзяліўся:

— Бо ў гэтай краіне

Не маю я долі.

2

Аб’явілі перапынак і ўсё прыйшло ў рух, зноў стала шумна. Многія, тоўпячыся ў дзвярах, пачалі выходзіць у фае. Трухан, які ўсё збіраўся кінуць курыць і не мог, таксама падаўся да дзвярэй. Стаў там, перамінаючыся з нагі на нагу, не ведаючы куды рук падзець, паперадзе ўсіх прапускаючы, — вялікі, нерашучы, цельпукаваты ў заношаным сваім касцюме, з якога даўным­даўно вырас…

Нэлі ўрэшце села свабадней, дастала з касметычкі люстэрка, падціснула маленькія прыгожыя вусны, паправіла валасы, хоць што там было папраўляць — кароткая хлапечая стрыжка; «як і няма патрэбы, — думаў Церашкоў, краем вока за ёй назіраючы, — лішні раз любавацца сабою», і без таго вядома, што ўсё ў яе на месцы і да месца, што яна дагледжаная, чысценькая, ахайненькая… І бездакорная, як жывая лялька. Прыемна з такою час бавіць, па горадзе, за ручкі ўзяўшыся, паблукаць, у калідоры універсітэцкім пашаптацца­пажмакацца, каб іншыя пазайзросцілі… Але ўявіць яе жонкаю!..

Церашкову няцяжка было зрабіць гэта. Ён быў жанаты. Праўда, жонка з маленькім сынам жылі цяпер далёка, дзесь на поўдні Беларусі ў яго бацькоў, і маглі толькі здагадвацца, чым займаецца на волі іхні лёгкі на язык і на пад’ём, з залішне кампанейскім характарам і са знешнасцю маладога Штырліца галава сямейства.

«Самой перакурыць пайсці, ці што», — сказала Нэлі і пстрыкнула замком касметычкі, зачыніўшы яе.