Выбрать главу

Наступны тэматычны рад кнігі склалі вершы урбаністычныя, такія, як «Успамін аб парадных пад'ездах», «Прахадны двор», «Падземны пераход», «Да гарадскога краявіду», «Універмаг», «Чаканне аўтобуса», «Фрагмент турысцкай паездкі», «Выстаўка архітэктурнай біёнікі» i інш. Урбаністычная паэзія Г. Булыка не падкрэслена-плакатная; горад адлюстроўваецца ў вершах натуральна, як жыццёвае асяроддзе лірычнага героя i аўтаркі: асяроддзе спецыфічнае, з сваімі адметнасцямі i ўласцівасцямі. Шмат у чым дапамагае тут паэтцы нядрэннае веданне тэорыі архітэктуры, пачынаючы з усведамлення яе першаснай функцыі — упарадкаванай арганізацыі прасторы. Згодзімся, што i пра горад пісаць пакуль што куды цяжэй, чым пра адвечную настальгію па вёсцы, тут зноў-такі адсутнічае выпрацаваны канон-i адчуваецца слабасць традыцыі, якая выдатна пачыналася цыклам Максіма Багдановіча «Места», а крыху пазней праявілася ў многіх вершах Уладзіміра Жылкі. Думаецца, i Багдановічу было нялёгка: кола вобразаў яго урбаністычных вершаў вельмі вузкае, нешматлікія прыкметы гарадскога жыцця паўтараюцца з верша ў верш (ліхтарня, вулка), i трэба было быць сапраўды геніяльным паэтам, каб у гэтым вузкім коле стварыць дасканалыя па мастацкаму ўзроўню i псіхалагічнаму адчуванню творы.

Вершы пра навуку i навукоўцаў, на гістарычныя тэмы, пра палотны сусветна вядомых мастакоў ca спробай пэўнай стылізацыі паэтычнага твора пад твор жывапісу, вершы пра рамяство i народнае мастацтва — вось няпоўны змест «Сінтэзу» — кнігі рознапланавай i наватарскай, якая вызначыла перспектыўны напрамак для далейшага творчага развіцця Г. Булыка, a ў нейкіх момантах — i ўсёй маладой паэзіі.

Праўда, цалкам пазбавіцца ўплыву пануючага паэтычнага канону аўтарка не здолела, а хутчэй — не асмелілася, i таму ў кнізе прысутнічае нямала вершаў «на ўсе густы», якія шмат у чым дэзарыентавалі агульнае гучанне кнігі, пашкодзілі яе цэласнасці i кампазіцыйнай шчыльнасці.

I ўсё ж першы самастойны зборнік Г. Булыка «Сінтэз» побач з другой кнігай Л. Дранько-Майсюка «Над пляцам» — з'ява адметна-арыгінальная ў маладой беларускай паэзіі, ды i не толькі ў маладой.

Безумоўна, што поўнасцю яны не вызначаюць усе асаблівасці гэтай паэзіі, усе яе кірункі i схільнасці, бо нямала цікавых аўтараў працуе ў іншых напрамках, часам паралельных, а часам і супрацьлеглых.

Вершы Леаніда Галубовіча — падкрэслена традыцыйныя i падкрэслена таленавітыя. Падкрэсленыя i вылучаныя крытыкай, старэйшымі паэтамі; таленавітыя — самі па сабе, сваёй дзіўнай паэтычнай энергіяй, арганічным адчуваннем жыцця аўтарам.

Не кранаючы, па сутнасці, паэтычную форму, Л. Галубовіч значна ўзмацніў змест; узмацніў за кошт павышэння ціску паэтычнай атмасферы i павелічэння тэмпературы думкі, за кошт узмацнення пульсацыі пачуццяў у радках. Вынікам гэтага стала кніга «Таемнасць агню» (1984) i некалькі пазнейшых вершаваных падборак паэта ў часопісах i газетах.

«Бурная» станоўчая рэакцыя крытыкі i чытацкай аўдыторыі на першы зборнік Л. Галубовіча спачатку толькі радавала. Сапраўды, зборнік вылучаўся (і не губляўся) індывідуальна на фоне беларускай паэзіі, а патэнцыяльныя магчымасці аўтара давалі падставы спадзявацца i на далейшы плён.

Але нечакана бурнае ўспрыманне творчасці паэта ўвогуле пачало замінаць нармальным ацэнкам яго канкрэтных твораў, i той жа зборнік «Таемнасць агню» пад гул авацый так i не быў, па сутнасці, прафесійна ўсебакова разгледжаны. У выніку, замест таго, каб спакойна, без перашкод працаваць у паэзіі, гарманічна развіваць свае бясспрэчныя здольнасці, малады паэт вымушаны быў змагацца са славай альбо кінуцца ёй у абдымкі, бо не заўважаць яе ён не мог ні па ўласцівасцях чыста ўнутраных, ні па прычынах чыста знешніх. Пасля аднаго паэтычнага вечара, дзе нават самому Леаніду Галубовічу было, відаць, ніякавата ад незлічоных усхваляваных слоў, кампліментаў i публічна прадэкламаваных маладымі паэтэсамі вершаў-прысвячэнняў, увогуле здзіўляешся, як мог ён потым пісаць добрыя творы i захаваць хоць нейкі драбок самакрытычнасці i дастатковай незадаволенасці зробленым.