Выбрать главу

Расчараванне. Крыўда. Горыч. І ўсё, што ні было потым у стасунках з людзьмі, — з драбком гэткае памяці.

Саракагадовае даўніны ўспамін. Цётка па хлеб у краму за шэсць вёрст, дачуўшыся, што быццам прывезлі ўрэшце, пайшла. Прыцягнулася сяк-так старая, дачакалася чаргі.

— Спазніліся вы, — прадавачка кажа. – Ад раніцы гандлюю, дык усё ўжо прадала, нічагуткі не засталося.

— А вунь жа пяць боханаў ляжаць адкладзеныя, — цётка паказвае на паліцу. – То дайце хаця б адзін.

— Ага, угледзела-такі! – маладзіца зазлавала. — Гэта для чалавека аднаго з сельсавета пакінутыя. Не, не магу даць, не прасіце.

— Ну, не дык і не, я ж папыталася толькі... Другім разам тады. Толькі папыталася…

Распавёў гэтае, пра цётку і хлеб, чалавеку маладзейшаму – плячыма той неўразуменна паціснуў: што тут такога? Маўляў, ну, не пашанцавала старой, не хапіла бохана, іншым разам купіць.

Уключыш іншы раз тэлевізар і сцепанешся ажно ад выгляду дыктара альбо вядоўцы: адзін словы праз зубы цэдзіць, быццам разняць іх з-за сліны ў роце як след рады не дасць, другі страхавітасцю пагляду палохае з экрана, трэці з такою фанабэрай ды пагардай патэнтаваныя казённыя дурноты вяшчае, нібы самога Бога за бараду ўхапіў. І адкуль гэтулькі ўсяго брыдкага, калі, паводле навукоўцаў, арганізм дарослага чалавека ўтрымлівае атрутных рэчываў, дастатковых усяго толькі для знішчэння адной блыхі?

Апекаваўся-апекаваўся колькі гадоў чалавекам і не прыкмеціў, як з добрага дарадцы ў кепскую няньку ператварыўся. Ды надакучыла тое бясконцае, безвыніковае апекаванне – перарваў стасункі. А ён узяў ды і зрабіў сабе «неба ў дыяментах», памёр, у чарговы жорсткі алкагольны ступар увайшоўшы. Сумленне ела, да святара пайшоў дзеля ачышчэння душы. «Ты колькі часу ім апекаваўся? – той спытаў. – Тыдзень? Месяц? Год?» – «Гадоў з дзесяць, не меней». – «І гэтага мала табе? Ідзі і чужых грахоў больш на сябе не бяры. Кожны за стан сваіх справаў ды за жыццё сваё перад Богам найперш сам адказвае». Быццам і правільна яно, ды ўсё адно, як ні паварочвай, – смыліць.

Вусцішы, да якіх прамінулаю датай праз усё жыццё вяртаешся. З тых, што, і ў сне праз дзесяцігоддзі ўзгаданыя, міжволі змусяць сцепануцца. Мае чатыры з найбольш помных: нецвярозы намер «паходу» ў пару студэнцтва ў інтэрнатаўскае вакно на чацвёртым паверсе; балансаванне над прорваю з вострым каменнем падчас рыбнае лоўлі на коўзкай сцяне былой фабрыкі ва Устшэжы; уключаны ды і пакінуты на чатыры гадзіны прас праз два дні пасля пахавання маці ў хаце з заснулым, знерухомленым бядою бацькам; партманет з немалымі грашыма для закупаў да сестрынога вяселля, забыты ў краме на паліцы для кошыкаў і знойдзены там, на шчасце, праз амаль гадзіну пасля адыходу. Жудасці, асэнсаванне якіх з узростам не са сваімі тадышнімі перажываннямі, а найперш з наступствамі для блізкіх – што было б, калі б, крый Бог, горшае ўчынілася? – пачынае асацыявацца.

Не ўмею…

Не ўмею і не люблю ўрабляць зямлю, як умеў і любіў урабляць яе дзед.

Не ўмею элементарна цяслярыць, як умеў бацька.

Не дам рады распаліць печ ці выгнаць гарэлкі, як рабіла тое маці.

Не ўмею адрозніць назоваў траваў, як Панізнік.

Нічога не ўмею з вясковага, апроч як касіць ды даіць карову.

Сялянскі сын...

* * *

Веру ў Бога, як добра ўсё ў жыцці, гарманічна хоць бы збольшага, — і падтрымліваць, і мацаваць нескладана. А варта нейкай благой падзеі, прыкрасці парушыць тую гармонію, – і не тое што лёгкасць сплывае, а і вера сама быццам мізарнее, на другі ці яшчэ які план неўпрыкмет адсоўваецца. І моц трэба немалую мець, каб вярнуць усё на ранейшыя кругі. Вера – не проста «памаліўся», «паспавядаўся», «папрасіў» аб нечым. Вера — няпросты занятак. Калі мець на ўвазе сапраўдную яе, вядома, а не тую, што дзеля прыліку ці старонніх вачэй.

У заходніх раёнах старэйшыя людзі, вернікі ад маленства, кажуць не «верыць у Бога», а «верыць Богу». І больш ёмка другое, і больш шырока, бо сэнсава ўключае ў сябе першае як дадзенасць. І больш дакладна – у сэнсе выяўлення стаўлення асобы да выканання Божых запаветаў. Верыць у Яго існаванне – асабістая справа чалавека. Верыць Яму – значыць, жыць, як намаўляў, кіравацца Яго прыкладам згодна не толькі са сваімі, а і з да сябе падобнага інтарэсамі. Учынкам верыць Яго і слову і прасякнуцца імі незалежна ад таго, ці прасякнуўся яшчэ хто-небудзь побач з табою. І кіравацца імі: голаў попелам пасыпаць, укленчыўшы, перапрасіць за грэх супраць сумлення – нязручныя часам, мулкія рэчы. І «не грашы супраць Бога» – таксама ў нас з перафразам: «не грашы Богу».

Для людзей, якія не прыйшлі да Бога, вера часта асацыюецца выключна з вымольваннем нейкіх дабротаў. Канечне, вера не выключае просьбы, але і сцвярджаць, быццам яна грунтуецца толькі на просьбе, не выпадае. Бо вера — гэта найперш усё-такі ўдзячнасць. Ды, мабыць, асобаў, якія ўмеюць прасіць, а не дзякаваць, значна больш сярод людства, вось і складваецца адпаведнае меркаванне. Наогул жа, вера, то бок стасункі чалавека з Богам, як і лад жыцця, ці выбар асобаў для кантактавання, ці адданне перавагі той ці іншай манеры паводзінаў, тым або іншым маральным прыярытэтам — цесна звязаная з паняццем свабоды, унутранай і публічнай. У звязку з апошнім згадваецца міжволі падслуханая неяк размова святара з атэістам. «Ну, дык калі ёсць Бог і ён стварыў нас усіх, як вы кажаце, то чаму ж Ён не зробіць так, каб мы злога не чынілі? – чалавек запытаўся. – Каб войнаў не развязвалі, не забівалі адзін аднаго, не кралі». — «А Бог вольным стварыў кожнага, як кожны зробім сабе ці іншаму, так і будзе», — адказаў святар.