Выбрать главу

Тым часам С. працягваў сваю вучобу. Да бацькоў па-ранейшаму прыязджаў рэдка, а калі прыязджаў, то ўсё часцей і часцей нападпітку. І ўрэшце спіўся канчаткова. Закінуўшы навуку, уладкаваўся спачатку інжынерам на заводзе, затым, калі змей заўладаў слабою чалавечай натураю дарэшты, перайшоў у рабочыя. Жыў доўга ў інтэрнаце, аж пакуль два гады таму не памёр пасля чарговай п’янкі з інсульту.

— Дык распавесці, што то былі за прэзенты? – спытаў сусед і, не чакаючы адказу, працягваў: — Толькі мы С. пахавалі, як праз месяц прыязджае з горада жанчына. Так і так, маўляў, шукаю С… Калісьці, шмат гадоў таму прыязджала да вас, каб пазнаёміцца, ды ў хату зайсці не наважылася, а пакінула на ганку падарункі. Можа, памятаеце вінаград і кавун? То ад мяне…Так кахала, дурніца, што лепшага нічога не прыдумала, як паехаць… Не лёс быў, аднак, быць разам, ды ўсё адно кахала. Потым замуж выйшла. Цяпер во мужык памёр, адна засталася, то дай, думаю, яшчэ раз з’езджу, хоць дазнаюся, як ён ды што… Прывезлі з жонкаю яе сюды, на могілкі. Пастаялі, паўспаміналі. Запрашалі застацца на колькі дзён – адмовілася. Увечары на цягнік яе праводзілі. «Шкадуеце, што ехалі?» – жонка спытала. – «Барані Бог, ані! – адказала рашуча. – Што вы: адзінае, што добрага мела ў жыцці, – і шкадаваць?»

Пра працяг і сканчэнне трэцяй гісторыі распавяла мне стрыечная сястра праз два дні пасля наведання з суседам могілак. Больш чым простая на першы погляд, яна, аднак, быццам падводзіла рысу пад дзвюма папярэднімі і, дарэчы, яскрава абвяргала даволі распаўсюджанае снобскае меркаванне пра вясковых людзей як пра істотаў без здольнасці да глыбокіх унутраных перажыванняў.

Сям’я Л., нашых суседзяў-аднавяскоўцаў, распалася сорак пяць год таму. Распалася нечакана і неяк па-дурному: ён нібыта здрадзіў ёй па п’янай лавачцы, яна не даравала. Ён кудысьці з’ехаў, і больш яны ні разу не бачыліся. Адзіным знакам ягонай прысутнасці ў жыцці былой жонкі сталі грошы на дзяцей, якія ён рэгулярна прысылаў ёй па пошце.

Прайшло амаль паўвека. Жанчына выгадавала, вывучыла дачку і сына, а ў семдзесят пераехала дажываць век да іх у горад.

І вось – ліст ад яго. Маўляў, не дзеля таго пішу, сямідзеся-ціпяцігадовы зух, табе, сямідзесяцігадовай маладзіцы, каб штось прасіць ці на нешта скардзіцца, а дзеля таго толькі, каб сказаць: любіў цябе ўсё жыццё і з любоўю гэтай апошнюю сваю хвіліну стрэну. Можаш дараваць – даруй, а не – і так сыду, балазе, і пахаваць, і аплакаць ёсць каму. Прачытала кабеціна той ліст ды і быццам выкінула (так, прынамсі, сказала дзецям) у сметніцу. А калі памерла – знайшлі яго ў вузельчыку пад матрасам разам з грашыма ды найбольш дарагімі нябожчыцы рэчамі.

Дзеці, бачачы такую матчыну адданасць мінуламу, неўзабаве па яе сыходзе наладзілі з бацькам стасункі, у адведзіны нават з’ездзілі. «Ну, як яна мой ліст прыняла?» – першае было, што запытаўся стары пры сустрэчы. — «Ай, тата, што пра тое гаманіць? – адказалі. – Што ты, што яна — дурні вы абое» – «Можа, і праўду кажаце, — сказаў скрушліва, памаўчаўшы. — Ды словы вашы гэтыя – як мёд мне на душу. Хоць якая ні якая, а і па мне ў вашых сэрцах навука застанецца. Хоць нешта ад бацькі».

«Разышліся, быццам чужыя, без жэста і слова, яна па дарозе ў краму, ён да машыны. Можа, у няпэўнасці, ці няўважлівасці, ці забыўшыся, што колісь кахалі адзін аднаго да скону»[13].

Як зразумець дарэшты тое, што з-за наяўнасці добрага каліва абсурднага пачатку ў нашых дзеях выслізгвае з межаў логікі, здаровага сэнсу? Толькі змыслам Божага Провіду, але ці будзе тое праўдай?

Выспа Міжрэчча

Эсэ

Міжрэчча – вёска, якая ўзнікла на месцы аднайменнага панскага двара і паспела даць прытулак усяго аднаму калену роду людскога. Бо толькі адзінкі з яе нешматлікіх жыхароў тут нарадзіліся і сустрэлі тут сваю апошнюю часіну. Большасць жа перасяліліся, завабленыя хараством мясціны, на ўробленыя панскія землі з навакольных паселішчаў ды хутароў ужо пасля вайны, пасля таго, як згубіліся дзесьці ў Сібіры сляды рэпрэсаванай з прыходам другіх Саветаў апошняй гаспадыні двара пані Аскерчыхі. Паспыталі напоўніцу цудаў калектыўнага гаспадарання, выгадавалі дзяцей, збольшага дапамаглі дзецям падняць унукаў ды і сышлі, знайшоўшы (многія дачасна) вечны супакой у магілах побач з дзядамі-прадзедамі на ўскрайках суседніх вёсак: сваіх кладоў у Міжрэччы, вядомым з 16 стагоддзя як уладанне знакамітага роду Сапегаў пад назовам Дуброўка, ніколі не было.

вернуться

13

Цытата з верша В. Шымборскай у перакладзе аўтара.