Выбрать главу

Увогуле, абыгрыванне назваў вёсачак па-ранейшаму прагрэсіруе ў паэзіі («Трыпціх» Я. Хвалея, верш «Жыткавічы нібыта...» У. Мазго), i па-ранейшаму лунае над «шчаслівай» зямлёй матыў «лепшага ў свеце» «роднага куточка», куды «вядуць усе дарогі»:

Родны край мой! Радзіма-маці! У паклоне нізкім хілюся I жыццём прысягаю: спяваць мне Песню вернасці Беларусі! Мікола Аляхновіч Кут найлепшы ў свеце Сёння — зазірніце. Тут, як сонца, свеціць Слава у зеніце.
Уладзімір Мазго
Сустрэчы, спатканні, трывогі — Жыцця таямнічы клубок... Я лепшай не знаю дарогі, Як гэта, што ў родны куток.
Віктар Трусевіч

I калі М. Аляхновічу i В. Трусевічу, як пачаткоўцам, можна яшчэ неяк дараваць падобныя паэтычныя радкі, спісаць на нявопытнасць i недастатковую выхаванасць густу, то з'яўленне «слаўных» вершаў у публікацыях Уладзіміра Мазго насцярожвае i непакоіць куды больш.

Шмат што не задавальняе пакуль што i ў вершах Валянціны Аколавай, якая свядома імкнецца да ix фальклорнай арнаментнасці, народна-песеннай аздобленасці. Прычым гэткі шлях абраны свядома i сцвярджаецца не толькі фальклорнымі стылізацыямі, але i ў іншых вершах, непасрэдна слоўнымі канстатацыямі:

Мой краю, па архівах i музеях Цябе турыст замежны пазнае. Пытае пра Гастэлу i Казея I пра вытокі мужнасці твае. Цікавіцца пра Полацк i Скарыну, Наведвае трагічную Хатынь. Глядзіць на чырвань помнікаў каліны I нарачанскую азёраў сінь... А я цябе па песнях вывучаю, Радзімай блаславёная — жыву...

Цяжка, канечне, уявіць у архівах — турыста, ды яшчэ замежнага, які бачыць, прытым у каліне, чырвань помнікаў (для гэтага трэба нарадзіцца на гэтай зямлі); вывучэнне роднага краю па песнях — адзін з лепшых шляхоў да разумення душы народа, хаця i не адзіны, паэтэса ж, блаславёная радзімай, злучнікам «а» супрацьпаставіла сябе i архівам, i музеям, i нарачанскім азёрам, i ўсяму астатняму: менавіта так атрымоўваецца, калі верыць логіцы верша «Беларусь».

Агульны малюнак развіцця маладой беларускай паэзіі досыць супярэчлівы, тоіць у сабе нямала супрацьлеглых з'яў i працэсаў, складаецца з паэтычных індывідуальнасцей рознага ўзроўню, розных патэнцыяльных магчымасцей, якія не аднолькава выявілі свае здольнасці i не аднолькава знаёмыя чытачу.

Некалькі гадоў назад у літаратурнай дыскусіі на старонках «ЛіМа» выказваліся думкі пра недастатковы ўзровень развіцця маладой паэзіі. Шмат каму такія меркаванні здаліся неаб'ектыўнымі, памылковымі; магчыма, шмат хто i меў рацыю, выказваючыся больш аптымістычна. Але зараз, калі ўспамінаеш тую спрэчку, са здзіўленнем адзначаеш, што ў час дыскусіі не было яшчэ першых кніг Л. Галубовіча, Л. ДранькоМайсюка, А. Сыса, А. Пісьмянкова, В. Шніпа, А. Канапелькі, А. Глобуса, I. Багдановіч, А. Мінкіна, Г. Булыка, ды i друкаваліся гэтыя аўтары тады значна радзей. А зараз менавіта з ix творчасцю звязана пакуль што большасць таго цікавага i адметнага, што прынесла i прыносіць маладая паэзія ў беларускую літаратуру. Таму, калі ўлічыць гэткую метамарфозу апошніх гадоў, можна сказаць, што маладая беларуская паэзія ў цэлым прагрэсіруе, відавочна развіваецца i ў колькасным, i ў якасным напрамку.

Але, зноў жа, толькі — у цэлым, i калі павышэнне якаснага ўзроўню, зразумела, не выклікае ніякіх праблем, то прыкметнае павелічэнне колькасці маладых аўтараў стварае відавочныя праблемы перад выдавецтвамі i рэдакцыямі, тым больш, што чытацкая цікавасць да нашай паэзіі падае, i падае не толькі па віне кнігагандлю i саміх паэтаў. Так, калі ў 20-х гадах кожны пісьменны юнак ведаў на памяць дзесяткі вершаў Міхася Чарота i Паўлюка Труса, то зараз цяжка знайсці выпускніка сярэдняй школы, які б помніў тры-чатыры беларускія вершы са школьнай праграмы альбо хаця б чуў пра таго ж Міхася Чарота.

Мы радуемся з'яўленню мноства новых імёнаў у рубрыках «Упершыню ў нумары», «Паэтычны дэбют» i г. д. i не задумваемся, як потым гэтыя аўтары будуць друкавацца без рубрык.