І цяпер, памагаючы Івану і бабцы, Васкевіч таксама напускаў на сябе сур’ёзнасць, гнаў ад сябе сорам і адчуванне ўбоства ўсяго, што робіцца. Ну, хай ты такі разумны — але людзі вераць, і ты вер, ці хоць бы рабі выгляд, што верыш; нават у душы не пагарджай... Будзь як усе і менш думай.
— Хіба цяпер так галосяць (галасуюць), як колісь? — казала, разаўспамінаўшыся, матка. — От тады, пры Сталіне! Зіма, мяце, свету белага не відно, Сцяпаніха ляжыць памірае, а яны падляцелі на санях, закруцілі ў кажух, кінулі яе ў санкі, як даўбешку, і паперлі на ўчастак!
Казала гэта маці з павагай, адабрэннем. «І ні пры чым тут Сталін, — думаў Васкевіч, — а тое пры тым, што жыла гэтая бедная затурканая Сцяпаніха, нікому не патрэбная, — і раптам спатрэбілася некаму! Ды так, што сані па яе прысылаюць, у кажух кутаюць... А людзі ўсё бачаць...»
— А ты за што будзеш галасіць? — спытала маці.
— А ты?
— За саюз савецкіх рэспублікоў! — урачыста адказала маці, нават інтанацыяй падстройваючыся пад кагосьці, ад каго магла пачуць гэта. — Бо інакш прападзём, как рудыя мышы!
— А я — ніяк не буду, — больш каб падражніць яе, сказаў Антон.
— Ну-ну! — засмяялася, ківаючы галавою, маці. Відаць, для яе не пайсці галасаваць здавалася большай крамолай, большым святатацтвам за любы грэх. — У цюрму ўміг забяруць!
Антону раптам прыйшла ў галаву цікавая думка, і яму расхацелася спрачацца з маткаю і даказваць ёй нешта. Да апошняга часу ён усё ніяк не мог вызначыцца — як усё ж быць на гэтым рэферэндуме, чый бок прыняць? Месяцы два назад для яго не было б тут ніякіх праблем — вядома, удзельнічаць у рэферэндуме, хоць і здагадваючыся, што гэта чарговы падман людзей; вядома, прагаласаваць за незалежнасць Беларусі ад каго б там ні было...
Але цяпер, будучы столькі часу ў адзіноце, калі проста вымушаны пра многае добра падумаць (як упрошваў некалі зампаліт), забыты сябрамі, начытаўшыся «сур’ёзных» кніг, героі якіх так з’едліва-саркастычна ставіліся да ўсіх задумаў людскіх, так пагарджалі «мітуснёй побытавай», — цяпер Васкевічу карцела зрабіць нешта адваротнае таму, што робяць усе.
Думка, якая прыйшла яму ў галаву пасля славутай матчынай «цюрмы», была вось якая (прыйшоўшы ў бібліятэку, ён нават занёс яе ў сшытачак, каб яшчэ лепш для сябе праясніць):
«Ты верыш, што калі закрэсліш «ДА», гэта нешта дасць Беларусі? Нават не адзін ты, а калі ўся Беларусь гэтае «ДА» закрэсліць?
Магу зразумець кліч «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!» — і праўда, узяць, урэшце, аўтамат ці абрэз і пайсці ў гэты вунь лес заслужваць, заваёўваць Незалежнасць.
Магу зразумець, калі ўсе як ёсць беларусы — ад Езярышчаў на Віцебшчыне да Славечны на Гомельшчыне — возьмуцца за рукі і праз усю Беларусь зробяць «жывую нітку», як прыбалты нядаўна рабілі.
Але верыць, што Незалежнасць можна здабыць простым «росчерком пера», і з гэтым пагодзяцца, і паднясуць гэтую Незалежнасць на ручніку, з хлебам-соллю?! Калі хоць адзін разумны чалавек у гэтае верыць, дык можна толькі павіншаваць яго.
З другога боку — верыш, што калі выкасуеш «НЕТ», настане «мир и согласие»? Ды нічарта і ў гэта не веру!
Урны насіць па хатах буду, галасы падлічваць буду, плакаты клеіць — бо мне за гэта як бібліятэкару грошы плоцяць і я павінен іх адрабіць; але бюлетэня нават у рукі не вазьму!»