Выбрать главу
Праўда наша была бясспрэчная: Toe ісціннае, што чалавечнае, З праўдай мы, нібы корань з кронаю, Кругавою жывём абаронаю, Праўда крэўная i адзіная,—           Гэтым праўда наша праўдзівая.
Праўда наша была суровая. Мы за праўду — на плаху галовамі, У пятлі з Каліноўскім гінем мы, Плацім Дальвамі і Хатынямі, Праўда мужная і нязломная,—           Гэтым праўда і векапомная.
Векапомная і суровая, Наша мужная і нязломная,—           Не была ты ніколі бяздомнаю. Беларуская, ды не вузкая — Чалавечная і праўдзівая,—           Не была ты ніколі шкадліваю.
Сарамяжная, і зычлівая, І шчаслівая, і сярмяжная,— Не была наша праўда прадажнаю.
ЖАЎРАНКІ

Амаль балада

Той шнур у полі быў як на пацеху: Па ярыне — агрэх каля агрэха. Смяяліся з Данілы нават дзеці: То плеш, то грыва на зялёнай шчэці. Як быццам не саха ішла загонам, А вепрукі ўзаралі шнур ягоны. Ды не зважаў на кепікі Даніла: А што — калі з ім неба гаманіла? І што — хіба не любіць ён парадак? Зусім, брат, не,— тут проста быў выпадак... Выпадак,— хоць зусім не выпадковы: Нарог жытло аб'ехаў жаўрукова. Гняздзечка з яйкамі пашкадаваў Даніла. А цераз год такое прываліла, Што хоць на поле не выходзь з сахою: Ад жаўранкаў аж не было адбою. Усе Данілаў шнур аблюбавалі I гнёзды — ад праталін зладзьбавалі. «Агрэх — не грэх,— зноў разважаў араты,— Няхай смяюцца — я не вінаваты...» I зерне ў глебу кідаў ля наседак... А песня — напярэймы, песня — следам, А песня — побач, з-пад мяжы, i з неба... «Ат, i было б там з гэтых латак хлеба...» — I пасміхаўся: слухаюць суседзі, Хоць кожны з кпінамі агрэхі ўжо агледзеў.. Стаяў пад небам прадзед мой Даніла — І за спіною прарасталі крылы. І цешыўся: «Не пад'ясі ніколі,— А песня во для ўсіх, над цэлым полем!»
АБ МАЗАЛЯХ
Век машынны пачаў забывацца,— Век машынны, напомніць дазволь: Што такое мазольная праца, Што такое, урэшце, мазоль... Колькі іх — вадзяністых, крывавых — Распухірваецца на далані, Аж пакуль не наб'ецца каравы, Той, сухі, што нібыта з брані. Той шчырун і штодзённы руплівец Напаказ пухіром не тырчыць, Не вылазіць з-пад скуры слівай, Аб заслугах сваіх не крычыць. Знаць не знаецца з пазалотай І не дасць ён жартаўніку Пасмяяцца: гультай за работу, А мазоль — тут як тут — за руку. Вось пра гэты — ходзіць пагудка, Ад яго і прыслоўі ўсе, Аб мазольнай нядолі чутку Ён якраз на ўвесь свет і нясе. Ён якраз і мазоліць вочы, І садзіцца па доўгі язык, Ці на пятку абновай ускочыць, Як абношваеш чаравік. Ды яшчэ ёсць «мазоль працоўны» — Праз рамень перавіслы жывот,— Гэта самы, кажуць, галоўны, Што расце i расце з году ў год А на той руцэ, спрацаванай Не шукай мазалёу дарма,— На прасмоленай, адшліфанавай Не было іх раней i няма! І таму прашу: век машынны, З той рукайся заўжды даланёй, Што ніколі мазольным аршынам Не вымервала долі сваёй. Бо на ёй — не таўро, не пракляцце І зусім, брат, не мазалі,— Гэта працы вузлы, багацце Найчаснейшае на зямлі.
ДЗЕД
Стаптаўся кіёк дарожны, Расплясканаю лапай ступае. Hi стукнуць, ні грукнуць не можа, Нячутна ідзе — як памяць. Перасцярожна i слепа Пыл узбівае пухлы. Блуканняў i выраяў злепак — Дарога — нібыта аглухла. Не вабіць больш i не кліча Далей загуменных прысадаў...
Хаваюцца ціха абліччы У ракаўкі дзедавых згадак. То прамільгне дзяўчына, То ён — зухаваты хлопец... Сплывае дзед аблачынай. І ракаўкі час затопіць...
ПРЫПАР

Балада неперспектыўнай вёскі

Што ж гэта вы, Дзядзькі і цёткі, Дзяды і бабкі, Прадзеды і прабабкі,— Хіба не бачыце, Як зарастае ў поле дарога, Як зарастае поле сурэпкай, Як пражэрлівы «каларадчык» На вусах з хларафосным смуродам (Гэты яд яму — нібы цыгарка) На бульбоўнік выводзіць плойму — Як і сам — жукоў паласатых,— Іх бы трэба сабраць у вёдры Ды спаліць, абліўшы саляркай...