Выбрать главу

- Але паколькi ваша боязь не апраўдалася, вы маглi б цяпер, здаецца мне, наслаць столь.

- Цяпер так. У нас цяпер многа грошай. Усё гэта цудоўна, мiс Фэлоўз. Усмешка не сыходзiла з яго шырокага твару, i калi ён павярнуўся, каб пайсцi, здавалася, што нават спiна яго ўсмiхаецца.

"Ён даволi прыемны чалавек, як забудзецца i скiне маску адлучанага ад усяго зямнога вучонага", - падумала мiс Фэлоўз.

Ёй раптам захацелася даведацца, цi жанаты ён, але, спахапiўшыся, яна адагнала ад сябе гэтую думку.

- Цiмi, - паклiкала яна, - iдзi сюды, Цiмi!

* * *

За прайшоўшыя з таго дня месяцы мiс Фэлоўз усё больш i больш пачынала адчуваць сябе неад'емнай часткай аб'яднанай кампанii "Стасiс". Ёй быў дадзены асобны невялiчкi кабiнет, на дзвярах якога красавалася таблiчка з яе iмем. Кабiнет быў даволi блiзка ад лялечнага домiка (так яна называла камеру Стасiса, у якой жыў Цiмi). Плацiлi ёй цяпер намнога больш, чым спачатку, а ў лялечным домiку наслалi, нарэшце, столь i палепшылi ўнутранае абсталяванне: быў зроблены другi туалетны пакой, i, мала таго, яна атрымала ўласную кватэру на тэрыторыi Стасiса, i часам ёй удавалася нават там начаваць. Памiж лялечным домiкам i гэтай яе новай кватэраю правялi ўнутраны тэлефон, i Цiмi навучыўся iм карыстацца.

Мiс Фэлоўз прывыкла да Цiмi настолькi, што нават менш стала заўважаць яго пачварнасць. Аднойчы на вулiцы яна злавiла сябе на тым, што нейкi хлопчык, што трапiўся ёй на дарозе, здаўся ёй надзвычай непрывабным - у яго быў высокi выпуклы лоб i з рэзкiмi абрысамi падбародак. Ёй давялося зрабiць над сабой намаганне, каб пазбыцца гэтага наслання.

Куды больш прыемна было прывыкаць да выпадковых наведванняў Хоскiнса. Было зусiм вiдавочна, што ён з задавальненнем расставаўся на нейкi час са сваёй роллю кiраўнiка акцыянернай кампанii "Стасiс", якая яго стамляла, i што дзiця, з паяўленнем якога быў звязаны цяперашнi росквiт, абуджала ў iм нешта накшталт сентыментальнасцi. Але мiс Фэлоўз здавалася, што яму было прыемна гутарыць з ёй. (За гэты час яна даведалася, што Хоскiнс распрацаваў метад аналiзу адбiцця мезоннага промня, якi пранiкаў у мiнулае, яго вынаходнiцтвам быў i сам Стасiс. Халоднасць яго была чыста вонкавая, ёю ён спрабаваў замаскiраваць прыродную дабрыню, i - о, так, так - ён быў жанаты.)

Да чаго мiс Фэлоўз нiяк не магла прывыкнуць, дык гэта да думкi, што яна ўдзельнiчае ў навуковым эксперыменце. Нягледзячы на ўсе намаганнi, яна ўсё больш адчувала сябе асабiста далучанай да ўсяго, што адбываецца, i не раз даходзiла да адкрытых сутычак з фiзiёлагамi.

Аднойчы, спусцiўшыся ўнiз, Хоскiнс убачыў яе ў такiм гневе, што здавалася, яна ў той момант здольная забiць чалавека. Яны не мелi права, яны не мелi права... Нават калi гэта быў неандэрталец, усё роўна гэта быў чалавек, а не жывёла.

Яна сачыла за фiзiёлагамi праз адчыненыя дзверы. Ледзь не аслепшы ад гневу, яна прыслухоўвалася да ўсклiкаў Цiмi. Раптам яна заўважыла побач з сабою Хоскiнса.

- Можна ўвайсцi? - спытаўся ён.

Злёгку кiўнуўшы, яна заспяшалася да Цiмi, якi прытулiўся да яе, ашчаперыў яе сваiмi маленькiмi крывымi i ўсё яшчэ вельмi худымi ножкамi.

- Вы ж ведаеце, што яны не маюць права праводзiць такiх доследаў над чалавекам, - сказаў Хоскiнс.

- А я рашуча заяўляю, доктар Хоскiнс, што яны не маюць права вырабляць гэта i з Цiмi. Вы неяк сказалi мне, што з'яўленне Цiмi дало жыццё Стасiсу. Калi вы адчуваеце хоць кроплю ўдзячнасцi, вы павiнны ўратаваць бедака ад гэтых людзей, ва ўсякiм разе да той пары, пакуль ён не падрасце настолькi, што пачне хоць крыху больш разумець. Пасля iх манiпуляцый ён не можа спаць, яго душаць кашмары. Я папярэджваю вас, - яе раз'юшанасць дасягнула кульмiнацыi, - што я iх больш сюды не пушчу! - Да яе свядомасцi дайшло, што яна перайшла на крык, але яна ўжо не валодала сабой. - Я ведаю, што ён неандэрталец, - крыху супакоiўшыся, працягвала яна, - але мы iх у многiм недаацэньваем. Я чытала пра неандэртальцаў. У iх была свая культура, i некаторыя з найвялiкшых чалавечых адкрыццяў, такiя, як, напрыклад, прыручэнне жывёл, вынаходнiцтва кола i розных тыпаў каменных жорнаў, былi зроблены менавiта ў iх эпоху. У iх, без сумнення, былi нават духоўныя патрэбы. Гэта вiдаць з таго, што пры пахаваннi яны клалi нябожчыку яго асабiстыя рэчы - значыць, яны верылi ў тагасветнае жыццё, магчыма, у iх ужо была нейкая рэлiгiя. Няўжо гэта не дае Цiмi права на чалавечныя адносiны?

