Калі аповеды пра тое, што Гліст нават з-пад сонных можа выцягнуць прасціны, і былі перабольшаннем, то дакладна вядома, што ён быў у стане выцягнуць ключы з-пад падушак змораных сном гаспадароў і найстаранней абшукаць усю кватэру.
Баран пачаставаў прысутных цыгарэтамі і запаліў сам. Заўважыў кнігу, якая ляжала на стале ў хлебных крошках. Узяў яе ў руку і павольна прачытаў: «Арыф-меты-ка». Глянуў на Прафесара і прабурчэў:
— Пра што тут рысуюць?
Прафесар варухнуўся, адкашляўся ў кулак і падняў уверх бровы:
— Гэта такая навука, як, напрыклад, геаграфія. Толькі геаграфія больш патрэбная кандуктарам у цягніках і іншым хімікам, а гэта для купцоў.
— Каб ім было лягчэй пускаць пыл у вочы людзям і так далей, — умяшаўся Філіп Лысы.
— Ну так… Яна і для астраномаў патрэбная, каб вызначаць, якое будзе надвор'е, — працягваў сваю лекцыю Прафесар.
— Гэта, бадай, ужо вялікія хітрыкі, — падтрымаў Баран.
— Вядома, што хітрыкі, — ажывіўся Філіп. — Я ведаў аднаго такога хама. Дык ён таксама меў кнігу, дзе пра надвор’е пісалася і так далей. Каляндар называецца. Гэты ёлупень вычытаў там, што цэлы тыдзень не будзе дажджу і так далей. Ну, і наняў работнікаў сена касіць. Праца была, аж дым курэў. А тут раптам на чацвёрты дзень як уваліць дождж і так далей. Усё сена яму ў рэчку знесла.
— Ну, там зусім іншае, — аўтарытэтна прамовіў Прафесар. — Календары складаюць розныя там варажбіткі і знахары, а астраноміяй толькі найбольшыя купцы і генералы займаюцца.
— Але ж той хам і даў маху. Выходзіць, што ўкляпаўся і сам сабе ў твар напляваў, — сказаў Баран.
— А ведаеш, што ён з календаром зрабіў?
— Ну?
— Прывязаў да яго камень і — хлюсь у сажалку.
— От дурны! — цвёрда секануў у стол далонню Прафесар. — Чалавек з аліментарным разуменнем ніколі б такога не зрабіў. Гэта таксама, каб у нас некаму работа не пайшла, а ён бы адмычкі выкінуў у туалет.
— А я так сабе думаю, — зрабіў выснову пасля пэўнай задумы Філіп. — Што той хам з календаром дык здурнеў. Бо кнігі яны ж вельмі шкодныя. І ў галаве ад іх можа ўзнікнуць такая мешаніна. А ёсць і такія, што зусім вар’яцеюць: чытаюць, чытаюць і самі давай пісаць… Вось Абрам — пісаў і дапісаўся.
— Гэта піва з іншай бочкі, — сказаў Прафесар.
Яны пачалі размаўляць пра затрыманне Абрама Геблюма, які меў манію пісаць уласнае прозвішча на кожным абрыўку паперы, у кніжках, нават на платах каля брыдкіх словаў, што ўтварала незвычайнае спалучэнне, так што з яго смяяліся… Нядаўна ўзялі павука (абакралі краму). Усё даставілі да скупшчыка і атрымалі капусту. Абрам забраў сваю долю і даўся на хованку. Выпіў і лёг спаць. І нават не сніцца яму, што яму кайданкі ўжо рыхтуюць. А тут гінты прыходзяць і вяжуць яго. А ён упёрся: там і там быў у тую пару, той і той яго бачыў. Магу сведкаў прадставіць. А яны адно смяюцца. Толькі на Серпухаўскай, дзе быў Следчы аддзел, яму паказалі паперу, якую ён выкарыстаў справіўшы патрэбу, і пакінуў за крамай на зямлі. Там, як у грамаце, было выпісана шматкроць: «Абрам Геблюм… Абрам Геблюм…» Ён ледзь не ашалеў, так яму шкада было. А таксама шанаваны злодзей.
У гэты момант азваўся Філіп Лысы:
— Я таксама з адной такой кнігай меў прыгоды. Пальнуў яе на сцежцы вечарком у аднаго фраера ў скверы і так далей… Для жарту: няхай пашукае, бо што мне з той кнігі. Прынёс яе дахаты. Думаю, дам дзецям, будуць караблікі рабіць і так далей. Але разгарнуў і чытаю адну старонку, потым другую. А пазней пайшло, пайшло і паехала. Два тыдні так чытаў.
— І што ж там было? — зацікавіўся Прафесар.
— Пачакай! Не спяшы ўперад бацькі ў пекла! — буркнуў Філіп, які быў вельмі ганарысты.
— Ну, ну… Дык што ж там было? — Прафесар выказваў штораз большую зацікаўленасць.
— Што было?.. Што было?.. Тое было, што Зямля, — Філіп вылупіў і так вырачаныя наверх вочы, — круглая. — Злодзей акрэсліў у паветры кола далонню. — Як кавун. А мы на тым кавуне жывём… Па ім ходзім.
— Лухта… — трагічна ўздыхнуў і ўпершыню за ўсю размову адазваўся Гліст.
— Ну, а гэта значыць, — ажывіўся Баран, — не ўсе ходзяць нармальна… Некаторыя галовамі ўніз.
Гліст зайшоўся бязгучным смехам.
Прафесар хацеў нешта ўставіць, але Філіп затрымаў яго рухам рукі і далей цадзіў урачыста:
— І што яна… — тут ён зрабіў даўжэйшую паўзу, а потым кінуў, як бомбу, — круціцца!.. Як кола ў аўтамабілі, толькі яшчэ хутчэй…
Гліст знову зарагатаў.
— І што ў ёй усярэдзіне агонь заўсёды гарыць, а мы ходзім як па шкарлупінні ў яйку.
— Чаму ж тады ног не паапякаем?.. — зноў прашаптаў Гліст.
— А чаму нафта не запальваецца?.. Яна ж таксама ў зямлі? — Баран агаломшыў Філіпа сваім пытаннем.
— Менавіта. — згадзіўся Філіп, узняўшы ўгору бровы і пальцы. — Гэта ж я, хлопцы, з дому спачатку баяўся выйсці. А раптам, думаю, сарвуся з гэтага кавуна і палячу ў свет. Але пазней я зразумеў, што гэта ўсё абы-што. Нейкі фраер хацеў іншым фраерам пусціць пыл у вочы. Але я не дамся абуць мяне ў лапці, — пасля гэтых словаў Філіп шырока пазяхнуў і абвёў прысутных позіркам.
Прафесар быў што выбіты з сядла, але спрабаваў бараніць навуку. Ён зрабіў сур’ёзную міну, звёў бровы і выдаў:
— Ну, ведаеце, кніжка кніжцы не раўня, яны ўсялякія бываюць…
— Так, — згадзіўся Філіп. — Яны бываюць розныя: і тоўстыя, і тонкія, і з чырвонай вокладкай, і з зялёнай… з карцінкамі таксама ёсць. Але ніякага пажытку з іх няма. Толькі адно марнаванне паперы. А калі хто і ёсць разумнейшы, то не таму, што кнігі чытае, а толькі таму, што ён не лунае ў аблоках.
— А адкуль, — зрабіў пастку Прафесар, — людзі набіраюцца розуму, калі не з кніжак?
Філіп пагардліва прасоп і звысоку паглядзеў на Прафесара:
— Ад іншых разумных людзей вучацца. Вось што… Гэта як шчаня ад старога сабакі альбо кацянё ад ката і гэтак далей.
Навуковая дыскусія трывала б, магчыма, яшчэ доўга, але ў пакой увайшла Цыпа. Калі рудая Хана была вельмі прыгожая, то Цыпа — ейная сястра, старэйшая толькі на пару гадоў, — была нібы ўвасабленнем брыдкасці. Перадусім яна была неахайная: заўсёды запэцканы нейкім тлушчам перад сукні, з-пад якой вылазілі канцы паласатых мультановых панталонаў. Твар у яе быў кашчавы, зялёны, дэфармаваны. Губы сінія, бровы адсутнічалі. Павекі пачырванелыя. Вочкі ляталі ў налітых крывёй вачніцах. Валасы хутчэй папялістага колеру.
Цыпа падышла да Барана і, таямніча прымружыўшы адно вока, ціха прамовіла:
— Ну, і што пан Алік скажа?
— Жывецца памалу, — адказаў Баран. — Вось дай нам дзве пірамідкі сівухі, але ведаеш — мікалаеўскай. Глядзі толькі, занадта ўжо не падлізвайся. Я гэтага не люблю. Ну, і закускі.
— Ёсць шчупак па-нашаму…
— Давай!
— І булачкі… Салодкія, як цукеркі…
— Цягні!
Не паспела Цыпа выйсці з пакою, як дзверы адчыніліся, і ўсярэдзіну ўвайшлі два мужчыны. Адзін высокі, шчуплы, вельмі гнуткі і тонкі. У яго былі шэрыя вочы, густыя цёмныя бровы і вельмі сімпатычная ўсмешка. Гэта быў слынны варшаўскі злодзей — Янка Залаты Зуб. З прафесійных прычынаў залаты зуб даўно ўжо быў заменены на белы. Але мянушка пайшла за ім у свет. Другі мужчына быў сярэдняга росту. Ягоны твар меў вельмі правільныя рысы, але ў той жа час вельмі пасрэдныя. Вылучалі яго толькі надзвычай малыя, нібы жаночыя, прыгожай формы вушы. Гэта быў Казік Марацкі, віленскі злодзей і даўні супольнік ды калега Барана з работаў і турэмных адседак. Казік меў сваю прымаўку, — «той існы». А ягоны пінжак быў беспамылковым указальнікам настрою. Гэткі псіхалагічны барометр, як у Жардоня шапка, які бездакорна сведчыў пра настрой уладальніка: калі расшпілены, а рукі ў кішэнях — Казік пры грашах і добра пачуваецца; калі зашпілены — усё кепска, да халеры клопатаў, і ў дадатак мортус[15] даціскае… Затое Янка Залаты Зуб аніякага барометра не меў і заўсёды быў у цудоўным настроі. Ягонай любімай прымаўкай было: «Франак, не рабі ветру».
Калі новапрыбылыя пераступілі праз парог, Баран крыкнуў Цыпе, якая акурат выходзіла:
— Дадай яшчэ адну пляшку!
Казік Марацкі расказваў Барану пра Вільню:
— Паскудна там. Работы ніякай няма.[16] Усе ходзяць п’яныя з голаду. Увесь горад у стужках[17] шпацыруе. Цяпер троху лепей, але я быў на выставе[18]. Думаю: паскудна! Калі мяне зноў павяжуць, то я загнуся на нарах, таму абрабіў локцеўку,[19] семдзесят сем рэчаў[20] — за пас, і папёр сюды.