Каб перабіць размову, Трухан у сваю чаргу папытаў, ці выклікалі Ведрыча таксама ў пракуратуру, і ці вярнулі яму вершы?
«Дарэчы, чаму ў пракуратуру?»
«Ты іх зразумееш? — адказаў Ведрыч. І, пакуль Трухан апранаўся, паведаў такое: — Я ім пра ВКЛ, пра Сапегу, а яны мне: «Як мы будзем трактары выпускаць, калі ў нас руды няма?» Я ім пра БНР, пра Ластоўкага, пра Слуцкае паўстанне — яны мне: «Хто ў нас будзе купляць трактары, калі выйдзем з Саюза?» Нарэшце ў мяне цярпенне лопнула: — «Якога… вы, кажу, прычапіліся да мяне з вашымі трактарамі?! Адкуль я ведаю?! Хай ў вас пра гэта галовы баляць!»
Церашкоў чакаў іх на лесвічнай пляцоўцы свайго паверха.
«Слухай, — кінуўся да Ведрыча, — да мяне гэта, ну, жонка з малым прыехалі… Прыдумай штонебудзь!»
«Дай я хоць пагляджу на яе», — сказаў Ведрыч. У словах яго Трухану пачулася не столькі цікавасць, колькі знаёмы ўжо азарт — моманту не ўпусціць; гэта ж такі прастор для імправізацыі, такая магчымасць лішні раз пасцябацца з чалавека. І вельмі проста ляпне зараз: —«Чуеш, адпусці свайго мужа на дзень нараджэння да палюбоўніцы!», — гэта ў яго стылі…
Трухан ужо бачыў тую жонку. Зашуганая, шэранькая сяляначка (такіх чамусьці часцей за ўсё і бяруць за сябе зухі накшталт Церашкова), з добрымі адданымі вачыма, з маленькімі, але моцнымі рукамі. Увогуле незразумела было, навошта спатрэбілася Церашкову штосьці выдумляць. Ды ідзі сабе куды хочаш і да каго хочаш — такая жонка і слова не скажа, такая нават рэўнасцю баіцца пакрыўдзіць. Пахваліцца ён перад імі захацеў, ці што, паказаць, што і ў мяне вось як і ва ўсіх — пабойваюся, адпрошваюся…
На Труханава здзіўленне Ведрыч, пацалаваўшы дзяўчыне ручку, культурна папрасіў:
«Не адпусціце яго з намі? Ненадоўга. На важную літаратурную сустрэчу. Абяцаем вярнуць цэлым і здаровым».
Пачырванелая, да такога абыходжання непрывычная, яна, бедная, толькі паўтарала разгублена:
«Ды вы праходзьце!.. Будзьце як дома, — і ўжо зусім недарэчы: — Можа, паежце, каб галодныя не былі там? У нас усё сваё, вясковае…»
Тут зза шафы выглянула хлапчанё гадоў двух — маленькая копія маленькага Церашкова.
«Ой, а гэта што за такое?! А што гэта за беларусік? А як яго завуць?»
Шчаслівая маці назвала імя. Пакуль Церашкоў збіраўся, а Ведрыч з малым гулялёкаўся, Трухан усё назіраў за ёю, і падавалася яму, што не адно толькі гонар за сваё дзіця свеціцца ў яе вачах, а яшчэ і надзея, ці нават толькі цень надзеі — гэта каб і яе ўзяў Церашкоў з сабою. Сына знайшлі б на каго пакінуць, хіба мала тут знаёмых у мужа?.. А самой прайсціся ў кампаніі з такім далікатным, прыемным чалавекам, як Ведрыч, па вячэрняй сталіцы… Ды яна і днём гэтую сталіцу толкам ні разу не бачыла, не тое што вечарам… Потым пасядзець у светлай і, відаць, вельмі прыгожай залі, паглядзець і паслухаць сапраўдных, жывых пісьменнікаў… Як бы ўспаміналася ўсё гэта потым у глухім сваім мястэчку! Колькі было б пра гэты вечар расказаў: бацьку з маткаю, свякрусе, сябраўкам! Як бы яна пасля гэтага яшчэ больш свайго мужа палюбіла б!..
Мабыць, і Ведрыч штосьці падобнае адчуваў. Бо як толькі выйшлі яны на вуліцу, прамовіў без іроніі:
«Але ж ты і атлёт, Церашкоў…»
«Не вучы мяне жыць, лепш памажы грашыма, — адказаў Церашкоў папулярнай у тыя гады прымаўкай. — Дарэчы! Я ж без падарунка. Не мог жа я пры жонцы…»
Ведрыч пакалупаўся ў кішэні.
«На. І знай маю добрасць. Хоць кветку якую купі. Бо сорамна за цябе будзе… На і табе», — да Трухана.
«Ды што ты ўвесь час са сваімі грашыма!.. А аддаваць чым?»
«Аддавака такі. З ганарару некалі аддасі».
«Не трэба».
Нэлі ведала, каго запрашаць. Не мінскіх багатых сябровакаднакурсніц — чым іх здзівіш? Яшчэ падчас апошняга ў яе гасцявання не магла яна не заўважыць, як мала трэба яе інтэрнатаўскім «беспрытульнікам», наколькі непераборлівыя яны. Таму калі нашы героі, крыху прыпазніўшыся, уваліліся ў кватэру, усё было гатова да прыёму іх. У вялікім пакоі накрыты быў стол. Падлога — голая, без аніякіх дываноў, і гэта было асабліва дарэчы — не трэба разувацца, каб пасля тэпаць у студэнцкіх шкарпэтках ці ў чужых пантофлях па чужой хаце. Дываны, «дарожкі», паласы былі знесены ў пакой, дзе жыла сучкабультэр’ер са сваім сынам. У гэты «сабачы» пакой, як у патаемную каморку Сіняй Барады, госці не тое што не адважваліся заглядваць, а яшчэ і прыспешвалі крокі каля яго, каб хутчэй прамінуць.