Выбрать главу
Не сьпяшайце, мае коні! Хоць са сьвістам я Пугай б'ю. Ой, ня трэба ляцець! Але ж дасталіся мне коні наравістыя — І дажыць не пасьпеў, і дапець не пасьпець. Коней я напаю. І куплет дапяю, — Хоць імгненьне яшчэ на краі пастаю…
Згіну я — мяне пушынкай ураган зьмяце з далоні, І галопам мяне ў санях павязуць па сьнезе ўранку. Вы на крок ды нетаропкі перайдзіце, мае коні! Хоць крыху падоўжце шлях мой да апошняга прыстанку…
Памарудзьце, коні шпаркія, агністыя! Хай бізун будзе марна трымцець! Але ж вось трапілі мне коні наравістыя — І дажыць не пасьпеў, і дапець не пасьпець. Коней я напаю. І куплет дапяю, — Хоць імгненьне яшчэ на краі пастаю…
Я пасьпеў: да Бога ў госьці не спазьняюцца ніколі. Што ж анёлы там пяюць такімі злымі галасамі?! Ці званочак так заліў сваім рыданьнем навакольле, Ці то коням я крычу, каб не цяглі так хутка сані?!
Не сьпяшайце мае коні — ветры шквальныя! Я малю вас наўскач не ляцець! Ды толькі ж коні ў мяне неўтамавальныя… Раз дажыць не пасьпеў, дык хаця б вось — дапець! Коней я напаю і куплет дапяю, — Хоць імгненьне яшчэ на краі пастаю…

1972

Я вярнуся

Караблі пастаяць — і кладуцца на курс, Але вернуцца зноў скрозь усе непагоды. Не міне і паўгода, — вярнуся ў свой кут, Каб затым зноў пайсьці, Каб затым зноў пайсьці на паўгода.
Што ж, вяртаюцца ўсе, — толькі лепшых сяброў, Толькі самых каханых, згубіўшы, ня вернеш. Так, вяртаюцца ўсе, самых блізкіх апроч… Лёсу веры няма, Лёсу веры няма, ды й сабе хіба верыш.
Але ж хочацца верыць, што гэта ня так, Што паліць караблі хутка скончыцца мода. Я, вядома ж, вярнуся ў сяброўскіх гуртах. Я, вядома ж, сьпяю, Я, вядома ж, сьпяю, — пачакайце з паўгода. Я вярнуся пры марах, вярнуся ў сябрах, Я, вядома ж, сьпяю, Я, вядома ж, сьпяю, — пачакайце з паўгода.

1967