Ён незаўважна адмахаў чатыры кіламетры і, падыходзячы ўжо да хаты, вырашыў цвёрда — нікуды не ісці, лягаць спаць.
Дома, пакуль еў, маці сядзела ля печы на падлозе і перабірала цыбулю на разасланай хустцы. Яна чамусьці маўчала, толькі штораз зіркаючы на сына спадылба. Паеўшы, Васкевіч падняўся ісці на двор курыць, і тут маці аж крыкнула:
— Куды зноў?! Ану, сядзь!
Васкевіч застыў ад нечаканасці, але паслухаўся, паклаў на падаконнік цыгарэты, прысеў.
— Нашто, от ты мне скажы, ты курыш? Нашто ты стаў піць так бязбожна?!
Шоргала ў пальцах цыбуля, разляталася па ўсёй хустцы шалупінне. Васкевіч маўчаў.
— Нашто ты зводзіш тую дзевачку? — пытала маці тым жа голасам, але ясна было — не сынава курыва і выпіўкі для яе галоўнае, а вось гэтыя словы галоўныя. — Ты здурэў, ці што?
Ізноў не дачакаўшыся адказу, ужо крыху мякчэй, ушчуваючы, маці загаварыла:
— Усе ж людзі знаюць... Гэта ж дзярэўня, як у той песні — «ад людзей на дзярэўні не спратацца»... Нашто яна табе? Ты знаеш, з якой яна сям’і? Яны ж п’юць усе ўпокат! І бацька той, і матка, і сын, і тая большая дзеўка —там жа не хата, а карчма, як Юлен кажа. Шынок! Ты знаеш, што яе сястра ў яе годы радзіла двойню? І так і жыве без чалавека. Куды ты лезеш?
— Куды я лезу? — раздражнёна перабіў Антон, для якога, сапраўды, чуць усё гэта было ў навіну; ён ніколі раней проста не хацеў цікавіцца гэтым.
— А нашто ты яе зводзіш? Ты хіба жаніцца з ёю будзеш?
— Яшчэ невядома, хто каго зводзіць... А па-другое, што за «жаніцца»? Адкуль узялося «жаніцца»?
— Тады нашто ты яе зводзіш? — не ўнімалася маці. — Яна ж да цябе бегае, не знаю, што вы там робіце...
— Ты не знаеш, затое я знаю! Мы нічога з ёю не робім!
Маці ўзрадвана ўглядзелася ў яго.
— Праўда? — спытала зусім мяккім, ласкавым голасам. — Не маніш, сынок? Не рабі, не рабі нічога... Лепш гарэлкі чарку выпі, калі так хочацца, а ў такое дзела не лезь...
Злы невядома на каго, Васкевіч выскачыў на двор, пакурыў. Вырашыў прайсціся вуліцай да шашы, каб супакоіцца; пайшоў, праходзячы паўз Пульсавую хату, глянуў — цёмна. На шашы, ад якой пахла мазутам і бензінам, пафутболіў каменьчыкі — і неяк міжволі, бы чорт круціў усярэдзіне, хутка пашыбаваў на Двароўку. Без усялякіх планаў — проста хады патрабавалі маладыя ногі, а думкі хацелі той размеранасці, якую дае хада.
Яшчэ здалёк убачыў святло ў «клубе», успомніў — сёння ж пятніца, «маладзёж» гуляе! Зайшоў у «клуб», мацаючы па кішэнях, ці з сабою ключы, і застаў знаёмую вясёлую кампанію, з Ірэнай уключна. Зноў іграў магнітафон, хлопцы гулялі ў «храпа», дзяўчаты сядзелі асобна, нязменны слоік самагонкі на падлозе каля карцёжнікаў... Сустрэлі Васкевіча радаснымі воклічамі, Люда нават падбегла і чмокнула яго ў шчаку. Пеця адразу ж паднёс яму чарку. Васкевіч выпіў, паглядзеў, як гуляюць, і яшчэ выпіў, і яшчэ... Паспрабаваў абняць Люду, але тая, на яго здзіўленне, рэзка скінула яго руку са сваіх плячэй:
— У цябе што, няма каго абдымаць? Вунь, лес перайдзі.
— Хай воўк лесам ходзіць, — смеючыся, ляпнуў абы-што Васкевіч. Яму стала сорамна, і ад гэтага чамусьці захацелася паказваць сябе больш п’яным, чым ён быў.
Ён, знарок хістаючыся, падышоў да Ірэны, якая, у кароткай джынсавай спадніцы, у вязаным доўгім світары, паклаўшы нага на нагу, сядзела ў кутку і курыла.
— Ірэн, хочаш, вып’ем? — сказаў Васкевіч, мосцячыся побач.
— Давай.
Ён кінуўся, прынёс, выпілі з адной шклянкі.
— Ірэн, помніш рэферэндум? Як мы міліцыянера напаілі?
— Его или тебя?
— Ну-у, Ірэн... Мяне цяжка напаіць!
— Тоже мне, герой... Дурак, я же боялась тогда за тебя. Ты хоть помнишь, что ты тогда...
— Давай «зліняем» адсюль, — ціха сказаў ён, азіраючыся. — Пасядзім у бібліятэцы, пакурым... У мяне ключы ёсць.
— А сигареты?
Ён паляпаў па кішэні. Яны зайшлі ў цёмную бібліятэку, і Васкевіч, забыўшы на ключы ў замку, забыўшы на ўсё, проста тут, каля ганку прыпаў вуснамі да яе вуснаў, якія пахлі сзмагонкаю. Дзяўчына прыціснулася да яго ўсім целам, нагамі, і ён зразумеў, адчуў, што гэта — не школьніца Наташа.
— Закрой дверь, — загадала Ірэна, адрываючыся ад яго.
«Мудра! Вось так і трэба... Проста загадвай мне, а я буду выконваць...»
Замкнуў, у цемры намацаў яе руку, падвёў да крэсла...
— Спокойнее, вот это я сделаю сама, — п’яным гарачым шэптам азвалася яна і засмяялася.
ХVІІІ
Антон даўно ўжо сілаю прымушаў сябе выкінуць з галавы ўсялякія думкі пра Мінск, і гэта амаль удавалася яму. Толькі зрэдзьчас, калі глядзеў Беларускую праграму па тэлевізары, ці слухаў радыё, ці забіраў бібліятэчную пошту, раптам ні з таго ні з сяго ўспамінаўся твар кагосьці з ранейшых сяброў, і тады ў душы падымалася крыўда і злосць.