Выбрать главу

* * *

Абаяльны i прыязны, ён з'явiўся на другi дзень дакладна ў назначаны час. Замест звыклага рабочага халата яна надзела на гэты раз сукенку. Дарэчы будзе сказаць, даволi старамоднага крою, але тым не менш ужо многа гадоў яна не адчувала сябе такой прывабнай.

Ён сказаў ёй некалькi стрыманых камплiментаў, i яна прыняла яго ўхвалу ў такой жа стрыманай манеры, падумаўшы, што гэта цудоўны пачатак. Аднак адразу ёй прыйшла ў галаву другая думка: "А ўласна кажучы, пачатак чаго?"

Каб адагнаць ад сябе такiя думкi, яна паспяшалася развiтацца з Цiмi, паабяцаўшы яму, што хутка вернецца.

Хоскiнс павёў яе ў новае крыло будынка, дзе яна да гэтага часу нi разу не была. Тут яшчэ захаваўся пах, уласцiвы новым, толькi што збудаваным памяшканням. Аднекуль даносiлiся прыглушаныя гукi, якiя даволi яскрава сведчылi пра тое, што будаўнiчыя работы яшчэ не скончаны.

- Жывёла, раслiны i мiнералы, - зноў, як i напярэдаднi, вымавiў Хоскiнс. Жывёла знаходзiцца тут - гэта найбольш яркi з нашых экспанатаў.

Уся ўнутраная частка будынка была падзелена на некалькi памяшканняў, кожнае з якiх уяўляла сабой асобную камеру Стасiса. Хоскiнс падвёў яе да агляднага акна адной з iх, i яна зазiрнула ўнутр. Iстота, якая паўстала перад яе позiркам, здалася ёй спачатку чымсьцi накшталт пакрытай лускою курыцы. Пагойдваючыся на двух худых лапках, iстота гэтая бегала па камеры, iмклiва паварочваючы з боку на бок зграбную птушыную галаву. На невялiкай галаве дзiўнай iстоты быў касцяны нарост, падобны на пеўнеў грэбень. Пальцападобныя адросткi кароткiх пярэднiх канечнасцей безупынна сцiскалiся i растульвалiся.

- Гэта наш дыназаўр, - сказаў Хоскiнс. - Ён тут ужо некалькi месяцаў, i я не ведаю, калi мы зможам расстацца з iм.

- Дыназаўр?

- А вы чакалi ўбачыць гiганта?

Яна ўсмiхнулася, i на яе шчоках паявiлiся ямачкi.

- Мне здаецца, што некаторыя менавiта так iх сабе i ўяўляюць. Я ведаю, што iснавалi дыназаўры i невялiкiх памераў.

- Паверце, што мы iмкнулiся дастаць менавiта маленькага дыназаўра. Звычайна яго ўвесь час вывучаюць, але цяпер, вiдаць, яму далi перадыхнуць. З яго дапамогай удалося зрабiць сякiя-такiя адкрыццi. Так, напрыклад, ён не цалкам халаднакроўная жывёлiна. Ён валодае здольнасцю, праўда, недасканалай, падтрымлiваць унутраную тэмпературу цела вышэй за тэмпературу навакольнага асяроддзя. На жаль, гэта самец. З таго самага часу, як ён паявiўся тут, мы не спыняем спроб зафiксаваць другога дыназаўра, якi можа аказацца самкай, але да гэтага часу нам не шанцавала.

- А навошта патрэбна менавiта самка?

У вачах у яго мiльганула яўная насмешка.

- У такiм выпадку ў нас з'явiлася б даволi рэальная мажлiвасць атрымаць аплодненыя яйкi, а значыць, i дзяцей дыназаўра.

- Ах, так.

Ён павёў яе да аддзялення трылабiтаў.

- Перад вамi прафесар Дуйэн з Вашынгтонскага ўнiверсiтэта, - сказаў Хоскiнс. - Ён спецыялiст па ядзернай хiмii. Калi мяне не падводзiць памяць, ён займаецца выяўленнем iзатопнага саставу кiслароднай вады.

- З якою мэтаю?

- Гэта дагiстарычная вада. Ва ўсякiм выпадку, узрост яе вызначаецца, прынамсi, паўмiльярдам гадоў. Iзатопны састаў дазваляе вызначыць тэмпературу акiяна ў тую эпоху. Самога Дуйэна трылабiты не цiкавяць, iх анатамiраваннем займаюцца другiя вучоныя. Iм пашанцавала: iм патрэбны толькi скальпелi i мiкраскопы, тым часам як Дуйэну даводзiцца дзеля кожнага доследу ўстанаўлiваць складаны мас-спектрограф.

- Але чаму? Хiба ён не можа?..

- Не, не можа. Яму нiчога нельга выносiць з гэтага памяшкання да таго часу, пакуль iснуе хоць нейкая мажлiвасць пазбегнуць гэтага.

Тут былi таксама сабраны ўзоры першабытнай раслiннасцi i абломкi скал гэта i былi раслiны i мiнералы, пра якiя раней Хоскiнс успамiнаў. У кожнага экспаната меўся свой даследнiк. Усё гэта нагадвала музей, якi ажыў i стаў цэнтрам актыўнай навуковай дзейнасцi.

- Усё гэта пад вашым непасрэдным кiраўнiцтвам, доктар Хоскiнс?

- Ды не, мiс Фэлоўз, дзякаваць Богу, у мяне вялiкi штат супрацоўнiкаў. Мяне цiкавiць толькi тэарэтычны бок праблемы: сутнасць Часу, тэхнiка мезоннага выяўлення аддаленых у часе аб'ектаў i таму падобнае. Усё гэта я ахвотна памяняў бы на метад выяўлення аб'ектаў, аддаленых у часе менш чым на дзесяць тысяч гадоў. Калi б нам удалося пранiкнуць у гiстарычную эпоху...

