Сэнсавую i пачуццёвую закончанасць, аб'яднанасць зборніку Л. Дранько-Майсюка акрамя агульнай настраёвасці вершаў надаюць таксама скразныя вобразы i матывы, у першую чаргу—матыў вандравання i вобраз вандроўніка, якія сустракаюцца амаль што не ў палове вершаў, а разам з імі — вобраз лодкі i вясла. Часам вандраванне ўдакладняецца як вяртанне, часам — як уласны жыццёвы шлях, шлях пазнання i пошукаў, а яшчэ — спосаб існавання, які стварае своеасаблівы пункт гледжання на навакольную рэчаіснасць. Такім чынам, матыў вандравання мае непасрэднае дачыненне i да настрою, i да сэнсу большасці вершаў. Побач з гэтымі актыўнымі вобразамі праглядваюцца яшчэ два, нейтральна-сумежныя: вобраз настаўніка (у шырокім старажытным значэнні) i вобраз дома (будаўніцтва, вяртанне, развітанне з ім), а яшчэ — матыў іржавага ланцуга (ці проста ланцуга) — супрацьлеглы матыву вандравання. Суадносіны гэтых матываў i вобразаў, асабліва вандравання i ланцуга, ix барацьба, суіснаванне, сувязь (бо ланцуг—i няволя, i сувязь адначасова) — галоўны стрыжань кнігі.
Матыў вандравання ўсё болей выступае як вяртанне. Куды? Адкуль?
Сусвет, у якім жывуць вершы Л. Дранько-Майсюка, здаецца, існуе недзе зусім побач, прасякнуты ў звычайнае, у нас саміх, але мы яго не заўважаем, не можам заўважыць амаль з-за дробязяў, проста па недарэчнасці, a менавіта з прычыны маленькага адхілення, невялічкага разыходжання ў спектры ўспрыняцця.
Часам не ведаеш, што рабіць i як ўспрымаць вершы паэта — настолькі не патрабуюць яны ацэнкі, высновы; верш закончаны сам у сабе, i можна памыліцца ў высновах, калі ўсё ж такі ix рабіць. Гэта ж можна сказаць i пра развіццё верша: кожная наступная страфа з'яўляецца нечакана, насуперак распаўсюджаным сюжэтам вобразастварэння. Прычына гэтай з'явы — у схільнасці Л. Дранько-Майсюка да ўласна раскаванай логікі, у своеасаблівым разгортванні асацыяцый. А побач з гэтым — інтэлектуальны момант, але ён не выпірае, не сустракаецца ў безабаронна чыстым выглядзе i ў той жа час адыгрывае немалую ролю ва ўзнікненні i арганізацыі верша.
Алесь Разанаў у непрадказанасці развіцця верша дасягае значна большага: рэзкіх кантрастаў i асацыяцый паміж зусім адлеглымі вобразамі, але ў Разанава гэта акрамя таго яшчэ i свядомая мэта, ледзь не форма, у Дранько-Майсюка — чысты вынік раскаванасці логікі; у спружыннасці твораў Разанава — кантрастная змена нечаканых думак i ўзаемны выклік слоў, у Дранько-Майсюка — непрадугледжаны шлях адчування, змена існасцей гэтага адчування. Але зноў жа: сэнс верша ствараецца ў пэўнай ступені суадносінамі значэнняў слоў.
Аўтар «Вандроўніка» схільны бачыць i адчуваць сусвет не толькі ў 'найбольш яркіх i агульнапрынятых праявах, адасобленых i вобразна ўзмоцненых, але, у першую чаргу, — у дэталях, з'явах нязначных, часта незаўважных: усё мае сваё значэнне i сэнс, сваё прызначэнне i функцыю. У Дранько-Майсюка няма падкрэсленага адрознення паміж прыродай, людзьмі, рэчамі (звар'яцелая маланка, гранітная качка, коршак шкляны). Узаемапранікненне, пераўтварэнне, роўнасць, адсюль — усеагульная сувязь Сусвету, гармонія паміж жывой i нежывой прыродай.
Паэт не навязвае прыродзе чалавека, не ставіць яго падкрэслена ў цэнтр створанага ім Сусвету, а проста паказвае яго як;нейкую, адну з шматлікіх, своеасаблівую частку. Якая яна, гэтая частка, якое яе месца ў прыродзе — вось галоўнае, вось што шукае паэт у сваіх вершах, дзеля гэтага i стварае самыя разнастайныя сітуацыі: