Што ж, можна прыняць прызнанне, як капнуць, да ведама. Але разам з тым варта зрабіць аўтару і невялікую заўвагу: можна «не чуць» і «не бачыць», але ведаць усё ж трэба.
Трохі аблегчана, без належнага асэнсавання і эмацыянальнага напаўнення вырашаецца тэма вайны і ў М. Кусянкова («Жаночых песень сумныя зачыны»), і ў Аўгінні Кавалюк (вершы «Дождж», «Я на магілу ў полі прынясу»), і ў Анатоля Канапелькі (вершы «У Брэсцкай крэпасці», «Слова пра салдата»), і ў Анатоля Сербантовіча (вершы «Шырокія дарогі і вялікія», «Сусед»). Першыя не знаходзяць свайго падыходу да тэмы, паўтараюць улно сказанае, а ў Сербантовіча — другая бяда. Ён збіваецца па лёгкапіс. Вось яго верш «Сусед»:
Пра тыя ж мыліцы піша і Васіль Зуёнак, але ўжо зусім па-другому, у другой танальнасці.
Гэта ўжо не гульня ў метафару, а спроба заглянуць у душу чалавека, паказаць горкую праўду.
З пачуццём адказнасці і адпаведнай унутранай «настройкай» падыходзіць да ваеннай тэмы Мікола Маляўка, хаця ён і нарадзіўся, як сведчыць анатацыя, толькі на першым годзе вайны. Самой вайны ён па сутнасці не чуў і не бачыў. Але ён бачыць яе сляды, яе вынікі. Уздыхае папамі маці. Не вярнуўся з вайны старэйшы брат. У кнігарні прыходзяць кнігі, аўтары якіх «палі ў травы». Не даюць спакою без весткі прапаўшыя — як яны прапалі? Словам, вайна зрабіла сваю справу, і нікуды тут не дзенешся, будзеш помніць, будзеш гаварыць. Тым больш што і сёння «верціцца шар зямны, чорны ад радыяцыі».
Вершы Міколы Маляўкі пра вайну не пазбаўлены недахопаў, але яны па-чалавечаму прачулыя, у іх ёсць боль, ёсць драматызм, і, узятыя разам, яны складаюць моцны матыў зборніка.
3. Пасведчанне асобы. Сама асоба. Быць самім сабой! «Мая каханая — зіма». Гарызонт аднаго і гарызонт усіх. Грамадзянскае крэда паэта. Зместу патрэбна форма. Слова — Блоку!
Першы зборнік — пасведчанне асобы. Калі нават у ім няма біяграфічнай даведкі пра аўтара.
Калі пачынаеш чытаць зборнік Хведара Чэрні, то адразу бачыш, што ён працаваў па заводзе. І бачыш гэта не толькі па тым, пра што ён піша, а яшчэ і па тым, як ён піша. Бачыш, што аўтар ідзе ад уласнага вопыту, ад жывога назірання.
Яўна аўтабіяграфічныя многія вершы ў Міколы Кусянкова, у прыватнасці вершы таёжнага цыкла. І па іх можна здагадвацца і аб узросце аўтара, і аб яго занятку, і аб яго адукацыі, і нават аб яго сямейным становішчы.
Своеасаблівым «пасведчаннем асобы» з'яўляецца і зборнік Міколы Маляўкі — пачынаючы з яго «Дарожнай брыгады» і канчаючы вершамі пра родную вёску, у прыватнасці вершам «Мне сорамна...» («Мне сорамна, я вінаваты. Прабач мне, бацькоўскі куток».)
Просіць прабачэння ў роднай вёскі і Аўгіння Кавалюк у сваім вершы, які так і называецца «Прабач мне, вёска».
І гэта «прабач» лепш за любога пашпарта гаворыць аб асобе аўтара.
Стала «прапісаны» ў вёсцы са сваімі вершамі Васіль Зуёнак. І аб гэтым мы можам даведацца не толькі з яго верша «Добры прыезд», дзе расказваецца аб вяртанні ў родныя мясціны. Калі б паэт і не напісаў гэты верш, калі б яго і не было ў зборніку, то ўсё адно мы здагадаліся б, адкуль ён родам і да чаго больш ляжыць яго душа. Здагадаліся б па духу яго вершаў, іх унутраным ладзе, іх стылі. Па гэтых бы вось радках: «Я сябра кожнай птушцы», «Ралля — аснова, зерня ўток няспынна кідаю я рукой агрубелай», «Жыву сяўбой, бяру сяўбой» і г. д. «Сейбіта» ў вершах Васіля Зуёнка адчуваеш за вярсту.
Але тут ужо трэба гаварыць, відаць, не толькі аб пасведчанні асобы, але і аб самой асобе ў вершы.
Справа ў тым, што для паэта мала «прадставіцца», мала сказаць, адкуль ён, хто ён і чым ён займаецца, апрача вершаў. Бо чытач можа яму сказаць: «Ну і што?» І, падумаўшы, дадаць: «Ты паэт, а я чакаю ад паэта нечага большага, нечага такога, што, можа быць, я і сам адчуваю ў глыбіні сваёй душы, але выказаць не магу, не ўмею. Ты павінен памагчы мне зразумець і адкрыць мяне самога. А як гэта ты зробіш, калі ты не адкрыешся сам сабо і мне? Ты гавары сабе самому пра сваё, разбірайся з самім сабой, а я пагляджу, ці не пра мяне гэта ты». І яшчэ чытач можа сказаць: «Я павінен ведаць, хто твой друг і хто твой вораг, каго ты любіш і каго ненавідзіш, супроць чаго ты і за што ты. Словам, скажы мне, хто твой друг...»