Выбрать главу

1971

Канатаходцы

Ён ня ўдаўся ні званьнем, ні ростам. Не за славай, не ў багацьце На свой незвычайны манер Крочыў ён па жыцьці над памостам Па канаце, па канаце, Нацягнутым, як нерв.
Паглядзіце! Вось ён без страхоўкі ідзе! Ледзь правейшы нахіл — упадзе! прападзе! Ледзь лявей — паратунку і там не знайсьці! Але, мабыць, яму вельмі ж трэба прайсьці Чатыры з гэтакіх чварцін!
Прамяні яго з кроку зьбівалі І калолі, быццам лаўры… Труба разраўлася, як дзьве!.. Крыкі «брава!» яго аглушалі. А літаўры, а літаўры — Што молатам па галаве!
Паглядзіце — вось ён без страхоўкі ідзе! Ледзь правейшы нахіл — упадзе! прападзе! Ледзь лявей — паратунку і там не знайсьці! Ды цяпер яму ўжо засталося прайсьці Тры чвэрці шляху па жыцьці!
Ах, як страшна, як сьмела, як міла!.. Бой са сьмерцю!.. Тры мінуты!.. Задраўшы ў чаканьні насы, З крэслаў залы глядзелі тужліва Ліліпуты, ліліпуты — Здавалася хлопцу з высі.
Паглядзіце — вось ён без страхоўкі ідзе! Ледзь правейшы нахіл — упадзе! прападзе! Ледзь лявей — паратунку і там не знайсьці! Толькі ж — гляньце! — яму застаецца прайсьці Дзьве чвэрці шляху па жыцьці!
Ён сьмяяўся над славаю тленнай, Ды хацеў быць толькі першым — Такога спрабуй утабань! Ён па дроце ішоў над арэнай, Як па нэрвах, і па нэрвах Дробатам біў барабан!
Паглядзіце — вось ён без страхоўкі ідзе! Ледзь управа нахіл — упадзе! прападзе! Ледзь улева — ратунку і там не знайсьці! Ды замрыце! — яму застаецца прайсьці Адну чвэрць шляху па жыцьці!
Закрычаў дрэсіроўшчык, пантэры Клалі лапы на насілкі… Суровы прысуд — дзе ўзяць слоў!.. Быў ён зь верай ці, можа, бязь веры, Ды ў апілкі, у апілкі Праліў ён і прыкрасьць, і кроў!..
Але сёньня другі без страхоўкі ідзе. Тонкі шнур пад нагой — упадзе! прападзе! Правы, левы нахіл — і душы не знайсьці! Ды чамусьці яму надта ж трэба прайсьці Чатыры з гэтакіх чварцін!

1972

Адзін не страляў

На вушы вешаць манку — ужо ня той завод! Мяне страляў уранку са стрэльбаў цэлы ўзвод. За што мне лёс мой бедны і сумны, як сьляза? — Ня тое, каб ня ведаў, ды нельга расказаць.
Мой камандзір мяне аберагаў, Ды нехта на расстрэле настаяў. І ўзвод выдатна выканаў загад, Ды быў адзін, які там не страляў.
Мой лёс ліхі блукае даўно наперакос. Аднойчы языка я здабыў, ды не данёс. І асабіст Суэцін, такі нястомны сам, Яшчэ тады прыкмеціў і нават запісаў.
Ён выцягнуў затым і прывалок Падколаты, падшыты матэр'ял. Ніхто зрабіць нічога ўжо ня змог. Не, змог адзін, які там не страляў.
Рука махнула ў прорву зь бязглуздым гукам «Плі!» І залп мне выдаў пропуск на цёмны бок зямлі. Ды чую: «Дыша, сьцерва! Нясіце да ўрача. Па два разы расстрэльваць — статуты парушаць».
А ўрач пасьля ўсё цмокаў языком І зьдзіўлена мне кулі выдаляў. А я ў трызьненьні гутарыў цішком З тым хлапчуком, які там не страляў.
Я раны, як сабака, лізаў, а не лячыў. У шпіталях аднак я па ўвазе не тужыў. Увесь быў закаханы ў мяне жаночы пол: «Эй, ты, недастраляны! Паўзі-давай на ўкол!»