- Нікому нічога вы не станеце пераказваць, ні чырвоным, ні гэтак званым сваім, - ціха, задушэўна, паводле правілаў сцэны працягваў шпіён. - І што да ворагаў, дык вас - вас я ніякім ворагам не лічу. Мы аднолькавыя! Мы давалі адну й тую ж прысягу, аднаму й таму ж цару і адной і той жа зямлі...
- Так, ну і дзе той цар? Дзе тая зямля?
- ...Зямлі, - не даў сябе перабіць Лебедзеў. - Дапусцім, Мікалая кокнулі, згодзен, туды яму і дарога... Але Русь нікуды не дзелася, Павел Пятровіч! Вось яна, у нас пад нагамі!
Лебедзеў увачавідкі ўзбуджаўся, іншыя - натхнёныя - ноткі зазвінелі ў роўным дасюль голасе, заблішчэла зацятым бляскам непадбітае вока.
- Цара новага знойдзем, калі будзе патрэба! Затое Расея ўратавана! Расея жыве і будзе жыць, а як яна ўжо там будзе называцца: савецкай, чырвонай, зялёнай ці любога іншага колеру - справа дзесятая («не суть важно»); будзе царом хтосьці з Раманавых, ці Ленін, ці Троцкі - без розніцы!
- Бедныя чырвоныя, - пасміхнуўся Чайка, - калі ў іх такія камандзіры...
- Ну, за чырвоных вы, дапусцім, не перажывайце. Рускі бунт заўсёды страшны і бязлітасны, а цяпер яшчэ й памножаны на зручную, даступную ідэалогію класавай нянавісці, ды замест дубін і рагацінаў - пушкі, браненосцы, кулямёты і вінтоўкі... Ды такі бунт змяце ўсё, любую сілу!
- У вас у самога, пры ўсёй казуістыцы, даволі зручная ідэалогія, - заўважыў Чайка. - Будзь з тымі, хто мацнейшы, думай пра вялікую Расею, і ўсё ў парадку («дело в шляпе»)...
- Маеце на ўвазе, чаму я не з белымі? Сляпым трэба быць, каб не прадбачыць, чым яны скончаць, дужа шмат яны крыві выпілі, каб так проста сышло ім гэта з рук... І потым - заўважце, Павел Пятровіч, такую цікавую дэтальку! Што ў параўнанні з белымі мяняецца пры ўладзе бальшавікоў? Тыя самыя віселіцы, тыя ж рабункі і зверствы... але! «Чэка» наводзіць парадкі ўнутраныя, наводзіць так, што контрразведцы белых і не снілася! А знешняя палітыка? Бальшавікі так ці інакш скончылі дурную германскую вайну, спынілі немцаў Берасцейскай дамоваю - часовай, заўважце, дамоваю! - перамаглі ў вайне Грамадзянскай, спынілі палякаў дамовай Рыжскай - зноў-такі дамовай якой? - часовай... І няма сумнення, - перайшоў на пафасна-трагічны шэпат Лебедзеў, - граніца Расеі ў хуткім часе будзе за Варшаваю, калі не за Берлінам! Украіна ўжо нашая, нашыя Каўказ і Сярэдняя Азія, спаконвечныя («исконные»!) расейскія землі Прыбалтыкі і Фінляндыі таксама будуць нашымі, як і Польшча; хай гэта будзе называцца «сусветнай рэвалюцыяй», хай іншым словам - на справе гэта будзе Расеяю і нічым больш! Мы прасунемся на паў-Эўропы, ды што там - ад Ціхага акіяна да Ла-Манша, вось сэнс рэвалюцыі, і дзеля гэтага я гатовы прыняць увесь іхні бальшавіцкі маразм, мімікрыраваць, распяваць іхнія гімны, прыняць атэізм, змірыцца з масонскімі зоркамі над святым Крамлём!..
- Ну і ну, - вяла сказаў Чайка, які падчас гэтага маналога ні разу не зірнуў на Лебедзева, сядзеў, унураны ў сябе. - Масква як трэці Рым? Ну што ж, калі б я быў расейцам, дык, магчыма, прызнаў бы нейкую вашую праўду... Магчыма, і рабіў бы тое, што й вы... Але я беларус. І ў майго народа свая тэорыя - у адрозненне ад вас нам не патрэбны ні Масква, ні Берлін, ні Вар... - абарваў ён сябе, так самому зрабілася брыдка ад гэтых дубовых, чужых слоў, якія немавед чаго вымушаны былі прамаўляць яго вусны.
Канечне ж, Лебедзеў усё зразумеў і мігам скарыстаўся.
- Калі б вы, - падхапіў ён, усё ходзячы і ходзячы з закладзенымі назад рукамі, - сапраўды не хацелі нічога, вы не хацелі б і нікога. Вы выступалі б за незалежнасць ад усіх. Але ж нас, расейцаў - няхай чырвоных, няхай бальшавікоў, - вы ненавідзіце, на дух не пераносіце, а пад крылца Польшчы лезеце пішчом... Дык так і скажыце, шчыра: мы хочам незалежнасці ад адной Расеі, а там хай нас глытае хто хоча, там хоць трава не расці! Вось толькі палякі няньчацца з вамі да пары да часу... Гэтаксама, як мы няньчыліся з Махном, мірыліся з яго «жовто-блакітностю», ён нам, дарэчы, добра памог: Перакоп без яго тачанак нам бы ніколі не ўзяць; але як толькі адпала ў ім патрэба - дзе цяпер Махно? Тое ж зробяць з вамі і палякі, і вы выдатна гэта ведаеце...
- Ведаем, - прамовіў, гледзячы ў стол перад сабою, Чайка, і Лебедзеў не паверыў сваім вушам. Ад такой удачы страшэнна хацелася курыць.
- Адно кепска - не мы выбіраем, а нас. Мы проста змушаны хіліцца да тых, хто прызнае нас як самастойны рух, прызнае, урэшце, нашае права на існаванне, як робіць пакуль што Польшча... Па-другое, наконт нібыта нянавісці да расейцаў... ёсць Расея, і ёсць Расея. Калі тры гады назад ваш Ленін трапаўся пра «дзве вайны - справядлівую і несправядлівую», пра «два нацыяналізмы ў кожным народзе - негатыўны і пазітыўны», калі ён прызнаў права за кожным народам, і за намі, беларусамі, на самавызначэнне, і даказаў гэта на прыкладзе Фінляндыі, тады і мы гатовы былі прызнаць і вашую Расею, і вашага Леніна, і вашую ўладу. Але ж вы адной рукой пішаце дэкрэт аб міры, а другой - аб'яўляеце афіцыйны тэрор, залілі крывёю да краёў гэтую самую любімую вамі «матухну»-Расею; адной рукой пішаце дэкрэт аб зямлі, другой - выграбаеце да апошняга ўсё, што на гэтай зямлі вырасла!.. Адной рукой падпісваеце права народаў на самавызначэнне, другой - пастанову аб разгоне Ўсебеларускага з'езда... вось як вас за гэта любіць, прызнаваць, як вас за гэта не ненавідзець? - І зусім нечакана закончыў: - Каб вы хоць трошкі менш крыві пускалі, каб неяк інакш рабілі ўсё гэта...