Выбрать главу

Васкевіч першы выскачыў з хаты, кінуў у будку «Масквіча» урну і, нібы вучань-двоечнік з нелюбімага ўрока, проста ўцёк дадому. Прыбег, заваліўся спаць і праспаў аж да абеду, калі матка ўжо вярнулася з участка. Яна была вясёлая, прывезла каўбасы, піва, зефіру.

— Цябе ж там шукаюць усе! Ідзі хоць глянь, колькі людзей, колькі ўсяго панавезлі ў магазін!..

Васкевіч выпіў пляшку піва і пасунуўся ў Двароўку. Знарок ледзь перастаўляў ногі, каб нікога не застаць. Ішоў і думаў пра Наташу, прасіў у думках, каб здагадалася і прыйшла сёння ўвечары ў бібліятэку. Яны б проста моўчкі пасядзелі б, ён бы курыў, яна б пазірала на яго...

У Двароўцы ля магазіна тоўпіліся людзі. Каля школы ўжо нікога не было. Васкевіч увайшоў у цёмны калідор, пачуў галасы ў «клубе» — відаць, яшчэ падлічвалі бюлетэні. Ён прыслухаўся.

— ...Тарасиха где? — чуўся голас Панаса Маркавіча.

— У больніцы, — адказваў нехта. — Там прагаласуе.

— А эта... как её... Адамиха?

— Чорт, праўда, забылі... Схадзіць?

— Ладно... Дай сюда бюллетень...

Васкевіч зразумеў, што і старая Адаміха зараз «аддасць» свой голас «абноўленаму саюзу». Яшчэ больш стала прыкра, гідка ад усяго гэтага. Ён ціхенька адчыніў дзверы ў бібліятэку, праслізнуў туды, і калі ўбачыў знаёмыя карэньчыкі кніг, удыхнуў знаёмы кніжны пах, калі сеў за сваю «кафедру», закурыў, убачыў крэсла, на якім Наташа сядзела, калі яны цалаваліся, — толькі тады на душу зноў лёг супакой... Хутчэй бы канчалі свае выбары, і зноў яго ніхто не чапаў бы, і ўсё пайшло б ціха-спакойна, як і раней!

Раптам піханулі з калідора дзверы ў бібліятэку, — ён аж уздрыгнуў — здалося, гэта тыя, «галасоўшчыкі», пачулі яго і ідуць зваць рабіць якую-небудзь трасцу. Не, увалілася цэлая кампанія: Пеця, Ручка, Люда (дзяўчынка, якая падказвала чорнаму «цыгану», якой картай хадзіць, якая спадабалася тады Васкевічу), яшчэ нейкая чарнявая, рослая, незнаёмая яму зусім дзяўчына, яўна не мясцовая...

— Антон, можна мы тут вып’ем? — папрасіў Пеця, ставячы долу вялікую сумку. — Няма дзе прыткнуцца, клуб заняты, а на вуліцы холадна.

— Ну, давайце, — паціснуў плячыма Васкевіч. — Толькі ціха.

Размясціліся ў дальнім кутку, накрылі газетаю часопісны столік. Васкёвіч замкнуў дзверы.

Рослую чарнявую звалі Ірэна, гэта была Пецева стрыечная сястра, прыехала з Гомеля. Яна аказалася вясёлай балбатухай, а пасля, калі Васкевіч выпіў і ўжо не саромеўся добра яе аглядаць, ён зразумеў, што яна — з тых гарадскіх дзяўчынак, якія з 13 гадоў пачынаюць туляцца з хлопчыкамі па пад’ездах і паддашшах, і што цяпер, — а цяпер ёй на выгляд было гадоў 20 — яна, як кажуць, «видала виды», дзеўка яшчэ тая, і адсюль яе раскаванасць. Але гэта было яшчэ лепш; яе прысутнасць надавала гэтай выпіўцы пэўны шарм. На Васкевіча дыхнула забытым ужо Мінскам, інстытутам, Ленаю...

Сімпатычная Люда амаль не піла, зноў сядзела ціхенькая, маўклівая, і зноў Васкевічу захацелася ўзяць яе за руку і весці з гэтага балота, у якім яна нібыта задыхаецца.

П’яны Ручка пасля першай чаркі палез да Васкевіча абдымацца:

— Дык ты, аказваецца, нармальны хлопец! Чаго ты раней з намі не выпіваў?

— А я вам што казаў? — умяшаўся Пеця.

— Я думаў, ён... — і Ручка змоўк і не стаў казаць, што ён думаў раней пра Васкевіча.

Пачалі расказваць, як галасавалі. Ручка, непахмелены, з самай раніцы сядзеў пад магазінам, чакаў, калі падвязуць піва. Сядзіць, а матка паўзе на сваіх кіёчках галасаваць. Ручка крычыць: «Мамо, кінь там і за мяне!» А яму ўстаць і прайсці да школы сто метраў. Ірэна расказвала так:

— Вместо того, чтобы самому пойти за больную мать бросить, так он ее просит!

— А што, ёй лягчэй, яна ж на двух вядушчых мастах! — смеючыся, казаў Ручка пра матчыныя кійкі.

Смяяўся Ручка, рады, што яму даюць увагу, смяяліся дзяўчаты, смяяўся Васкевіч — ад таго, што прыйшлі вось людзі, якіх ён першы ці другі раз у жыцці бачыць, і весела з імі, проста, і дзяўчаткі такія прыгожыя...

З «клуба», відаць, пачулі шум у бібліятэцы. Нехта тузануў за ручку дзвярэй. П’янаваты і смелы Васкевіч зрабіў усім знак, каб сядзелі як сядзелі, нікога не баяліся, прачыніў дзверы роўна настолькі, каб пралезці, і праціснуўся на калідор. Там стаяў Панас Маркавіч.

— Антон?! Почему вы не отдали голос? Вы же — секретарь комиссии!

Апусціўшы галаву, каб не глядзець былому завучу ў вочы, Васкевіч, аднак, прамовіў цвёрда:

— Панас Маркавіч, я галасаваць не буду.

— Почему? Хочешь, голосуй против Союза. Ведь я же знаю, что ты — против.