Выбрать главу
Богам створаная проза, Д'яблам высненыя вершы — Я стаміўся. Над парогам Пчолы круцяцца i шэршні,—

пачынае адзін са сваіх вершаў Л. Дранько-Майсюк; але, калі адарвацца ад індывідуальнага міфапаэтычнага канструявання паэта i задумацца над пытаннем: кім жа ў першую чаргу створаны яго вершы, адказ, канечне, будзе відавочна просты: самім паэтам. Самім паэтам пабудаваны (лепш сказаць —будуецца) i дзіўны паэтычны сусвет: на аснове рэальнага сусвету i адэкватны яму ў дэталях, але не адэкватны па сэнсу, па функцыянальнаму прызначэнню. Матыў будаўніцтва настойліва праводзіцца з першай кнігі паэта ў другую, вандраванне акрэсліваецца ў месцазнаходжанне, давыд-гарадоцкі каларыт яшчэ больш узмацняецца, набывае сімвалічныя праявы i кладзецца на сусветную карту. Гэта, так сказаць, — будаўніцтва знешняе, зафіксаванае ў тэксце, канчатковы абагульнены вынік мастацкай працы ў канкрэтных вершах. Унутранае будаўніцтва — на ўзроўні псіхалогіі i тэхналогіі творчасці: праца над далейшай крышталізацыяй творчай манеры, пошук новай традыцыі, удасканаленне мовы ў лексічным i сінтаксічным плане, шлях да ўспрымання паэзіяй іншага віду мастацтва (жывапісу, напрыклад), імкненне судакрануцца там з найбольш суадчувальнаблізкім уласнай манеры, з найбольш прыдатным i плённым для творчасці. Як вынік усяго зробленага — якасна іншы ўзровень другой кнігі i бясспрэчная эвалюцыя мастацкіх прынцыпаў; не эксплуатацыя таленту, a ўзбагачэнне, развіццё яго.

Магчыма, недастатковае развіццё ў беларускім літаратуразнаўстве ўласна тэарэтычнага напрамку i поўная амаль адсутнасць спецыяльных прац па псіхалогіі творчасці спрыяюць таму, што нашы ўяўленні пра пісьменніцкую працу цалкам сфарміраваны над уздзеяннем такіх паняццяў, як «талент», «натхненне», «душа», «муза», «творца» i грунтуюцца на пакланенні ўсім класікам без выключэння (незалежна ад уласнага густу), на прызнанні бясспрэчнай дасканаласці i завершанасці кожнага ix радка (якая геніяльная коска! у яго нельга выкінуць ніводнага слова!), хаця самі класікі крэмзалі свае радкі няшчадна i палілі цэлыя раздзелы. Мы пішам пра рытуальнасць усходніх літаратур, пра этыкет у літаратуры сярэднявечча, але ці не праява этыкету i рытуальнасці ў сучаснай літаратуры — заўсёднае прызнанне ўяўнай таленавітасці кожнай кнігі сапраўды таленавітага аўтара, знаходжанне развіцця там, дзе адбываецца дэградацыя, непараўнальнасць узроўню аўтара шасці кніг i аўтара адной кнігі?! Часам ствараецца ўражанне, быццам нас цікавіць толькі адно: таленавіты аўтар кнігі ці не? Калі таленавіты, то i спрачацца няма аб чым, астатняе ўсё — у камплекце. А як канкрэтна рэалізуецца талент у канкрэтны перыяд, ці здолеў ён рэалізавацца ўвогуле — гэтае пытанне часцей за ўсё не ўзнікае.

Сярод маладых беларускіх паэтаў нямала аўтараў з добрымі патэнцыяльнымі магчымасцямі. Але патэнцыяльныя магчымасці плённа выкарыстоўваюцца толькі пры ўмове эфектыўнай працы над сабой, самакрытычнай i патрабавальнай, не толькі над асобным вершам, але над паэтычным пісьмом увогуле, з паралельнымі працэсамі засваення вопыту блізкіх па духу i манеры папярэднікаў i свядомымі пошукамі ўласнага гучання. Сучасны паэт рэдка мае цікавую біяграфію, нязвычны лёс, што заўсёды прыцягвала чытача, настройвала пэўным чынам на зацікаўленае ўспрыманне саміх паэтычных твораў. Вялікую ролю пачала адыгрываць біяграфія духоўная, мастацкая, выяўленая непасрэдна ў тэксце; ва ўспрыманні асобы паэта ўсё большае значэнне набываюць арыгінальныя асаблівасці яго творчасці.

На жаль, у многіх маладых аўтараў паэтычны сусвет занадта вузкі i з цягам часу ніколькі не пашыраецца: лірычны герой, а разам з ім i сам паэт нібы вісяць у паветры сярод гучных дэкламацый, лірычных прызнанняў, сярод парадна-літаратурных малюнкаў прыроды: няёмка пачувае сябе ў такім беспрадметным, вакуумным паэтычным сусвеце i чытач. Для пашырэння паэтычнай тэрыторыі вялікае значэнне мае зварот маладога аўтара да новых тэм i вобразаў, адчуванне паэзіі ў самых, здавалася б, непаэтычных з'явах i прадметах.

Кніга Галіны Булыка «Сінтэз» (1986) несумненна прынесла штосьці адметнае ў беларускую паэзію якраз у напрамку навізны тэм i вобразаў, узбагачэння акаляючага лірычнага героя прадметна-рэчыўнага-асяроддзя, спецыфічна гарадскога i канкрэтна-сучаснага. «Лазурыт», «Бурштын», «Гіпс», «Свінец», «Золата», «Агонь», «Гліна», «Сургуч», «Ёд» — ужо самі назвы вершаў незвычайныя для беларускай паэзіі; такія рэчыўныя вершы зусім па-іншаму выяўляюць суадносіны чалавека з прыродай; суадносіны, якія раней традыцыйна падаваліся на вонкава-пейзажным, дэкламацыйна-экалагічным альбо фальклорна-міфалагічным узроўнях. Зразумела, што стварыць мастацкі твор пра свінец альбо ёд — куды цяжэй, чым пра жаночую пекнату, тым больш, што ў паэткі зусім няма папярэднікаў, адсутнічае распрацаваны канон.