Выбрать главу

1972

Паляваньне на ваўкоў зь верталётаў

Золак быццам лязом паласнуў па вачах. Ляскатнулі куркі, уздымаючы жах. І, адкуль ні вазьміся, узьніклі стралкі, І ўзьляцелі стракозы з пратухлай ракі, І пацеха пайшла — ў дзьве рукі! Ў дзьве рукі!
Леглі мы на жывот, небаракі-ваўкі. Нават той, нават той, хто ныраў пад флажкі, Чуў ваўчыныя ямы падушкамі лап, Той, каго нават куля дагнаць не магла, Узапрэлы ад жаху, прылёг і аслаб.
Я ня чуў, каб жыцьцё дагаджала ваўкам. Марна любім яго, адналюбы. Вось у сьмерці прыгожы, шырокі выскал І здаровыя белыя зубы!
Дык хай дзівіцца вораг на воўчы наш сьмех — Мы сабакам шчэ каркі намылім!.. Але кроўю вытатуірованы сьнег Тае з росьпісам: больш не ваўкі мы!
Мы паўзьлі, як сабакі, стуліўшы хвасты. Жах зьдзіўленьня ў вачах, небу ўзьнятых, застыў: Ці то нас пакараньне спасьцігла зь нябёс? Ці то сьвету канец? Ці ў мазгах перакос? Толькі білі ўналёт нас з жалезных стракоз!
Кроўю вымаклі мы на сьвінцовым дажджы І скарыліся, бо ўсё адно не ўцячы! Жыватамі гарачымі плавілі сьнег… Распачаў тую бойню — ня Бог! — чалавек! Хто ляціць — тым у лёт! Хто бяжыць — тым у бег!
Зграя псоў, не вяжыся! Ваш брэх, як ныцьцё! — Мы на роўных ня ўпусьцім удачы! Мы, ваўкі, любім воўчае наша жыцьцё! Вы ж сабакі й канец ваш сабачы!
Усьміхаюся ворагу, — воўчы мой сьмех Вас і тут не пакіне сухімі! Але кроўю вытатуірованы сьнег З нашым росьпісам: больш не ваўкі мы!
Лес, ваўкі! — Хоць каго з вас я там зьберагу! Гайда ў лес! — Бо цяжэй жа забіць на бягу! Уцякайце! Ратуйце сваіх шчанюкоў!.. Я бягу на вачах напаўп'яных стралкоў І склікаю аблудныя душы ваўкоў.
Хто жывы, затаіўся на беразе тым. Што магу я адзін — тут, на полі пустым? Вочы дрэнна глядзяць! Нос ня чуе здалёк! Дзе ваўкі? Дзе былое лясное зьвяр'ё? Дзе ж ты там, жаўтавокае племя маё?
А наўкола зьвяры шнараць досьвіткам дня З тых, што воўчых ня ведаюць клічаў. То сабакі, — шчэ ж нейкая наша радня! Мы раней іх лічылі здабычай!
І я кідаю ворагу воўчы свой сьмех Аскаболкамі іклаў гнілымі. Але кроўю вытатуірованы сьнег Тае з росьпісам: больш не ваўкі мы!..

1978

Маскі

Наўзрыд сьмяюся — ходарам каршэнь! Мяне, напэўна, лоўка разыгралі: Крукі насоў і выскал да вушэй, Як на венецыянскім карнавале! Шчыльнее кола! Скачуць сотні пар! Мяне хапаюць, цягнуць — віску, ляску! Так-так, здаецца, мой нармальны твар Чамусьці палічылі ўсе за маску. Петарды, канфеці!.. Ды ўсё ня так! І маскі на мяне глядзяць з дакорам. Крычаць, што зноў я павярнуў ня ў такт, Што ногі я адтоптваю партнёрам! Што мне рабіць тут — высьлізнуць вугром? Ці весяліцца з тварам таямнічым? Магчыма, што пад маскамі зьвяроў Бываюць чалавечыя абліччы. У масках, парыках — ну як адзін! Хто з казак, п'ес, а хто — зь літаратуры. Танцуе зьлева сумны арлекін, А справа — кат, і кожны трэці — дурань. Цыбаты хлюст цяпер — пыхлівы цмок. Другі — хавае твар не без апаскі. А хто — ужо адрозьніць бы ня змог Свой твар ад зручнай неадменнай маскі. Я ў карагод іду і рагачу. Але ж мне неяк неспакойна зь імі: А што, як маска ката лаўкачу Палюбіцца — і ён яе ня зьніме? Ці арлекін свой смутак адшукаў І стане песьціць сум, нібыта мары? І што, як дурань маску блазьнюка Забудзе на сваім нармальным твары? Я ў тайну масак некалькіх пранік. Упэўнены, зрабіў выснову ўдала, Што маскі абыякавасьці ў іх Як шчыт ад бруду, ад пляўкоў і ўдараў…