Быў светлы яшчэ вечар. Антон вяртаўся з бібліятэкі, мясіў чаравікамі, якіх цяпер ані не шкадаваў, разбітую машынамі сакавіцкую гразь, быў п’янаваты, за пазухай пад курткай нёс непачатую «бомбу» шампанскага, — і сэрца яго спявала, душа рвалася ў гэтае светла-шэрае, як вочы ў сямікласніцы Наташы, неба; хацелася раскінуць рукі і абняць, прыгарнуць да грудзей усё наваколле: і гэты ўжо ледзь зазелянелы луг, разрэзаны чорнай дарогаю, і голае мокрае кустоўе за лугам, і далёкую-далёкую шэра-чорную палоску поля, і гэты зялёны хваёвы лес, што ўжо недалёка наперадзе...
Антон ішоў, востра заўважаючы і ўсю вакольнасць, і кожную драбніцу, — бачыў луг, лес, высозную хвою на ўзлеску, і разам з тым адначасова ўмудраўся ўбачыцы старую пажухлую траву пад гэтай хвояй, і, здавалася, кожную шышку, кожную іглічку на лапцы гэтаи хвоі... Ён адначасова бачыў і любіў усё гэта. Але ён заўважаў усё гэта падсвядома, неасэнсавана, вачыма, але не сэрцам, не думкамі. Сэрцам і думкамі ён усё яшчэ быў за два кіламетры адсюль, у чатырох сценах сярод стэлажоў, стракатых ад кніжак...
Ён захацеў успомніць нешта самае важнае — і не змог. Каб успомніць, трэба было храналагічна ўзнавіць у памяці ўвесь сённяшні дзень. У лесе Васкевіч пайшоў яшчэ цішэй, па купіністым цупкім выступе пасярод дарогі, між слядоў ад машын. Трохі яму ўдалося сканцэнтравацца. «Было так: я чакаў яе. І баяўся. Каб гэтая другая сустрэча не парушыла нешта... Што? Потым дадумаю, а цяпер — храналогія. Я сумаваў. Глядзеў на гадзіннік — калі дзённы аўтобус? Ведаў, што не павінна яна вось цяпер прыехаць, і яшчэ больш цвёрда ведаў, што прыедзе. І яна прыехала. Выйшла з аўтобуса адна. Боязь апраўдалася — на ёй была не школьная форма, а нейкая сіняя сукеначка, белая кофтачка... Ах, не трэба было б! Пераапранулася для мяне, а, галоўнае, магчыма ў сястрынскае... Але калі ўвайшла і ўбачыў гэтыя вочы шэрыя, і вусны, шчочкі — падумаў: дурань, ды свежую кветку стаў хоць у кітайскую парцаляну, хоць у шчарбаты слоік — яна ўсё адно астанецца прыгожай свежай кветкаю... Яшчэ — важна! — сонца з дальняга акна прабілася, асвятліла яе ўсю — і я ўбачыў, што яна не русая, а рыжа-русая... Рыжаватая. Усе армейскія і інстытуцкія гісторыі разам кінуліся ў галаву — што рыжыя самыя сексуальныя... Пахне таннымі духамі. Таксама — для мяне, і таксама — не трэба было б!.. Але добра з ёю. І сорамна. Бабка зайшла, глянула. Іван зазірнуў, выйшаў.
— Антон, чаму ты гаворыш заўсёды па-беларуску?
— Не пытай лепш... Быў час, ненавідзеў гэтую мову, акцэнт хацеў вытравіць, каб і следу не асталося; цяпер сябе за тое ненавіджу! Хоць каму ні расказваў, аказваецца, усе праз гэтае прайшлі. Не ведаю, і тлумачыць не буду, ды і не змагу растлумачыць, але ведаю, што памру з гэтай моваю.
— Мне так падабаецца!..
Вочы свецяцца — ды ты закахалася, дзяўчо! Анегін знайшоўся, бібліятэкар двароўскі! Каб выпіць, лягчэй было б, ведаў бы, што рабіць. «Пасядзі, Наташа, я адскочу ў магазін...» Дзве «бомбы» шампанскага ў руцэ — чэрці, перад рэферэндумам наперлі гэтага шампанскага ва ўсе вёскі! — глядзяць усе ўслед, Іван стаіць каля веснічак, пакурвае моўчкі... Звар’яцець можна — усе ж ведаюць, што яна тут сядзіць, а ты адкрыта віно цягаеш! Піў без закускі — не даставаць жа сала з цыбулінай... Пасля дзвюх шклянак — лёгка, прыемна, яе любіш, людзей любіш, сябе... Пра Менск, 2-ю лінію метро, мост праз Свіслач, дзе дамба і вербы над лавачкамі, плошча Леніна і Чырвоны касцёл; на лістку накрэсліў, у якім раёне жыў, куды хадзіў гуляць... Ёй усё цікава.
— Калі будзеце ўспамінаць пра Лену, буду зваць на вы і перастану прыходзіць.
Ого. Вось, гэтае трэба ўспомніць.
— У цябе хлопец ёсць?
Апусціла галаву, усміхнулася чуць.
— Ты з ім цалавалася? (А што, п’янаму мора па калена.)
Паціснула плячыма.
— Сама не ведаеш? Напалавіну цалавалася? (Што я да яе прычапіўся?! Але бляфуе так няўмела, нікога ў яе не было.) А мяне пацалуеш?
Сядзіць моўчкі, галоўка апушчаная, валасы рыжа-русыя, ірдзее, як мак. Падышоў раптам і пацалаваў (а каб хто нарваўся?!) — у шчаку, потым у вусны, моцна... Ледзь не задыхнулася, але няўмела паспрабавала адказаць. Калі і ёсць у яе які школьнік — гэта дзіцячае, на ўзроўні запісачак па парце, яна — свежая, дзіця-няўмеха.
— Табе было непрыемна?
Апусціла галаву — не, наадварот!»
Васкевіч ужо ішоў па сваёй ціхай гэтым часам вёсцы, глядзеў па баках на знаёмыя хаты і платы; ізноў думкі яго рассыпалі храналогію, у галаве мігцелі толькі бязладныя абрыўкі: «Пацалуй мяне...», «Чаму па-беларуску?», «Анегін чортаў!», «Не ўспамінайце пры мне Лену...»