Яго перабiў нейкi шум у адной дальняй камеры, адкуль пачуўся чыйсьцi высокi злосны голас. Хоскiнс нахмурыўся, на хаду папрасiў прабачэння i паспешлiва пайшоў туды.

Шпарка, як толькi магла, мiс Фэлоўз амаль бягом кiнулася за iм.

- Няўжо вы не можаце зразумець, што мне неабходна было закончыць вельмi важную частку маiх доследаў? - крыклiва пытаўся пажылы мужчына з рэдзенькай бародкай на чырвоным твары.

Служачы ў форме, на лабараторным халаце якога былi вышыты лiтары "СI" ("Стасiс Iнкарпарэйтэд"), сказаў Хоскiнсу:

- Прафесар Адэмеўскi з самага пачатку быў папярэджаны, што гэты экспанат будзе тут толькi два тыднi.

- Я тады яшчэ не ведаў, колькi часу зоймуць мае доследы, я не прарок! узбуджана выкрыкнуў Адэмеўскi.

- Вы ж разумееце, прафесар, што мы валодаем даволi абмежаванай прастораю, - сказаў Хоскiнс. - Таму мы вымушаны час ад часу мяняць свае экспанаты. Гэты абломак халкапiрыту павiнен вярнуцца туды, адкуль ён да нас прыбыў. Вучоныя чакаюць новых экспанатаў.

- Чаму ж я не магу атрымаць яго ў карыстанне? Дазвольце мне забраць яго адсюль.

- Вы ведаеце, што гэта немажлiва.

- Вам шкада аддаць мне кавалак халкапiрыту, гэты няшчасны пяцiкiлаграмовы абломак? Але чаму?

- Нам не па кiшэнi звязаная з гэтым уцечка iнфармацыi, - злосна закрычаў Хоскiнс. - I вы гэта вельмi добра ведаеце.

- Справа ў тым, доктар Хоскiнс, - перапынiў яго служачы, - што насуперак правiлам прафесар спрабаваў вынесцi мiнерал i ледзь быў не прарваў Стасiс.

На iмгненне ўсе змоўклi. Павярнуўшыся да вучонага, Хоскiнс холадна спытаўся:

- Гэта праўда, прафесар?

Адэмеўскi няёмка кашлянуў.

- Бачыце, я не думаў, што гэта нясе нейкую шкоду...

Хоскiнс працягнуў руку i рвануў за шнур, якi свабодна вiсеў на вонкавай сцяне камеры, пра якую толькi што гаварылi.

У мiс Фэлоўз, якая якраз у гэты момант разглядала нiчым не прыкметны кавалак каменя, за якi iшла такая гарачая спрэчка, ажно дыханне сцiснула - у яе на вачах камень iмгненна знiк. Камера апусцела.

- Мне вельмi шкада, прафесар, - сказаў Хоскiнс, - але выдадзены вам дазвол на вывучэнне розных аб'ектаў у Стасiсе анулюецца назаўжды.

- Ды пачакайце.

- Паўтараю, мне вельмi шкада. Вы парушылi адно з нашых сама важных правiл.

- Я падам скаргу ў Мiжнародную Асацыяцыю...

- Скардзiцеся каму хочаце. Вы толькi пераканаецеся, што ў выпадках, падобных на гэты, нiхто не прымусiць мяне адступiць.

Ён дэманстратыўна адвярнуўся ад прафесара, якi ўсё яшчэ пратэставаў, i, яшчэ белы ад гневу, сказаў мiс Фэлоўз:

- Вы не адмовiцеся паснедаць са мной?

* * *

Ён правёў яе ў тую частку кафетэрыя, якая была адведзена сябрам адмiнiстрацыi. Ён павiтаўся са знаёмымi за столiкамi i спакойна адрэкамендаваў iм мiс Фэлоўз, якая адчувала сябе ў гэты момант страшэнна няёмка. "Што яны падумаюць?" - думка гэтая не давала ёй спакою, i яна з усяе сiлы старалася прыняць па магчымасцi дзелавы выгляд.

- Доктар Хоскiнс, у вас часта здараюцца такiя вось непрыемнасцi? спыталася яна, узяўшы вiдэлец. - Я маю на ўвазе выпадак з прафесарам.

- Не, - з намаганнем адказаў Хоскiнс, - такое здарылася ўпершыню. Мне, праўда, часцяком даводзiцца спрачацца з ахвотнiкамi вынесцi са Стасiса той цi iншы экспанат, але да сённяшняга дня нiхто яшчэ не спрабаваў зрабiць гэтага.

- Мне помнiцца, як вы аднойчы казалi, што з гэтым звязаны вялiкi расход энергii.

- Слушна. Мы, вядома, пастаралiся ўлiчыць такую мажлiвасць, бо такiя выпадкi яшчэ будуць паўтарацца, i ў нас цяпер маецца спецыяльны запас энергii, разлiчаны на пакрыццё ўцечкi пры непрадугледжаным вынасе са Стасiса якога-небудзь прадмета. Але гэта зусiм не азначае, што нам прыемна за паўсекунды страцiць гадавы запас энергii. Шкода ад страты такой колькасцi энергii прымусiла б нас на доўгiя гады адкласцi далейшае ажыццяўленне планаў пранiкнення ў глыбiнi часу... Апрача таго, вы можаце сабе ўявiць, што здарылася б, калi б прафесар быў у камеры ў той момант, калi збiраўся прарваць Стасiс?