Яна пяшчотна паляпала хлопчыка па спiне i адправiла яго ў пакой гуляць. Калi дзверы адчынiлiся, Хоскiнс убачыў вялiкае мноства розных цацак.

Ён усмiхнуўся.

- Няшчаснае дзiця заслужыла гэтыя цацкi, - спешна заняўшы абаронную пазiцыю, сказала мiс Фэлоўз. - Гэта ўсё, што ў яго ёсць, i ён зарабляе iх тымi пакутамi, на якiя яго тут асудзiлi.

- Не, не, запэўнiваю вас, я нiчога не маю супраць гэтага. Я толькi падумаў пра тое, як змянiлiся вы самi з таго першага дня. Вы ж былi вельмi незадаволены, што я падсунуў вам неандэртальца.

- Мне здаецца, што я не была такая ўжо незадаволеная, - цiха запярэчыла мiс Фэлоўз, але тут жа змоўкла.

- Як вы лiчыце, мiс Фэлоўз, колькi яму можа быць гадоў? - змянiў тэму Хоскiнс.

- Я не магу вам гэтага сказаць з дастатковай дакладнасцю - мы ж не ведаем, як развiвалiся неандэртальцы, - адказала мiс Фэлоўз. - Калi зыходзiць з яго росту, то яму не больш за тры гады, але неандэртальцы ўвогуле нiзкарослыя, а калi ўлiчыць характар тых доследаў, якiя праводзяцца над iм, то ён, можа быць, зусiм перастаў расцi. А зыходзячы з таго, як ён засвойвае ангельскую мову, можна заключыць, што яму больш за чатыры.

- Гэта праўда? Я штосьцi не заўважыў у дакладах нi слова пра тое, што ён вучыцца гаварыць.

- Ён не будзе гаварыць нi з кiм, апрача мяне, ва ўсякiм разе цяпер. Ён усiх страшэнна баiцца, i гэта не дзiўна. Ён можа, напрыклад, папрасiць якой-небудзь пэўнай ежы. Больш таго, ён можа выказаць любое сваё жаданне i разумее амаль усё, што я кажу яму. Зрэшты, не выключана, што яго развiццё спынiцца.

Сказаўшы апошнюю фразу, мiс Фэлоўз напружана сачыла за выразам яго твару, iмкнучыся выявiць, наколькi своечасова закранула яна гэтае пытанне.

- Чаму?

- Кожнаму дзiцяцi патрэбна пэўная стымуляцыя, а Цiмi жыве тут, як у адзiночным зняволеннi. Я раблю яму ўсё, што мне па сiле, але ж я не ўвесь час каля яго, акрамя таго, у мяне няма мажлiвасцi даць яму ўсё, што яму трэба. Я хачу сказаць, доктар Хоскiнс, што яму трэба гуляць з якiм-небудзь iншым хлопчыкам.

Хоскiнс паволi схiлiў галаву.

- На жаль, мы маем усяго толькi аднаго такога хлопчыка. Беднае дзiця!

Пачуўшы гэта, мiс Фэлоўз адразу памякчэла.

- Вы ж любiце Цiмi, праўда? - Было так прыемна ўсведамляць, што яшчэ нехта мае да дзiцяцi цёплыя пачуццi.

- Вядома, - адказаў Хоскiнс, на секунду страцiўшы самакантроль, i за гэты кароткi мiг ёй удалося заўважыць у яго вачах стомленасць.

Мiс Фэлоўз адразу ж адкiнула намер давесцi свой план да канца.

- Вы выглядаеце вельмi стомленым, доктар Хоскiнс, - са шчырым спачуваннем сказала яна.

- Вы так думаеце? Я пастараюся выглядаць больш бадзёра.

- Мне здаецца, што "Стасiс Iнкарпарэйтэд" не дае вам нi хвiлiны спакою.

Хоскiнс пацiснуў плячыма.

- Ваша праўда. У аднолькавай ступенi ў гэтым вiнаватыя жывёла, раслiны i мiнералы, якiя цяпер ёсць у нас. Дарэчы, мiс Фэлоўз, вы, мабыць, яшчэ не бачылi i нашых экспанатаў.

- Праўду кажучы, не... Але зусiм не таму, што мяне гэта не цiкавiць. Я ж была вельмi занятая ўвесь гэты час.

- Ну цяпер жа вы ўжо больш свабодная, - падпарадкоўваючыся нейкаму раптоўна прынятаму рашэнню, сказаў Хоскiнс. - Я зайду па вас заўтра ранiцою ў адзiнаццаць i сам усё вам пакажу. Вам гэта падыходзiць?

- Цалкам, доктар Хоскiнс, я буду вельмi рада, - усмiхнуўшыся, адказала яна.

Ён кiўнуў, усмiхнуўся ў адказ i выйшаў.

Увесь астатак дня мiс Фэлоўз у вольны ад работы час штосьцi сама сабе напявала. I сапраўды ж, хоць нават сама думка пра гэта здавалася ёй надзвычай дзiўнай, але ж усё гэта было падобна... амаль падобна на тое, што ён прызначыў ёй спатканне.