Выбрать главу

Трухановіч зразумеў, што жанчына і ёсць новая яго «маці», а дзяцюк, канечне, той самы «брат» — валрэўкамавец Міканор. Жанчына адарвалася ад шула і нясмела рушыла насустрач… Трухановіч, наадварот, адцягваючы сустрэчу, запавольваць пачаў крокі.

Ён ухапіў мімалётным позіркам твар яе — звычайнай беларускай гарапашнай сялянкі, твар, які яму, дарма што таксама вясковаму беларусу, не мог бы запомніцца ні з першага, ні з пятага разоў; тое самае, як паспрабуй вылучы кагосьці з фальклорнага калектыву, што выступае па тэлевізары: усе ў аднолькавых вышыванках, аднолькавага ўзросту, усе на адзін твар — як японкі…

Ён апусціў вочы, унурыўся ў сцежку пад нагамі, набліжаўся да жанчыны, разглядаючы пыл на сцежцы, лісткі трыпутніку паабапал яе, насы-мызы старых сваіх, паспеўшых ужо запыліцца — хоць у шпіталі ледзь не да дзірак начышчаў перамешанай з салам сажаю — ботаў…

Так, упарта ўніз пазіраючы, падыходзіў ён да жанчыны.

Ён не сумняваўся, што калі яна зблізку на яго гляне, дык ураз усё зразумее, і міжвольнае шарлатанства яго лёгка выкрыецца. Бо каго­каго, а маці ж не падманіш, хто­хто, а яна ўжо не зможа памыліцца. І тады адступіць: хто гэта? каго вы мне прывезлі? гэта не мой сын! — прамовіць холадна, і адвернецца…

Але чужыя рукі ўжо ашчапервалі яго за шыю, і жанчына павісла на ім, выдыхнуўшы: «Сыночак!» Радасць яе была непадробная, і ад таго, што і яна не распазнала яго, яму прыкра зрабілася, і сорамна.

— Добры дзень, — вымучыў ён з сябе цераз сілу.

«Бацька» ўжо заехаў у двор, вокрыкамі і свістам пугі суцішыў сабак і, не распрагаючы нават каня, паспяшаўся на выган — глядзець, што будзе. А жанчыну хоць ты адляпляй было ад Трухановіча. Усё паўтарала надрыўна «сыночак» ды «сыночак»… Яе шчака церлася аб яго бараду, і мокрай ад слёз была шчака. Непрыемна было гэта, як і тое, што пахла ад жанчыны чужым. І ўсё адно ён не адважваўся адарваць яе ад сябе. Тады мякка разняў яе рукі і вызваліўся.

А збоку цярпліва чакаў Міканор. Трухановіч падрыхтаваўся і з ім абдымацца. Але Міканор толькі крануўся яго плячэй — і зноў адступіў, бы вачам сваім не верачы, бы ўпэўніцца жадаючы, ці не міраж гэта перад ім? І зноў дакрануўся — і зноў адступіў… Захапленне, проста шчасце было на яго твары.

— Ну вось! Салдат, герой, бальшавік! Усё пры усім! Галава на месце, рукі, ногі, — і Міканор аж прыцмокваў, так падабаўся яму братаў выгляд. — А то ўжо тут такога панарасказвалі! Смяюся. Ну, давай цалаваццца, — нарэшце Міканор абняў яго. — Як тут праз тваю бараду прадрацца…

— Лягчэй, рука ж баліць яму! — уступілася «маці».

Міканор адразу ж аслабіў абдымкі. Іншым голасам, ужо без усмешкі, клапатліва спытаў:

— Сапраўды, што з рукою, братка?

— Баліць, — адказаў Трухановіч. Ён быў уражаны. Трэба ж, як свабодна валодае чалавек сабою, мімікай сваёй, голасам!.. Не было сумнення, што калі спатрэбілася б, дык гэты Міканор зарыдаў бы горка, няўцешна і шчыра, ці наадварот — зайшоўся б у заразлівым рогаце. А мо ніякае гэта не акторства? Проста чалавек такі: як умее, так і паказвае свае пачуцці? І можа гэта ён, Трухановіч, сам вінаваты, што зрабіўся такі падазроны, недаверлівы? Усё яму здаецца, што ўсе настроены супраць яго, усіх ён асцерагаецца, кожнаму чужому ўчынку ці нават слову надае негатыўнае значэнне, у любы момант гатовы да адпору…

— Годзе абдымацца, ідзіце ўжо ў хату!

— Не ў хату — у двор спачатку! Памыцца з дарогі, асвяжыцца, пахмяліцца… Смяюся!

Міканор абагнаў Трухановіча, забег наперад, веснічкі перад ім прадбачліва расчыніў — як швейцар­брамнік, у струнку выцягнуўся, паперад сябе прапускаючы.

2

З гэтага моманту новаспечаны «брат» зрабіўся і рукамі Трухановіча, і языком яго, і яго вачыма, — стараючыся ўгадаць (самае цікавае, што часта і ўгадваючы) братавыя думкі і жаданні.

Нават ката, які выйшаў да веснічак паглядзець, што тут адбываецца, нагнуўся і замест Трухановіча пагладзіў.

Трухановіч тым часам аглядваўся, каб вызначыць для сябе хоць першапачатковую арыентацыю. Дзве хаты, старая і новая, стаялі ўпрытык адна да адной — дзве сям'і жылі ў адным двары... Двор быў вялікі, шырокі і, як пры двух мужчынах, даволі­такі запушчаны. Усё здавалася не на сваім месцы, было складзена і звалена абы­дзе і абы­як: бароны, плуг, абгоннікі, граблі, кола з возу, куча гною…

І раптам выбухнуў успамін — далёкая­далёкая будучая зіма, пісьменніцкі дом, прыступ яго перад люстрамі ў фае… Ну, канечне, гэта той самы двор, што прымроіўся яму тады, у тым сапраўдным жыцці! Вось тут, пад гэтай сцяною на складзеных бярвеннях Нэлі сядзела, і ён, Трухан, з нейкім дзіцём на руках…