Выбрать главу

Скончым, аднак, наш экскурс у недалёкае мінулае i праканстатуем сумны факт: з усіх нядаўніх публікацый Л. Галубовіча лепшаю з'яўляецца падборка вершаў у «Голасе Радзімы», выбраная Яўгеніяй Янішчыц з «Таемнасці агню». Зусім слабенькія, на ўзроўні сярэдняга пачаткоўца, вершы ў «Чырвонай змене»: снег, каханне, зіма, вясна, зноў каханне. Падборкі ў «Полымі», «Беларусі», «ЛіМе» — значна лепшыя, але побач з моцнымі, глыбокімі творамі («Воля», «Дарожная элегія», «Канец лютага») суседнічаюць творы легкаважныя, «эфектныя», зусім не вартыя таленту паэта. Куды больш, аднак, непакоіць не з'яўленне ў Леаніда Галубовіча слабых твораў, чаго не ўдалося пазбегнуць ніводнаму аўтару, а тое, што амаль кожны трэці твор прысвечаны паэзіі, разуменню яе Л. Галубовічам i яго месцу ў ёй, у кожным трэцім творы прамільгне перад вамі вобраз паэта альбо праслізне слоўца «геніяльнасць». Не заўсёды такія вершы слабыя, часам i наадварот, але сама тэндэнцыя — сімптаматычная i неяк насцярожвае, адсвечвае другаснасцю i часовай зацыкленасцю праблематыкі.

Вось, напрыклад, верш «Сустрэча» —напісаны, трэба думаць, пра каханне і памяць, пра няўмольнасць часу i перамогу паўсядзённых чалавечых клопатаў над вечнымі пачуццямі. Пакінем на сумленні аўтара глыбакадумны «наватарскі» пачатак верша («Як было гэта ўсё даўно?! Як даўно гэта ўсё было?!») i лірычна зробленую канцоўку («Толькі памяць аб светлым леце з намі блудзіць па белым свеце»), хоць заўважым, што памяці больш прыстойна блукаць, а не паводзіць сябе, як блудніца.

Звернемся непасрэдна да сэнсавага ядра верша, да сустрэчы з жанчынай, i ўважліва прыслухаемся да інтанацыі твора, прыгледзімся да манеры выяўлення.

Я нядаўна сустрэў яе Па дарозе з адной сталіцы. Не пазнала, ці не пазнае, Ці былое ўспомніць баіцца, Павітаўся. Падсеў. Спытаў: «Як жывы цяпер ваша светласць?» «Дом... Работа... I столькі спраў...» — Адказала яна няветла. «Ну, а вы? Ходзяць чуткі — паэт?!» «Так, — кажу, — ходзяць нейкія чуткі. Ды такі ўжо, — смяюся, — наш свет: Зарыфмуеш два словы — i Пушкін».

Самаіронія, іронія да іншых; але Пушкін — не Пушкін, а Сяргей Ясенін — аўтар, акрамя ўсяго астатняга, паэмы «Анна Снегіна» — неяк у гэтым вершы маладога паэта выразна адчуваецца: i ў манеры трымацца, i ў інтанацыі, i нават у самой сітуацыі, па сутнасці.

Літаратурная крытыка — справа ў вялікай ступені суб'ектыўная, асабліва ў падборы цытат i выкарыстанні тых ці іншых вершаў для ацэнкі творчасці паэта на пэўным этапе. Безумоўна, калі б мы ўзялі для разгляду такія нядаўнія вершы Л. Галубовіча, як «Дарожная элегія», «Канец лютага», «Паэзія, ці станеш ты працягам...», альбо ўсяго толькі верш «Воля» — просты, па-дзіцячы мудры, вывераны як законамі жыцця,_так i законам! мастацтва, — высновы нашы былі б зусім іншыя, дыяметральна супрацьлеглыя i самыя што ні ёсць аптымістычныя. Вось толькі ці былі б яны карысныя для паэта Леаніда Галубовіча?..

Шмат публікуецца Адам Глобус, i шмат гадоў чытачы чакалі, калі нарэшце з'явіцца яго першая кніга, якая дазволіла б атрымаць дастаткова цэласнае ўяўленне пра творчасць гэтага арыгінальнага паэта. Чакаў кнігі i сам А. Глобус, але i яго паэтычныя падборкі вылучаюцца прадуманасцю кампаноўкі вершаў, кожная з ix прыадчыняе перад намі нечаканую ўласцівасць яго таленту.

Урбаністычнасць у яго вершах суседнічае з этнаграфічнасцю, міфалагізм узмацняецца прадметнай i фарбавай сімволікай, структурная герметычнасць узрываецца калі-нікалі камунікатыўнай адкрытасцю, а далікатная, паўтанальная ўскладнёнасць назіранняў чаргуецца з яркімі, адназначна кідкімі фарбамі наўмыснага мастацкага прымітывізму. У Адама Глобуса выпрацавалася свая, апазнавальна-выразная манера выяўлення, але з шырокім дыяпазонам варыянтаў, што ратуе ад павярхоўнай зададзенасці i аднастайнасці. Як пластычна i выразна, напрыклад, малюецца вецер у аднайменным вершы, сціслым i інфарматыўна кампактным:

Ён брахаў скалазубым сабакам, I на коміне чортам выў, I завязваў вузламі дым, За фіранкамі ціха плакаў...

Праўда, трапляюцца ў яго вершы відавочна недапрацаваныя, сырыя: «Парасоны», «Займеннікі», i калі першы з ix увогуле не выклікае ніякай цікавасці, то ідэя другога твора (небяспека пратэзацыі i штучнасці чалавечага шчасця, чалавечых пачуццяў) — цікавая i паэтычна дзейсная, вось толькі цяжка дабрацца да яе i да трох наступных строф праз першую «калекапратэзную» страфу — кангламерат верша i лекцыйнага паведамлення: