Выбрать главу

Праз тры гады яны стануць мужам і жонкай. А цяпер абвешчаны спіс забараняе ўсім іншым, акрамя абранага мужа, жадаць чужых нявест.

Для супакаення юначых жаданняў існуюць асобныя жанчыны — тыя, каму не дазволена нараджаць з-за іх недасканалага геннага кода. Такія часам нараджаюцца. Іх адпраўляюць у Дом Выканання мужчынскіх Жаданняў.

Потым прайшоў рытуал апранання абручоў на левую руку. І ў першае імгненне Яўгену здалося, што ягоны мозг не вытрымае той хвалі эмоцый, якая абрынулася на яго. Ён стаў адчуваць усіх жыхароў Купала — у гэтым хаосе імгненна страціліся і мама, і Ліна. І толькі Мікіта. Мікіта адшукаў яго адразу і паслаў яхідную насмешку.

Так, Мікіту нездарма адпраўляюць у ахоўнікі — ён лепш за ўсіх у іх класе арыентаваўся ў эмацыйным полі.

Пасля святочнага абеду ў Сталоўцы адбыліся канцэрт і гульні на Галоўным пляцы, потым усім абвясцілі вольны час — цэлых тры гадзіны да пацямнення Сонца.

6

— Пойдзем, сынок, — маці паклікала Яўгена за сабой, павяла ўздоўж вуліцы з празрыстымі скрынкамі дамоў кудысьці ад цэнтра горада.

— Куды мы ідзём? — Яўген разгублена азіраўся — здавалася, увесь горад цяпер выходзіў па вуліцах за межы горада. Маці ішлі з сынамі, дочкі — з бацькамі.

— Сёння ж Дзень Прысвячэння, — нагадала маці.

— Я ведаю… Але няўжо не ўсё прайшло?

— Не, не ўсё. Сёння маці з сынамі, а дочкам з бацькамі дазволена пакінуць горад да змяркання. Маці павінны расказаць, навучыць сыноў быць мужчынамі.

А бацькі — дачок…

— Я не пайду з табой, — спыніўся аглушаны Яўген. — Я не пайду.

— Пойдзем, сынок… — ласкава ўсміхнулася маці. — Пойдзем. Я абяцаю табе…

Я абяцаю табе, што ўсё будзе не так…

— Мама!..

— Я цябе вельмі прашу, сынок…

Маці ўзяла Яўгена за руку, і ён пайшоў, даверыўся яе пачуццю, бо яе перапаўняла ў гэты момант незвычайнае хваляванне.

Яны адыходзілі ўжо ад ускраін горада. Шматлікія пары бацькоў і дзяцей веерам разыходзіліся з адной вуліцы далей і далей ад горада.

Ішлі па цвёрдай жаўтлява-шэрай паверхні. Яўген ведаў, што глеба пад іх нагамі стала такой на многія кіламетры ўглыб пры будаўніцтве Купала. Пакрысе на аднастайнай раўніне пачалі трапляцца невысокія скалы. Маці вяла яго ўпэўнена.

Удалечыні зачарнела на жоўтым прасцягу, дзве плямы. Яны падышлі да плям, і Яўген убачыў, што гэта дзве аплаўленыя часткі скал, якія крышку ўзвышаліся над агульнай паверхняй.

Спыніліся. Яўген агледзеўся — горад ляжаў унізе, прама перад імі, чатырма велізарнымі зіхоткімі квадратамі. Чорны будынак Кіравання вырастаў з цэнтра. За спінай Яўгена, у некалькіх гадзінах хады Купал плаўна апускаўся ўніз, зліваўся з шэрай зямлёй. Дзесьці там знаходзіцца Труба Смерці…

— Цяпер, сынок, я раскажу табе тое, што распавяла мне мая мама, а ёй — яе бацька, яму ж — яго мама, і яшчэ раней бацькі перадавалі сваім дзецям, — ціха загаварыла маці. — Не пытай мяне ні пра што, бо за даўнасцю часоў многія словы страцілі для мяне сэнс і значэнне. Я толькі выконваю абавязак маці і волю нашых продкаў. Стань на гэты камень, а я стану на другі.

Маці ўзышла на цёмную пляму. Яўген зрабіў крок да другой плямы і раптам адчуў, што ў маці прапалі эмоцыі. Не, яна, вядома ж, адчувала нешта сама, але ён не адчуваў яе.

У поўнай разгубленасці юнак стаў на гладкую цёмную паверхню — і раптам быццам аглух.

Усе пачуцці зніклі. Не, не яго пачуцці — зніклі чужыя пачуцці. Імгненне таму ён адчуваў увесь горад: бацькоў, настаўнікаў, Мікіту, Ліну — і ўсё раптам знікла. Засталося толькі яго ўласнае здзіўленне і незвычайнае, усё нарастаючае захапленне, запоўнілі сабой ягоную свядомасць. Дык вось як гэта — калі ў табе жыве толькі тваё.

— Што здарылася, мама? — шэптам спытаў Яўген.

— Г этыя камяні экраніруюць эмацыйнае поле, — з цеплынёй гледзячы ў вочы сыну, адказала маці. — Можа быць, недзе яшчэ ёсць такія месцы, але ў памяці нашых продкаў засталося толькі гэта. Нам нельга тут доўга быць. Паслухай тое, што я павінна табе перадаць. Але перш пакляніся, што ты перадасі гэта свайму сыну альбо дачцэ. І нікому больш, нікому!

— Клянуся, мама, — ледзь утаймоўваючы нечаканую дрыготку, адказаў Яўген.

Маці лёгка прысела на камень, падабраўшы пад сябе ногі.

— Садзіся і ты. Слухай, сынок, — ласкава запрасіла яна, пачакала, пакуль сын уладкуецца і зусім не чакана для Яўгена заспявала:

Дзе неба найсіней, Пад ім злат-горад ёсць З празрыстай вострай брамаю І зорнай яскрынёй. А ў горадзе тым сад. Там красак не злічыць. Звяры там ходзяць гожыя, Што нельга і ўявіць. Адзін — агністы жаўтагрывы леў, Другі — бушлівы шматвачысты вол. А яшчэ арол там — дзіва-птушка, Златакрылая і яснавокая. Дзе неба найсіней, Там зорка ёсць адна. Яна з табой, анёле мой, З табой заўжды яна. Хто любіць, той і люб. Хто светлы, той і свят. Іты за гэтай зоркаю Ў дзівосны крочыш сад. Цябе сустрэнуць жаўтагрывы леў, Бушлівы сіні шматвачысты вол. А яшчэ арол там — дзіва-птушка, Златакрылая і яснавокая.