Выбрать главу

У шведскую краму ўваходзіш з любым багажом у руках ці за спінаю без рызыкі атрымаць з-за яго стрэс на выхадзе. Напачатку я спрабаваў дэманстраваць касірам пры разліку за набыты тавар сваю сумку, каб паказаць, што ў ёй нічога няма, але вельмі хутка зразумеў, што змесціва маёй сумкі нікога не цікавіць. А калі і цікавіць, то мне пра гэта ведаць не належыць. І шторазу згадваў адну нашу віцебскую краму, дзе будзеш так прасвідраваны-прарэнтгенены з галавы да пят на выхадзе вачыма касіра ці работніка аховы, што другі раз і заходзіць у тую краму наўрад пажадаеш.

Дабрабыт дабрабытам, а людскі клопат – усюды клопат. Вось стары блукае між паліц з харчам, бязгучна варушыць вуснамі, шукае штосьці. Што ён набудзе? Мяса па 100 крон з гакам за кіло, што складае прыкладна 10 эўра, ці, можа, па 80, ці...? Не, ля палічкі з авечынай па 25 крон за кіло затрымаўся: здаецца, акурат старэчы па кішэні, пра што і твар задаволены, і ўся пастава, неяк увобміг параўнелая, сведчаць. Мяса тое калянае, вядома, не менш гадзіны давядзецца яго варыць, калі не болей, ды з рабрынаю затое – і другая страва табе, і суп, як мінімум два ў адным.

Не ведаю, наколькі адкрытыя шведы для душэўных кантактаў у штодзённым жыцці, але што яны адкрытыя да праяваў прыязнасці прылюднае – дакладна. Я разлічваўся ва ўнівермагу за нейкую пакупку, як раптам убачыў, што ў касіра, хлопца ў фірмовай балотна-зялёнай апратцы, нестае дробязі для рэшты. Палез у кішэню, набраўшы ў жменю драбязы, падаў яе на далоні (другая рука была занятая сумкай) касіру. Гэткае ўвагі да ягонае турботы было дастаткова, каб назаўтра, ледзь увайшоў я ў тую ж краму, ён так ветліва павітаўся са мною паўз галовы людзей у чарзе, быццам не старонняга чалавека ўбачыў, а роднага брата.

Hej! — значыць «прывітанне», адно з самых папулярных словаў на Готландзе. Яго пачуеш усюды: пры ўваходзе ў краму ці ў грамадскае месца, на вуліцы ад незнаёмага чалавека, на набярэжнай з вуснаў стрэчнага веласіпедыста, нават у моры падчас купання. Асабліва любяць ужываць яго моладзь і дзеці. Ідуць табе насустрач бацька, маці ды дзіця-падлетак, і дзіця тое: «Hej!» Бацькі не вітаюцца звычайна, толькі зірнуць на цябе спачатку, каб спраўдзіць тваю рэакцыю на праяву гэткай ветлівасці, потым на дзіця, пасміхнуцца паблажліва. І з немаўлятамі ды зусім малымі яны гэтак жа ненавязліва-цярпліва абыходзяцца. Дык не дзіва, што плачу апошніх не чуваць ніколі на вуліцы або на пляжы. Ужо сіняе тое дзіця, ужо скурчылася ў вадзе ад холаду – а не заквіліць, не заплача. А маці яшчэ глыбейшага месца шукае, каб акунуць малое: трэба гартаваць, рыхтаваць да жыцця. Пры гэтым, што дзіўна, сама акунацца не надта спяшаецца: «Kallt!»[26].

Сімвал Готланда – авечка, сімвал Вісбю – вожык. Апошнія шпацыруюць па горадзе, як у Віцебску каты, адно што не ў гэткай колькасці, канечне. У родным маім Міжрэччы таксама вожыкаў было шмат. Але ўпершыню пабачыць, як харчуецца гэтае жамяраеднае, давялося менавіта ў Вісбю, на пляцы перад галоўнаю готландскай шыркаю[27]. Жывёліна з’яўляецца з прыцемкам на лапіку пожні і пачынае ўтрапёна абшукваць яго на прадмет спажывы. Даследуе па дыяганалі траву, як свіння лычам зямлю, — метадычна, дзелавіта, па-гаспадарску, без боязі натыкнуцца на знячэўную злосць істоты двухногае. Кінеш яму са сходаў на стыканую іголкамі спіну лёгкі кавалак друзу – нават не схамянецца. І на вулцы яго спаткаеш на змярканні, калі шпацыруе няведама куды, пераходзячы па бруку ад двара да двара. Да аднаго, што ля брамы пры ўваходзе ў дворык бавіўся, датыкнуцца мне заманулася. Нахінуўся, каб тое зрабіць, як жаночы голас пачуў над вухам. Гаспадыня дома вярнулася дахаты, а тут чужы пры ўваходзе: зніякавела на момант. Вожыка ўбачыла, засмяялася з палёгкай. Пайшла, ды праз хвіліну зноў вызірнула на двор, нібыта каб на вожыка паглядзець, а насамрэч, мабыць, за мной пацікаваць, што далей (чужы як-ніяк пры дзвярах) буду рабіць. Гэтак жа вольна, як вожыкі, і зайцы сябе ў Вісбю пачуваюць. А вось птушак, падалося, за выключэннем качак пры беразе, малавата чамусьці.

Калі вожык – сімвал Вісбю, то фірмовы знак горада, безумоўна, — ровар. Але не ў сэнсе характарыстыкі ўзроўню дабрабыту ці чагосьці яшчэ са сферы матэрыяльнага, а ў сэнсе вартасці ўзроўню ўзаемаадносінаў між людзьмі. У прыватнасці, адносінаў паміж кіроўцам і пешаходам. Роварам у Вісбю, як і наогул у Швецыі, нікога не здзівіш, іх тут так шмат, што стракаціць уваччу. А вось язда на ровары, асабліва пры перасячэнні шматлікіх пятлястых пераходаў, надоўга застаецца ў памяці. Дома я не садзіўся на ровар каля 40 гадоў.  А ў Вісбю гэта адбылося так проста і натуральна, быццам усё жыццё толькі гэткаю справаю і займаўся. Проста сеў і паехаў. І як не паехаць, калі ты на вуліцы – пан. Табе яшчэ пяць метраў да «зебры», а вадзіцелі аўто з абодвух бакоў ужо спыняюцца, каб саступіць дарогу. Цудоўнае адчуванне, але і небяспечнае, бо да добрага хутка прывыкаеш. Апошняе на сабе зведаў, ледзь не трапіўшы па вяртанні ў Віцебск, залюляны памяццю аб простасці язды па вулках Вісбю, пад машыну на адным з нашых пераходаў.

вернуться

26

Холадна! (шведск.)

вернуться

27

Кірха.