Выбрать главу

Дзверы ляпаюць, трывожны тупат чыіхсьці таропкіх крокаў урываецца ў пакой. Сашкава маці кідаецца да Люсі, прытуляе да грудзей бялявую галаву дзяўчыны з няўцямна вытарапленымі вачыма.

Пігулкі выслізгваюць з Люсіных рук, падаюць на падлогу, і глухое рыпенне маснічын пад нагамі, калі яна падхопліваецца з месца, каб бегчы на двор, паглынае яе роспачлівы, кароткі, як пошчак грому ўдалечыні, енк.

Тыдзень ад паховінаў цёткі Любы прамінае пад знакам прысутнасці ў двары старонніх людзей. Найбольш назаляюць дазнаўцы. То адзін, то другі прымчыць у лінейцы з раёна, пачне доўга і нудотна распытваць, што ды як, і вось ужо, ледзь паспее атрамант падсохнуць на паперчыне з паказаннямі сведкаў, трэці тут як тут, ды палохае дарослых і дзяцей суворасцю і моцаю голаса, ды маніцца конча пераплюнуць папярэднікаў мудрагелістасцю высноваў. Найбольш усім траім чамусьці абыходзіць дазнацца, ці мела нябожчыца спадкаемную схільнасць да самазабойства.

Пра мужчыну, следам за якім цётка Люба пайшла ў той дзень, ніхто не распытвае. А калі дзядзька Зюзялёк нагадвае пра яго трэцяму дазнаўцу па прозвішчы Бібік, той заспакойвае дзядзьку, што версія правяраецца, але, хутчэй за ўсё, працягу мець не будзе, бо чалавек той – свой і падазраваць яго ў такім цяжкім грэху, як забойства, аніяк не выпадае.

Люся ўсе гэтыя дні, пакуль яе бабуля Настазя, свякрова нябожчыцы, даводзіць да ладу гаспадарку ў вёсцы, жыве ў Дарашэнкаў. Яна старанна пазбягае ўсіх і паводзіць сябе надзіва спакойна. Сядзіць цэлымі днямі ў куце пад абразамі падалей ад вакна, за якім бушуюць жарсці нядаўняе трагедыі, ды малюе ў сшытку выявы паўночных гурбаў і заснежаных хвояў-спарышоў з жалязякамі для арэляў паміж камлямі. А ўначы доўга не спіць, і тады Сашкава маці бярэ яе да сябе ў ложак, і яны напаўголаса штосьці адна адной распавядаюць.

Праз два тыдні баба Настазя перавозіць сваё няхітрае майно ў барак, і Люся пакідае Дарашэнкаў. Гэта і добра, бо ў іх даволі цесна. І разам з тым кепска, бо Сашка прывык да ненавязлівай Люсінай прысутнасці і ахвотна згадзіўся б мець такую дзяўчыну за сястру.

II

Дзверы то прастуджана керхнуць, то зойдуцца тоненькім рыпеннем, то адгукнуцца на пазоў скразняка рэзкім, кароткім пошчакам. А то дарэшты аціхнуць, бы тая котка перад скачком падчас палявання, замоўкнуць у чаканні нагоды абвясціць наваколлю аб сваёй прысутнасці. Дзвярэй у будынку шмат, люду, наадварот, мала, таму будынак хутчэй нагадвае кляштар суворасці сярэдняе рукі, чым корпус дома адпачынку. Ды і памяшканне сталоўкі з напалову абпалымі рогамі плаката з выяваю дзяржаўнага герба ў міжваконні і цытатаю пра ролю культуры абслугоўвання тут, здаецца, выглядае іначай, як звычайна ў падобных установах: ні грукату посуду з-за перагародкі паміж залаю і кухняй, ні галасоў абслугі.

Дарашэнка азіраецца ў надзеі ўбачыць хоць бы адзін новы твар, але дарэмна. Нічога новага, за выняткам хіба таго, што шэрагі адпачывальшчыкаў за суткі яшчэ больш парадзелі. Бо напярэдадні з’ехала сям’я з Чарнобыльскай зоны, якая сядзела за ім пры вакне, а цяпер яе месца заняў стары па прозвішчы Зелянуха з пакоя ў канцы калідора. Старому пад восемдзесят, калі не за. Але ён яшчэ такі жвавы ды порсткі, што кульба, з якою ён, падобна, не развітваецца ні ўдзень, ні ўначы і якой, напэўна, з гэткае адданасці гаспадара больш пасаваў бы шляхецкі назоў «ляска», выглядае пры ім не як прадмет ужытковага прызначэння, а хутчэй як модная прычындаліна з побыту амбіцыйнага падпанка якога-небудзь пазамінулага стагоддзя.

Стары падымае кульбу ў знак прывітання, і яго шчыльна прылеглыя адно да аднаго бровы павольна рассоўваюцца ўбакі, у накірунку скроняў, а твар асвятляе кволая, з дамешкам незадаволенасці, быццам яна каштуе яму немаведама якіх фізічных высілкаў, усмешка. Ён сядзіць колькі хвілін нерухома з узнятаю кульбай, пераводзіць пагляд на вакно, за якім шчыруе пры клумбе з гваздзікамі ды астрамі прыбіральшчыца Міла Сцяпанаўна. Жанчына ўздымае голаў, зіркае спадылба на вакно, усміхаецца Зелянуху, і нязмушаная суладнасць іх дзеянняў міжволі зноў вяртае Дарашэнку да ўчорашняга роздуму.

Што лучыць гэтых дваіх, Зелянуху і прыбіральшчыцу? Здаецца, быццам прыраслі адно да аднаго, быццам так моцна трымае іх нейкая нутраная повязь, што ўжо і не парваць яе. Амаль два тыдні Дарашэнка назірае за старым і Мілай Сцяпанаўнай. І чым далей назірае, тым менш знаходзіць тлумачэнняў сяброўству-прыяцельству паміж імі. Папраўдзе, часам яму нават здаецца, што гэта і не сяброўства наогул, а нейкая мусовая звязка, якую ні адзін, ні другі чамусьці не ў стане рашуча адпрэчыць.

Міла Сцяпанаўна была першая, каго Дарашэнка тут, у доме адпачынку, спаткаў у дзень прыезду. Цётка ў выцвілым халаце, са швабраю ў руцэ і вантузам пад пахай, у якой ён Люсі ў іншым месцы ды пры іншых абставінах нізавошта не прызнаў бы. Што робіць час з чалавекам!