Выбрать главу

— Зразумейце, Панас Маркавіч, — я ні за, ні супраць. Я супраць галасавання ўвогуле, як працэсу... Гэта ж таксама маё права, згадзіцеся, — не галасаваць зусім.

— Нет... подожди!

Але Васкевіч павярнуўся, каб прашмыгнуць назад у бібліятэку; тады і Панас Маркавіч прытрымаў дзверы, не даў ім зачыніцца, і ўвайшоў следам. Увайшоў, убачыў вясёлую кампанію, нейкі час моўчкі і пільна аглядаў усё і ўсіх, быццам збіраючыся лепш запомніць, тады сказаў:

— Эва! — і выйшаў, ляснуўшы дзвярыма.

«Я падаю! Лячу ўніз, — думаў Васкевіч, ізноў падсядаючы да сваіх новых сяброў. Ён піў, стараўся жартаваць, смяяцца, а на душы шкрэбла: — Не галасаваў, уцёк, каб не хадзіць з урнаю па хатах, устроіў п’янку... Усё гэта дарам не мінецца!»

І яму ўспомніўся той вечар з Наташаю, у гэтай вось бібліятэцы, калі было так добра і спакойна... Нашто ён самахоць усё разбурыў?.. Каму трэба яго прынцыповасць, хто гэта зразумее?..

Але Ручка сядзеў такі ціхі, прыструнены, глядзеў на Васкевіча, як сабачка на гаспадара, дзяўчаткі былі такія вясёлыя, сімпатычныя, Пеця — ветлівы, уважны, ільсцівы — наліваў Васкевічу першаму, падсоўваў лепшую закуску, замаўкаў сам і цыкаў на ўсіх, калі Васкевіч збіраўся штосьці сказаць, штурхаў пад бок Ірэну, ківаючы на Васкевіча: «Ну, бачыш, якія ў нас хлопцы? У вас у Гомелі гаворыць хоць хто па-беларуску?»

Васкевіч піў, і мала-памалу гарэлка знішчала яго трывогу. Але тут зноў пастукалі ў дзверы. Васкевіч, злы, думаючы, што гэта зноў Панас Маркавіч, адчыніў іх і ўбачыў маладзенькага сяржанта міліцыі. Адразу стала ясна — Панас Маркавіч паспеў ужо данесці і вось яго, Васкевіча, прыйшлі арыштоўваць.

Сяржант, не заходзячы, павітаўся і неяк нясмела, нават сарамліва папрасіў:

— Ребята, извините, помогите, толкнуть машину... Застряли посреди деревни!

«Ведаю вашыя машыны! — думаў Васкевіч, калі яны ўтрох, следам за сяржантам, пацягліся на вуліцу. — Зараз наручнікі надзенуць, а Ручка з Пецем — панятыя...» Але яму, п’янаму, зусім не было страшна.

Сапраўды, недалёка ад школы пасярод вуліцы буксавалі белыя «Жыгулі». Па два прыстроіліся з бакоў, каб не абкідала гразёю з-пад задніх колаў, узяліся, крэкнулі, лёгка выпхнулі. Машына пад’ехала да школы, шафёр, таксама ў форме, адкінуў капот і палез корпацца ў маторы. Сяржант раптам папрасіўся зайсці пасядзець у бібліятэцы, пакуль падладзяць машыну.

— С самого утра по участкам мотаемся, — паскардзіўся ён.

Але Васкевіч добра ведаў, што міліцыя знарок падасланая, і сяржанцік прэцца ў бібліятэку, каб «узяць» яго, Васкевіча, на месцы злачынства... «Ну, хадзем, бяры!..»

«Галасоўшчыкі» даўно ўжо разышліся, у «клубе» было ціха. У бібліятэцы сяржант прысеў за столік, зняў і адзеў на калена фуражку. Ён выглядаў яшчэ маладзей за Пецю — у Пеці хоць вусікі былі, а гэтэ, відаць, ні разу не галіўся. Васкевічу чамусьці стала нават трошкі крыўдна — не маглі ўжо прыслаць кагосьці больш саліднага...

Люда з Ірэнаю глядзелі на міліцыянера, перашэптваліся і хіхікалі. Васкевіч адчуў рэўнасць і яшчэ больш спахмурнеў. Пеця наліў усім, і сяржанту. Той падзякаваў, узяў у пальцы чарачку. Васкевічу нясцерпна захацелася пазаядацца з ім.

— А я не галасаваў! — аб’явіў ён сяржанту. — І гавару па-беларуску!

Сяржанцік са здзіўленнем на яго зірнуў, паціснуў плячыма, нічога не сказаў. Выпілі.

П’яная логіка падказала Васкевічу, што раз ён — «нацыяналіст», выгнаны за гэта з інстытута, высланы за гэта з Мінска, дык ён і павінен трымаць сваю марку.

— За каго ты галасаваў? — пачаў чапляцца ён да сяржанта.

— За Саюз, — адказаў тои, нагінаючыся над нізкім столікам і выбіраючы косткі з рыбы.

— Ну і што? — не даваў яму закусіць Васкевіч. — Што табе з гэтага саюза? Мы ж семдзесят гадоў былі ў саюзе, і што? Табе не хочацца, каб мы сталі незалежнымі, як французы? Каб Еўропа, Амерыка, Расея пазнавалі нас па мове, сцягу, нацыянальным характары, як французаў пазнаюць?

— Сам тогда почему не голосовал? — спытала Ірэна.

— Сядзь бліжэй, скажу.

Дзяўчына паслухалася, памянялася з Пецем месцамі, Васкевіч абняў яе — незнаёмую, п’янаватую, падатлівую...

— Вось ты — Ірэна, а ў вольнаи незалежнай Беларусі ты была б Ірэн, як францужанка! І ездзіла б на сваёй «Вольве»... Пагэтаму я і не галасаваў.

Міліцыянер маўчаў, слухаў з цікавасцю.

— Ты беларус? — зноў насеў на яго Васкевіч.

— Беларус.

— І табе не хочацца, каб у нас была свая Францыя?! Сяржант раптам пачырванеў і сказаў па-беларуску:

— Хочацца. Знаеце, можа, і праўда ваша... У арміі прыбалты ўмесце, грузіны ўмесце, адны беларусы нейкія нядружныя...