Новым, «апрошчаным», жыццём удалося пажыць яму роўна суткі. Карусель, замест таго каб спыніцца, набрала новыя абароты. У абед прысунулася чутка, што чырвоныя зноў гоняць палякаў, а ўжо ўвечары пачуўся конскі тупат, у дзверы і ў шыбіны забарабанілі: як ніводнай іншай уладзе, савецкай заўсёды ўласціва была гэтая невытлумачальная, проста сатанінская нейкая аператыўнасць. Збіраючыся, Чайка чакаў самага горшага. Яму ж ветліва, але без варыянтаў прапанавалі пасаду ваеннага кіраўніка пры Слуцкім ваенным камісарыяце (вось яшчэ калі бальшавікі зразумелі значэнне кадраў, вось адтуль вырасталі ногі крывава-крылатай догмы...).
Кампанія іх у ваенкамаце падабралася яшчэ тая. Эсэр Кастусь Кецка тлумачыў, азіраючыся і прыстаўляючы да вуснаў палец, чаму ён тут апынуўся: «Увайду ў давер і тады больш змагу зрабіць для Беларусі; спатрэбіцца - зараз жа запішуся ў бальшавікі, у ЧОН, у «чразвычайку», на любым месцы можна быць карысным...» Дваранін Сокал-Кутылоўскі займаў пасаду павятовага інструктара ваеннага навучання. Пазней, згадваючы тыя два ваенкаматаўскія месяцы, Чайка ў толк не мог узяць - што за карысць была бальшавікам ад іхняй «мабілізацыі»? Проста сабраць іх да кучы? Каб заўсёды быў на віду іхні нацыяналістычны рассаднік і каб лягчэй было яго кантраляваць? Пэўна ж, быў сярод іх і даносчык - пачуваўся як рыба ў вадзе ў той іхняй атмасферы канспіратыўнасці, падазронасці адзін да аднаго, перашэптванняў-пераміргванняў, недагаворак... Да справы, праўда, не даходзіла. Змоўшчыкі больш-менш спраўна цягнулі лямку ваенкаматаўскай службы: вербавалі прызыўнікоў, прысутнічалі на медыцынскіх аглядах, паказвалі, як хутчэй сабраць і разабраць вінтоўку, навучалі муштры, раз на тыдзень атрымлівалі ўбогую пайку... І хто ведае, - калі б неўзабаве не прыйшла ў рух, не крутанулася ў другі бок карусель, магчыма, так бы і звекавалі ў ваенкаматаўскіх кабінетах, у душы застаючыся канспіратарамі і непрымірымымі ворагамі Саветаў...
Дзіўная была тая, на гульню ў пінг-понг падобная, савецка-польская вайна 1919-1920 гадоў. Мячык улева - мячык управа, толькі паспявай круціць галавою. Увесну дваццатага ізноў вырашылі выступіць у паход палякі, ізноў мячыкам адляцелі чырвоныя, не забыўшы, аднак, прыхапіць з таго ж ваенкамата ўсе да адной паперкі; тая ж сатанінская абачлівасць, аператыўнасць! Калі з'явіліся раніцаю на службу з партфелямі пад пахамі Чайка, Кецка, Сокал-Кутылоўскі, дзверы ваенкамата былі насцеж. У пустых кабінетах яшчэ трымаўся кіслы махорачны пах; крокі на калідоры адбіваліся гулкім рэхам.
І так (нявесела пажартаваў Чайка), праступае ва ўсім гэтым хаосе нават пэўная цыклічнасць. Прыход палякаў - на хутар да дзядзькі, прыход чырвоных - назад у ваенкамат... А на хутары сустрэлі халаднавата. Не кінулася на шыю і не назвала татам сінявокая малеча, уздыхнула цётка, адвёў вочы дзядзька... Голад, лішні рот! Але і Чайка быў ужо іншым - ведаў, што доўга яму тут не гасцяваць, не забудзе пра яго тая сіла, што ганяе яго па свеце; раз ужо ўзялася апекавацца над ім, дык гэта ўсур'ёз і надоўга. І не перамагчы, не пераламаць яе - і ніякая ўдава не паможа... Так і атрымалася. Вельмі скора тэнісіст узмахнуў ракеткаю - адляцелі палякі, прыкаціліся чырвоныя, і паперадзе іх дзве чуткі, добрая і кепская, на выбар: добрая, што ўсім такім, як Чайка, дарована будзе амністыя, і кепская - ніякай літасці дэзерцірам.
Вось так ён апынуўся ў фурманцы Сокал-Кутылоўскага. І два былыя савецкія супрацоўнікі прыкацілі ў нічыйны пакуль Слуцак. Да іх прыезду рыхтаваліся. Чалавек пяцьсот добраахвотнікаў ужо былі пастроены на пляцы.
Што гэта за авантура, Чайку стала ясна адразу ж, як толькі ён вокам акінуў гэтае амаль бяззбройнае, абы-як адзетае войска, калі ўлавіў у вачах добраахвотнікаў такі знаёмы - задужа знаёмы! - фанатычна-бяздумны бляск, а на тварах убачыў рашучасць ісці на ўсё і да канца. Спачатку яму зрабілася смешна. Ён азірнуўся на Сокал-Кутылоўскага: ці не разыгрываюць яго? Можа, усё гэта проста спектакль? Нічога падобнага. Беларускі дваранін, крадком змахнуўшы слязіну, быў сур'ёзны, урачысты, у вачах яго свяціўся той самы фанатызм - і гонар. Яму і ў галаву не прыходзіла, што ў беларуса могуць не пабегчы па спіне дрыжыкі захаплення відовішчам - упершыню дэманстрацыя сваёй, беларускай, свядомай арміі!