Выбрать главу

Ён сам са здзіўленнем адзначаў гэтую перамену сябе, усё часцей думаў: «А можа, і добра, што мяне вытурылі? Пакаралі, як таго шчупака, адпусціўшы ў ваду...»

Антон не ведаў, якія плёткі ўжо ходзяць пра яго па ўсіх вёсках. Калі б і пачуў штосьці, не паверыў бы — наадварот, яму здавалася, што цяпер яго можна толькі любіць, хваліць, бо ён урэшце ўпісаўся ў той побыт, з якога выйшаў, змог стаць такім, як і ўсе вакол, звычайным вясковым хлопцам, які за пляшку паможа кожнаму, хто папросіць, папілаваць дровы, вывезці і раскідаць на соткі гной, падладзіць стары плот, заўсёды разам з Ручкам паможа вынесці са склада і пагрузіць на машыну скрынкі з тараю, разгрузіць муку, камбікорм, латкі з хлебам (за што прадаўшчыца пачала даваць яму напавер выпіўку).

Бывала, па цэлых тыднях акрамя Ручкі, Наташы ды прадаўшчыцы, якая прасіла памагчы, у бібліятэку не заглядала ніводная душа.

Васкевіч перастаў супраціўляцца жыццю, бязвольна паплыў па ім, але, як часта бывае, варта было яму пусціць усё на самацёк, як менавіта тады яму пачало шэнціць. Набыў сяброў, сышлі з рук фокусы на рэферэндуме, пакахаўся з Наташаю; мала таго — прыязджалі ў бібліятэку з горада з праверкаю і пахвалілі яго.

«Пазікам», што развозіў новыя кнігі, прыехала сама дырэктарка Валянціна Мікалаеўна. Быў дзень, Васкевіч быў яшчэ цвярозы і смірненька чытаў сабе за «кафедрай». Валянціна Мікалаеўна, здзівіўшыся, сказала, што яны зараз аб’ехалі некалькі філіялаў і ён, Васкевіч, адзіны загадчык, які аказаўся на месцы. Яна закурыла, прайшлася па бібліятэцы, агледзела стэлажы, кніжную выстаўку «Жыве Беларусь», пагартала журнал, фармуляры, пахваліла, што чыста, падышла адчыніла скрынку алфавітнага каталога:

— С ума сойти! — толькі і сказала. — Ты что, весь каталог расставил?

Васкевіч прызнаўся, што алфавітны сяк-так расставіў, а ў сістэматычным заблытаўся.

— Да здесь сколько эта библиотека существует, никто никогда каталогами не занимался! Вот, я всегда говорила, что мужчина-библиотекарь лучше за баб, — заключыла Валянціна Мікалаеўна.

Гомельская вобласць, калі хто ўспомніць газеты тых дзён, прагаласавала «за Саюз» дзевяностамі працэнтамі насельніцтва; «наиболее дружно, — адзначала «Советская Белоруссия», — голосовали именно в тех районах, которые больше пострадали от Чернобыля». Васкевічаў раён якраз і быў з такіх. Візіт дырэктаркі, а таксама добрыя паказчыкі на выбарах, відаць, і паслужылі таму, што калі Васкевіч прыехаў у горад па палучку, яму ад аддзела культуры ўручылі вымпел — за харошую работу на сяле. Які ні быў гэты вымпел незаслужаны, Васкевіч з гонарам павесіў яго на віднае месца. Прыязджаў сваім «Масквічом» Лобан з сельсавета і таксама пахваліў Васкевіча, сказаў бабцы, што стаяла ў дзвярах, прыціскаючы па сваёй звычцы худыя рукі да грудзей:

— Бачыце, колькі парабіў, а ўжо во — сцяжок заслужыў.

— Такіх заведушчых пашукаць! — ільсціла бабка (яна апошнім часам, калі пачалі садзіць бульбу, зусім не заяўлялася ў бібліятэку, Васкевіч сам падмятаў або Наташа).

Другая пасля вымпела падзея за гэты месяц была тая, што Васкевічу ўдалося выратаваць свайго новага сябрука, Ручку. Пайшоў неяк у сельсавет — раз у квартал сельсавет выпісваў для бібліятэкі невялікія грошы на канцылярскія расходы — і ў калідоры, перад дзвярыма прыёмнай убачыў цвярозага няшчаснага Ручку, у сваёй кухвайцы, у спартыўнай шапачцы...

— Што ты тут робіш?

— У алтэпэ адпраўляюць! — ён учапіўся ў Васкевіча, як клешч. — Памажы, хадзем са мною, я гаварыць не ўмею...

Хадзем дык хадзем. Неўзабаве з дзвярэй выглянуў сакратар Лізун і кіўнуў Ручку пальцам — заходзь. У кабінеце старшыні сядзелі сам Лобан, яшчэ пару незнаёмых Васкевічу чалавек; малады ўчастковы, рослы, строгі сваёй формай і незнятай фуражкаю, стаяў збоку стала з паперкаю ў руцэ.

— Ну што, лячыцца пайдзёш! — аб’явіў ён, калі Ручка з Васкевічам спыніліся ў парозе. Ручка сцягнуў шапачку і пачаў камечыць яе ў далонях.

Васкевіч кашлянуў і ветліва папрасіў слова.

— Адваката прывёў! — засмяяўся Лобан. Васкевіч раней і не думаў, як гэта, аказваецца, лёгка і прыемна — абараняць словамі не сябе, а чужога чалавека. Інтуіцыя падказала яму, што гаварыць трэба напышліва, штосьці банальнае, усім тут даўно вядомае, — ён так і рабіў: казаў пра няшчасную матку на кіёчках, якой ніхто не прынясе цяпер вады, буханку хлеба з магазіна, пра тое, што ніякае ЛПП не паможа, калі чалавек сам сабе не дасць рады...

— І яшчэ, — захапіўшыся, казаў Васкевіч, — смех смехам, а гэты вось так званы п’яніца ўсіх нас корміць! Пра гэта падумайце. Цэлую зіму вазіў на поле гной, цяпер будзе араць, потым жаць, капаць...