Аднастайныя кварталы з празрыстых дамоў дзеляцца на чатыры вялікія часткі. У адной жывуць рабочыя, у другой — службоўцы, у трэцяй — інжынеры, у чацвёр тай — ахоўнікі і кіраўнікі. У цэнтры горада — велізарны белы пляц. Такі роўны і бліскучы, як сцены дамоў. Толькі ён не празрысты, а белы-белы. Пасярод пляца ўзвышаецца велічны будынак Кіравання Купалам — высокі прастакутнік чорнага колеру.
Гэта адзіны ў Купале будынак, дзе сцены не празрыстыя. Толькі ў гэтых сценах ёсць прамавугольныя праёмы — дзверы і вокны. Але і праз іх не відаць, што там ўсярэдзіне. Таму што гэтыя праёмы не празрыстыя, а белыя.
Перад гэтым будынкам усё адчуваюць глыбокую павагу. У гэтым будынку працуюць і жывуць самыя разумныя грамадзяне Купала. Ад іх залежыць само Жыццё.
Жэнька павінен добра вучыцца, бо яго генетычны патэнцыял падыходзіць для кіраўніка. Так кажа тата.
Невялікі пляц ёсць у кожным асобным квартале. Пасярод яго — вялікі празрысты дом з прасторнымі заламі — гэта Сталоўкі. Сюды ўсе прыходзяць два разы на дзень атрымліваць сваю порцыю Жыццёвай сілы.
…Сёння на ўроку малявалі фарбамі. Настаўнік павесіў на сцяне вялікі малюнак: гэта Першы Кіраўнік Купала, яго партрэты вісяць у кожным доме, толькі там яны невялікія.
— Вы павінны паспрабаваць намаляваць партрэт Вялікага Першага Кіраўніка, — даў заданне Настаўнік. — Галоўнае: дамагайцеся дакладнай перадачы мужнасці і розуму на яго твары, да дакладнага падабенства не імкніцеся.
Жэнька стараўся. У яго ўсё атрымлівалася: фарбы роўна клаліся на шурпаты ліст. Набіраючы чарговы раз фарбу, ён адчуў выбліск нянавісці. Азірнуўся і ўбачыў злы погляд Мікіты. І ўсё зразумеў: у Мікіты на аркушы былі нейкія брудныя плямы. Хлапчукі неадрыўна глядзелі ў вочы адно аднаго некалькі імгненняў, а потым нечакана Мікіта піхнуў руку Жэнькі з заціснутым пэндзлем.
Пэндзлем Жэнька мазануў па празрыстым стале.
Мікіта зласліва засмяяўся — не ўслых, вядома.
«Чаму яму не звініць званок?» — разгублена падумаў Жэнька, гледзячы на пляму фарбы на сваім стале, — «Учынак Мікіты няправільны ж?» Але новая думка раптам завалодала ім. Ён не мог пакуль яшчэ зразумець усяго сэнсу яе, але думка забілася ў галаве нечаканым адкрыццём: фарба.
— Што ты такі ўзбуджаны сёння? — спытала мама, калі вярнулася з працы і яны разам з усімі ішлі ў Сталоўку. — У цябе ўсё атрымалася ў школе?
— Так, мама, усё атрымалася, — адказаў Жэнька. — Мне спадабалася маляваць фарбамі. Я магу імі маляваць дома?
— Я спытаю Настаўніка, ці можна табе фарбы дадому, — паабяцала мама. — Думаю, табе дазволяць, калі твой малюнак быў удалым.
— Мой малюнак быў лепшым, — без гонару адказаў Жэнька.
Мусіць, мама вырашыла, што Жэнька ўзбуджаны менавіта з-за поспехаў у маляванні.
3
— А кім ты хочаш стаць?
— Мая мама рабочая, а тата — інжынер, — адказала Ліна. — Яны хочуць, каб я вырасла і стала вучоным інжынерам. А ты кім будзеш?
— Не ведаю, — паціснуў плячыма Жэнька. — Тата кажа, што я павінен стаць кіраўніком.
— Ты станеш рабочым і будзеш працаваць у шахце! — пачуўся рэзкі выкрык.
Гэта Мікіта нечакана апынуўся перад Лінай і Жэнькам, якія стаялі, трымаючы адно аднаго за руку.
— І адыдзі ад яе! — з пагрозай дадаў Мікіта. — Яна — мая будучая жонка. Мы падыходзім па генах — так сказаў мне тата, а ён працуе ў сектары Шлюбаў!
— Ідзі сам адсюль! — адчайна, але са страхам, вымавіла Ліна. — Мама казала, што мне прызначаць мужа, калі мы станем дарослымі.
— Маўчы і хадзі сюды, — Мікіта схапіў дзяўчынку за руку і пацягнуў да сабе.
— Адпусці яе! — Жэнька ціснуў свае кулачкі.
— Хлюпік! Пайшоў вон! Яна — мая!
Што здарылася і як гэта здарылася — Жэнька і сам не зразумеў. Але ў наступны момант яго сціснуты кулак урэзаўся ў вусны Мікіты.
І тут жа зазвінеў званок, другі, потым тата паслаў свой выбліск гнеўнага асуджэння, захвалявалася мама.
А Мікіта стаяў і ўсміхаўся:
— Атрымаў два званкі? Ты яшчэ не тое атрымаеш! Я табе пакажу…
Але Ліну ён адпусціў, і дзяўчынка са страхам і жалем глядзела на Жэньку: атрымаць два званкі, такіх гучных і працяглых за адзін дзень — гэта страшна.
— Ты ўсё зразумеў? — перад дзецьмі паўстаў Настаўнік.
— Так, Настаўнік, — адказаў Жэнька.
— Табе засталося тры званкі. Пасля іх ты будзеш выгнаны са школы. І гэта значыць, што тваё месца — шахты Далёкай Мяжы.