Выбрать главу
Калі пазалотай кране зараніца. Крыжы на бязважкім Сафійскім саборы, Узносіць ён стрункія рукі званіцаў Да першае зоркі з маўклівым дакорам: «Чаму я павінен, сябе колькі помню, Няўмольна ўрастаць у здранцвелы пагорак, Калі я бялейшы за светлую поўню, Калі я так прагна імкнуўся да зорак?»

Альбо верша «Дык бывай... Я сарваўся знячэўку з арбіты...»:

I глухі, невідушчы, бязважкі, парожні Іншым поўнюся сэнсам, i слыхам, i зрокам I, знікаючы, бачу: у абдымках апошніх Мы да зорак ляцім i знікаем між зорак.

А таксама многіх вершаў з «іншым вымярэннем», «іншай зямлёй», «іншым сэнсам», «бліжэй да аблокаў» альбо без гэтых відавочных прыкмет, падсвядома: вось чаму пры ўсіх супярэчнасцях у кнізе ёсць агульны філасофскі стрыжань.

Гэтае разуменне можна параўнаць з разуменнем таго, чаму некаторыя вершы A. Мінкіна пра каханне — камерный, альбомныя (дарэчы, нават само па сабе тут нічога дрэннага i заганнага няма, як няма нічога заганнага ў альбомных i камерных вершах Міцкевіча, Пушкіна) — яны такія таму, што як бы лірычны герой ні кахаў, што б для яго ні значыла каханая жанчына, але праз усё гэта прасочваецца аднойчы (няхай сабе нават толькі аднойчы!) адчутае, зразуметае:

Каханне, грошы, славы сверб — мана: Няўмольны час завабіць імі сэрца, Памучае, а потым насмяецца — Не здраджвае Радзіма нам адна.

Адметная рыса зборніка «Сурма» (дарэчы, адзінага пакуль што зборніка Алега Мінкіна) — сам мастацкі прынцып, спосаб стварэння большасці вершаў: шляхам чыстага ўяўлення («Уяўленне» — назваў калісьці сваю слынную паэму Уладзімір Жылка). Абумоўлены гэткі шлях самой тэматыкай вершаў i задачамі, якія ставіў перад сабой аўтар. Сапраўды, як інакш напішаш пра пекла ў «Наследаваннях Дантэ», дарэчы, яны нагадваюць адну суцэльную паэму i з'яўляюцца ці не лепшымі вершамі «Сурмы»), пра марсіяніна, пра дамавіка, пра «горад мёртвы пад небам барвовым», пра адваротную хаду часу, калі спачатку развітваешся пры сустрэчы, а потым вітаешся, пра верхніка ў густым тумане i пра шмат што іншае, пра што піша Алег Мінкін у сваіх вершах, нестандартных i арыгінальных.

Таму, у адрозненне ад вершаў, якія ўзніклі шляхам назірання з наступным частковым мадуляваннем, вершы-ўяўленні ўзніклі пры дапамозе поўнага мадулявання; таму так шмат у кнізе дзеясловаў тыпу «прымроілася», «сніўся», «марыў», «трызніў», а дзеяслоў «убачыў» у большасці выпадкаў раўназначны ім па значэнню; таму паняцці «жыццёвасць», «праўдзівасць» у дачыненні да такіх вершаў звязаны не з фактаграфічнай i псіхалагічнай дакладнасцю жыццёвых рэалій, а з праўдзівасцю, псіхалагічнай выверанасцю духоўных i разумовых сентэнцый лірычнага героя, з мастацкай лагічнасцю структуры верша. З гэтых пазіцый лірычны герой Алега Мінкіна вельмі чалавечны, несхематызаваны, бо — супярэчлівы, як ўсе ў жыцці. Вось чаму бадзёрасць, узнёсласць аднаго верша суседнічае з глыбокім адчаем другога, напрыклад, таго, у якім усведамляецца, што ў сусвеце мы, людзі, — «з паўзмроку на імгненне пылінкі дробныя, нябачныя дагэтуль». Усведамленне гэтае зусім не антыгуманнае, не песімістычнае, i ці не з яго пачынаў калісьці Капернік насуперак сярэдневяковым схаластам, якія сцвярджалі, што чалавек i Зямля — цэнтр Сусвету? I ўсё ж нотка адчаю, адзіноты («Я застаўся адзін, я — апошні») ёсць, i гэта апраўдана, бо заўсёды смяяцца i радавацца ў жыцці немагчыма ніводнаму чалавеку, a ў паэзіі магчыма толькі бяздарнасцям (смех — гэта ўвогуле афектная эмоцыя, адхіленне ад нормы, дзякуй богу — станоўчае, як сцвярджаюць медыкі).

Алег Мінкін — паэт складаны i — што вельмі прыемна — дастаткова складаны, каб быць творчым, непавярхоўным. Адсюль — шматлікія сумненні, супярэчлівае ўспрыняцце адной i той жа з'явы, як бы выпрабаванне яе з розных бакоў, у розным настроі.

Мы ляцім да зорак, імкне ў вышыню Сафійскі сабор, радзімічы клалі попел нябожчыкаў на высокія слупы «бліжэй да аблокаў». Гэта — адно імкненне, адна вышыня — сапраўдныя, сутнасныя, над усім. Але ёсць імкненне да вышыні, лятанні несапраўдныя, хцівыя, як у Вечнага Выраю, які занядбаў дзеля далёкай прываблівай дубровы блізкі родны лес, як у бестурботнага шумлівага лісця, што забылася заўчасна свае карані. I калі нам выпадзе сутыкнуцца ў жыцці з такой марнай прагай «вышыні», усплывуць, магчыма, у памяці радкі з кнігі Алега Мінкіна: