— Што, успомніў трохі? — ад уважлівага Міканора не схавалася перамена на ягоным твары. — Смяюся.
— Трохі…
— А я што казаў? Патрошку, не ўсё адразу, пажывеш, агледзішся… Дамоўка, брат, усё напомніць. Зараз, я мігам, — Міканор кінуўся ў хату, на хаду паспеўшы выцерці падэшвы чаравікаў аб мурог ля ганка.
Трухановіч прысеў на бярвенні. Вось амаль і спраўдзіўся ягоны сонмроя… «Бацька» распрагаў каня. З хлява чулася цырканне — разумніца Наста, замест таго, каб бянтэжыць Трухановіча разглядваннем, займалася справаю. «Маці» пастаяла крыху воддаль, мабыць, спадзеючыся пачуць якое слоўка ад «меншага». Тады прамовіла — ці то яму, ці сама сабе: «Пайду памагу», і таксама схавалася за зачыненымі варотамі ў хляве. Нарэшце хоць на нейкі міг Трухановіч астаўся адзін.
Але Міканор ужо куляю ляцеў да студні — энтузіазм, прага дзейнасці, жаданне ўслужыць блізкаму свайму так і перлі з яго; звінеў ланцугом, стукаў акаваным абручамі вядромцэбрыкам, выцягваў ваду… Цераз плячо ў яго перакінуты быў чысты палатняны ручнік.
— Ану, хадзі, здымай гімнасцёрачку! — і гімнасцёрку памагаць пачаў сцягваць, чым толькі балесней рабіў ды перашкаджаў. — Зараз астудзімся!
Мітусня яго да таго дайшла, што нават, паліваючы, адначасова і намыльваць мкнуўся Трухановіча. А вада і праўда была ледзяная, пахла калодзезем, мылам і крыху зялёным мохам, які рос на асклізлых бярвеннях усярэдзіне студні.
Санлівасць як рукою зняло. Вымыты, і пасвяжэлы, і галодны, з адной думкаю: дзецца няма куды, трэба аглядвацца, запамінаць і прывыкаць, Трухановіч — ізноўтакі паперадзе далікатнага Міканора — зайшоў у хату. Тут было светла, прасторна і, у параўнанні з дваром, чыста і прыбрана. Вымытая, дзенідзе яшчэ мокрая падлога тхнула свежым аерам. Ад цёплай печы плылі пахі смажаніны. У дальнім кутку перад узятымі ў ручнікі абразамі стаяў «бацька», вусны яго варушыліся, а пальцы складзеныя былі ў шчопаць.
— Апускайся! — Міканор далонню правёў па лаве. — Зараз матку з жонкаю, Настаю маёй, пачакаем. Прыдуць, усё арганізуюць… Смяюся! — знарок гучна гаварыў Міканор, падміргваючы Трухановічу і ківаючы на «бацьку». Затым зняў, павесіў на цвік шапку, прысеў на табурэтку і разам з ёю прысунуўся да «брата» блізка. Паклаў яму руку на плячо. Усміхаўся прыязна, адкрыта. Трухановічу нічога не заставалася, як усміхацца ў адказ. Так і сядзелі — моўчкі, адзін аднаму ўсміхаючыся, як бы любуючыся адзін адным.
На самой справе Трухановіч скарыстоўваў гэты таймаўт, каб больш пільна разгледзець новаспечанага братца. Спакойныя вочы. Паголены, чысты, правільны твар. Прычоска «пад гаршчок» — у прамым сэнсе: відаць, без лішніх мудросцяў адзелі чалавеку гаршчок на галаву і ўсё, што зпад яго вытыркалася, авечымі нажніцамі адхапілі, пакінуўшы капу валасоў зверху і вушылакатары па баках. Старэнькі, чорны, залатаны на локцях картовы пінжачок, такія ж — гарнітур! — штаны. На нагах дубовыя чыгуначніцкія чаравікі«гады»... Зрэшты, як для таго часу і для таго дастатку чалавек, так адзеты, мог лічыцца, відаць, заможным.
Усё гэта было знешне. А вось што ў гэтай аббамберанай галаве? Што за душою? Трухановічу хацелася адшукаць якуюсь несімпатычную рысу ў Міканоры. Ён усміхаўся і ўсё разглядваў яго, вачыма, нібы рэнтгентам, стараючыся пранікнуць яму ў самую душу. Марна. Не было да чаго прыдрацца. Адэкватныя паводзіны, як трэба ўсё гаворыць, акрамя хіба злоўжывання гэтым «смяюся»… Нічога кепскага ў Міканоры не было. І ўсё ж Трухановіч гатовы быў паклясціся — не просты, не аднамерны гэта тып. Ёсць у яго і задняя думка, і другая душа, і двайное жыццё. Але паспрабуй вось так, адразу, разбярыся! Хіба пазней, з часам…
Пакуль ён аддаваўся такім роздумам, Міканор казаў:
— Значыць, кантузія? Ну, нічога. І не такое бывае… Знойдзецца, чым заняцца. Пісьменныя людзі во як трэба. Паперы з сабою? Добра! А тое, што не помніш, дык яно, можа, яшчэ і лепей — пра тую жытку лепш не помніць… Жартую.
Жарты жартамі, аднак голас у Міканора з задушэўнага змяніўся на амаль афіцыйны, начальніцкія ноткі ў ім загучалі. Відаць было, што не так сабе чалавек распытвае, а па справе, з намерам памагчы.
— Ведаеш, я б хацеў аддыхнуць трохі, — сказаў Трухановіч. — Дзе гэта можна? — спытаў, позна спахапіўшыся, што не варта яму было б карыстацца тэрмінамі з далёкай сваёй будучыні, такімі як «ведаеш», ды «дарэчы», ды «зрэшты»…
Не схавалася гэта ад Міканора.