Выбрать главу

Наступныя трыццаць гадоў не прынеслі беларускай паэзіі ў распрацоўцы тэмы горада ніякага плёну, азначаная Багдановічам i Жылкам традыцыя перарываецца, як i некаторыя іншыя традыцыі пачатку стагоддзя i 20-х гадоў.

Што датычыць гарадскіх матываў у сучаснай паэзіі, то найбольш поўнае ўвасабленне яны атрымалі пакуль што ў творчасці Анатоля Вярцінскага (у 60-я гады, на хвалях асучаснівання паэзіі, тэхнізацыі i эстрадызацыі яе) i Міхася Стральцова (у 70-я). Зноў жа, гэта зусім не азначае, што іншыя беларускія паэты пра горад не пісалі: пісалі, але ў ix творчасці пэўная колькасць вершаў пра горад не акрэслілася ва ўнутраную тэндэнцыю, ix таленты развіліся ў іншых кірунках.

У паэзіі Міхася Стральцова урбаністычныя матывы праявіліся з асаблівай сілай i глыбінёй, набылі найбольш арыгінальнае i адметнае структурнае ўвасабленне, хаця i не запоўнілі сабой усю паэтычную творчасць пісьменніка. Вершы М. Стральцова «У горадзе пасля дажджу...», «Трамвай, як сараканожка...», «Халадзільнік», «Стамляецца нават метал...», «Вяртанне з работы», «Балада вуліцы», «Думаў яшчэ нядаўна...», «Вунь i яно, успамінаў лісцё...», «Маўчанне», «Асацыяцыя» i некаторыя іншыя вызначаюць пакуль той узровень, якога дасягнула беларуская паэзія ў асэнсаванні тэмы горада, a ў пэўных адносінах акрэсліваюць наступны шлях да паэтаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў першай палове 80-х.

Я — вуліца, я — рака. Праз водарасці рэклам плыву ў затокі плошчаў, у рукавы завулкаў праз астравы кварталаў i мікрараёнаў мацерыкі. У маіх затоках нерасцяцца машыны, слізка мігцяць бакамі тралейбусы, аўтобусы, трамваі, туга напханыя даволі абрыдлымі мне стварэннямі, адно на адно падобнымі, бы ў мікрараёне дамы.

Верш «Балада вуліцы», пачатак якога працытаваны вышэй, у гэтых адносінах адзін з магістральных твораў паэта.

Наватарства А. Вярцінскага, М. Стральцова, уплываючы на творчасць некаторых маладых паэтаў, таксама шмат у чым наватараў, акрэсліваецца з гэтай прычыны ў традыцыю, але традыцыю, якая мае ўсе прыкметы патэнцыяльнага развіцця, працягу на іншых структурных узроўнях.

Таму, кінуўшы пагляд на урбаністычныя матывы ў беларускай паэзіі 80-х гадоў, мы вызначылі ў гэтых адносінах менавіта творы маладых паэтаў А. Глобуса, В. Маслюка, Г. Булыка, у творчасці якіх гэтыя матывы найбольш выразныя, выяўляюцца ў тэндэнцыю (хаця зноў агаворымся, што ў такіх рамках ix паэзія не замыкаецца), а не пайшлі па шляху вышуквання гарадскіх вобразаў i адценняў у старэйшых паэтаў, творчасць якіх вызначаецца іншымі вартасцямі i дасягненнямі.

Але, паколькі урбанізацыя паэзіі цесна, а часам i непарыўна звязана з інтэлектуалізацыяй i «тэхнізацыяй» паэзіі, нельга, закрануўшы урбаністычную тэматыку, не адзначыць такіх таленавітых паэтаў, як Алесь Разанаў i Уладзімір Някляеў, альбо аўтара «Сурмы» Алега Мінкіна, аўтара «Вандроўніка» i «Над пляцам» Леаніда Дранько-Майсюка. Цікава пачыналі ў гэтым напрамку У. Сіўчыкаў, У. Сцяпан.

Безумоўна, што i іншыя паэты прыйдуць хутка «ў горад» (і з горада), бо гэтага ад ix патрабуе не толькі урбанізацыя паэзіі, але i урбанізацыя самога жыцця.

СЦЕЖКІ ВАНДРОЎНІКА

Кніга Леаніда Дранько-Майсюка «Вандроўнік» шмат у чым не падобная на першы зборнік паэта, якім мы сабе яго ўяўляем. I хоць высокі ўзровень вершаў таксама не выклікае сумненняў, але такія паняцці, як узровень, сіла, ступень таленавітасці, у сваім звычайным разуменні застануцца па-за ўвагай нашага разгляду. Ступіўшы на такі небяспечны шлях, шлях, поўны магчымых памылак i абмежаванасцей, суцешымся адзінай перавагай — гэта дасць нам магчымасць найперш звярнуць увагу на творчую манеру Л. Дранько-Майсюка, на сутнасць яго паэтычнага светаадчування. Бо менавіта па гэтых характарыстыках у першую чаргу прыцягваюць да сябе вершы «Вандроўніка». I яшчэ — гэты шлях пры ўсёй сваёй неадназначнасці i другаснасці дазваляе сур'ёзна i грунтоўна разгледзець асаблівасці, структуру твораў, прынцыпы мастацкага мыслення паэта.

Абавязковая прыкмета кожнай першай кніжкі — патрэба знайсці свайго чытача. Нават, акрэсленей,— патрэба ўвагі, зацікаўленасці чытача. З гадамі гэтае падсвядомае пачуццё набывае разумныя памеры, але ў маладых паэтаў яно ўзмоцнена i звязана, мусіць, ca звычайным хваляваннем, з бояззю застацца непачутым, незаўваяжаным. I таму, загарнуўшы апошнюю старонку першай кнігі паэта Леаніда Дранько-Майсюка, здзіўляешся — няма падкрэсленай прагі чытача, аніякага прымусу, прэтэнзіі на цікавасць i, адпаведна, увагу не заўважаецда. Як ні дзіўна, пасля радаснага абурэння ўзнікае пачуццё, быццам чагосьці не зразумеў або зразумеў павярхоўна. Спыняешся ў нерашучасці, разгубленасці, каб толькі потым, адкінуўшы загадзя падрыхтаваныя ацэнкі i вымярэнні, нешта адчуць (шлях суадчування пры адпаведна настроенай танальнасці i будзе, мусіць, найбольш плённы ў разуменні гэтага паэта):