Ай, зрэшты, усё лухта, думалася Данілу, таксама «падзея»: хлопец дамоў захацеў адскочыць... Адзін ён хіба? Скрозь такое. З трох дазораў, якія яны ад ранку паспелі праверыць, ніводнага поўнага... Хто бліжэй жыве, усе паразбрыдаліся пад нагоду - той да жонкі, той да маткі, той да свахі, па тытунь, каўбаску, самагонку... Партызаншчынка! І нібыта камандзіры не ведаюць - яшчэ і як ведаюць. Церпяць і мірацца, як церпіць і мірыцца Чайка. Вось жа ні заўвагі, ні слова нікому на тых трох дазорах...
Але, аказваецца, збіралася ў душы, капілася, пакуль не сарваў... Пакуль не гэты дурны выпадак. Хвілін дзесяць назад, калі яны, перасекшы стары семежаўскі шлях і спускаючыся да Морачы, сутыкнуліся са сваёй жа начной разведкаю. Тры коннікі са смехам і гоманам, ані дбаючы, ехалі сярэдзінай шляху, вялі з сабою перабежчыкаў - трох чырвонаармейцаў з вінтоўкамі, і палоннага - нейкі са звязанымі ззаду рукамі, высокі, бы жардзіна, камандзір, па сваёй бальшавіцкай модзе - у скуранцы, над расквашанымі чаравікамі - абмоткі, таму ногі здаваліся цыбатымі і тонкімі, на галаве - нейкая дзіўная шапка-шлем з піпкаю зверху... Старшы разведкі, Мірончык, убачыўшы кампалка з ардынарцам, пасуровеў, звярнуў са шляху, пад'ехаў. «Стаяць!» - крыкнуў, перш чым дакладваць, - не на Чайку, на каня, які танцаваў пад ім. Скалячы зубы, нагайкай паказваючы на перабежчыкаў, на палоннага, пачаў дакладваць. Даніла хоць і стаяў да Мірончыка не так блізка, як Чайка, а і то ўнюхаў сівушны пах, да таго ж і гаварыў Мірончык гучна, узбуджана і блытана, як цвярозыя не гавораць. Астатнія, відаць было, таксама часу не гублялі: світкі наросхліст, шапкі на патыліцах, раты ва ўсмешках, у вачах - астаткі загулу... Дасталося, відаць, нейкаму хутару гэтай ноччу - «гуляй, хата, хадзі, печ!»...
Чайка хмурыўся, кратаў парэзаную і газецінай заклееную, як заўсёды, бараду, на Мірончыка стараўся не глядзець, а пераводзіў вочы то на чырвонаармейцаў, то на камандзіра іхняга. Той спакойна стаяў сабе, адно вока заплыло сіняком, другое, цэлае, зіркала з-пад брылька свайго шлема дзікаватанасцярожана, нават, як падалося Чайку, насмешліва.
- Колькі было гаворана, - пачаў Чайка ціха, усё не гледзячы на Мірончыка, і Даніла зразумеў, што камандзір стрымлівае сябе, каб не сарвацца на крык. - Колькі сказана было, што разведка не павінна звязвацца ні з якімі палоннымі, ні з якімі перабежчыкамі, што разведка павінна раз назаўсёды запомніць - балахоўшчына з зялёнадубшчынай мінуліся... Калі вы ўсё гэта запомніце? - цадзіў праз зубы ледзь чутна, без аніякай інтанацыі.
Перш атарапелы Мірончык - сама мала чакаў падзякі ці пахвальбы - хутка, аднак, апамятаўся. Падбіў на патыліцу кубанку з бел-чырвона-белай нашыўкаю наўскось. У тон Чайку таксама праз зубы выціснуў:
- Ужо запомнілі, таварішчь камандзірь! - перадражніў, і даволі ўдала перадражніў; Чайка, які ўсё амаль жыццё правёў у Расеі, сапраўды размаўляў па-беларуску з натугаю, з тымі нязграбнымі, непрыгожымі памылкамі, як і ва ўсіх, хто вучыцца не жывой, а штучнай, кніжнай мове; вымаўлялася ў яго і «начяльнік», і «камандзірь», і «ў Слуцке», і «ў Менске».
- А каб яшчэ лепш запомнілі, - ціха працягваў Чайка, ледзь прыкметна змяніўшыся з твару, - для яшчэ лепшага запамінання я вас арыштоўваю!
- Арыштоўвай, - пасміхнуўся Мірончык.
- Це! - хутка сказаў Чайка. - Арыштоўвай-це!
- Паслухай, парень, тут табе не твая Расея і не царская армія, тут не выкаюць і не чёкаюць...
- Маўчаць!!! - гаркнуў Чайка, і Мірончык адхіснуўся, аж конь пад ім прысеў.
- У Семежаве зараз жа далажыць любому камандзіру, што арыштаваны, здаць зброю і адпраўляцца пад арышт! Усё ясна?!
І ў Мірончыка твар таксама змяніўся, пайшоў плямамі, заторгалася ў ціку шчака, звузіліся вочы... Рука з бізуном узляцела раптам уверх...
- Э, э! канчай мне тут! - усклікнуў Даніла, пад'язджаючы.
Невядома, які быў бы ўсяму гэтаму канец, калі б Чайка хоць рухам адрэагаваў, каб хоць чым выдаў спалох. Але ён не зварухнуўся, і Мірончык, выдыхнуўшы, адвёўшы вочы, зрабіў выгляд, што ўскінуў руку, усяго толькі каб казырнуць.
- Так точьна, ясна! - і стаяў так, з прыкладзенай да скроні рукою, пакуль Чайка з ардынарцам не ад'ехалі; тады ўслед ім пачулася нягучнае:
- Камуняка блядская!..
- Што-што?! - Даніла схапіўся за шаблю, крутнуў каня, не спускаючы вачэй з Чайкі: дайце адно знак!.. Але кампалка як і не пачуў, не азірнуўся нават (і дарма, бо заўважыў бы, якое ажыўленне пры словах Мірончыка прабегла па твары чырвонага камандзіра).