Цяжка сказаць, якія вынікі былі зробленыя там з трох пісаных ад рукі аркушаў паперы. Толькі вывучалі мяне, вывучаў і я. А часам настыраўся і правакаваў: уласцівасць натуры ці не кожнага з нас, каб спазнаць цану сябру і ворагу, ці яшчэ, як кажуць, абас...аць бліжняга і тым задаволіцца. Адкуль растуць ногі ці не ўсіх нашых высакародных і нізкіх намераў, а таксама і паскудстваў. Вось і я змушана ці не змушана трапіў у такую пастку чалавекаў. Напрыканцы вясны мая жонка нарадзіла сына. А кветак у тым горадзе, хаця і на поўдні Заходняй Сібіры, зусім на той час не было. Увогуле час на кветкі тады быў суровы. Адзінае месцейка, дзе меліся, квітнелі рознакаляровыя капіталістычна-варожыя галандскія прыхадні цюльпаны - на клумбе паміж двума будынкамі. Абкамам партыі і Камітэтам Дзяржаўнай Бяспекі. Ды і тое толькі таму, што чакалі візіту Генеральнага Сакратара ЦК КПСС М.С. Хрушчова. Дзеля гэтага паміж абкамам і КДБ пабудавалі сціпленькі, але надта гожы церам-церамок з вокнамі на замежную галандскую прыгажосць.
Сын нарадзіўся ў ноч на свята памежніка, у адзінаццаць гадзін. А апоўначы, у дванаццаць ужо недзе, я парушыў усе межы камуністычнай прыстойнасці - латашыў урадавую дзяржаўную клумбу з цюльпанамі. Ці не пад вокам самога Генеральнага сакратара ЦК Камуністычнай партыі краіны. Не саромеўся, вокны ўсіх наглядальных будынкаў былі слепашарымі і не падганялі мяне. Букет ці венік атрымаўся хвацкі. Толькі нядоўга ён цешыў сынава, жончына, а таксама і маё вока.
Мяне ўзялі ўжо ў сярэдзіне наступнага дня. Як яны выйшлі на мяне - ніводнай жывой душы паблізу, а да наглядальных камер яшчэ амаль паўстагоддзя, і ўсе вокны “заслепленыя”. Але ўзялі. Радзіма пабачыла, пачула і пазнала. Нават у сібірскай начы. Таму, пэўна, вока і вуха дзяржаўнымі і названы.
А я займеў магчымасць трапіць ці не ў сярэдзіну гэтых дзяржаўных пільных органаў. Мяне памясцілі ва ўнутраную камеру следчага ізалятара КДБ. Такі гонар выпаў мне і яшчэ некалькім маім хаўруснікам, дзекабрыстам, як іх тады называлі, дробным парушальнікам парадку, - указ аб іх пакаранні з’явіўся ў снежні таму, што ўсе іншыя месцы іх утрымання былі перапоўненымі, а часткова - у рамонце. Зашмат было нас, дзекабрыстаў, у Сібіры і ў хрушчоўскія часы. Такім чынам я атрымаў магчымасць вывучаць жыццё ўстановы, якая цікавіла мяне, шлункава і вантробна.
І ці не адразу ж расчараваўся. Прабачце, спрэс неймаверна клаповы гадавальнік і расаднік. Хаця я даўно звыкся і зжыўся з гэтымі вестунамі і сведкамі галоты і нястачы, крывасмокамі ліхалецця. Але тут іх было процьма, раць незлічоная. Абуджалася як па горне ці будзільніку з надыходам ночы. Рухалася на ўсё таксама рухомае рудой татара-мангольскай ардой са шчылін, са сценаў, столі і немаведама адкуль, дзе месцілася, пражывала, пасвілася і пладзілася. Мы злазілі з нараў, спаўзалі з сеннікаў на падлогу. Але і там не было ратунку.
Увогуле, канечне, цярпіма. Мы не панскай пароды. Клапы ў той час накшталт сённяшніх эмігрантаў хадзілі па жытлу чародамі, вандравалі са старых паслярэвалюцыйных баракаў-клапоўнікаў у новабудоўлі, так званыя хрушчоўкі. І гэта не перабольшванне, не дзеля прыгожага слоўца. Такія валацужныя марш-кідкі прараблялі ў пэўны час не толькі клапы. Пераходзілі з аднаго будынка ў другі прусакі, мышы і іншая набрыдзь і пошасць на чалавека. А часам, чаго хавацца, іх падкідвалі ў новабудоўлі і будаўнікі, каб навасёлам жыццё здавалася не цукрам.
Такім чынам, на маю думку, набрыдзь гэтая і пошасць у чалавеку, з’яўляюцца тады, калі сам чалавек стаіць на парозе адчаю, страціўшы веру, надзею. Якраз тады і ачуньвае, прачынаецца, уздымае галаву ўсё тое, што мы завем набрыддзю, пошасцю і мярзотай. Усе эпідэміі, усе найвялікшыя пакуты чалавецтва, халеры, язвы, іспанкі, чумы - у часе ліхалецця, падзення чалавечага духу, вартасці, маралі і чалавечнасці. На людской крыві і з крыві зачынаюцца і нараджаюцца ўсе стоеныя да гэтага крывапіўцы, крывасмокі і людажэрцы. Тыя ж клапы, прусакі, правадыры, месіі, гнюс - камары і мошкі, а ў нашы дні яшчэ нечакана, паўсюдна апанавалыя наваколле кляшчы.
А найбольш паказальна - вошы. Ваенныя, пасляваенныя, турэмныя, гарадскія. Дахторка-тэрапеўт, яўрэечка, божы дзьмухавец у акулярах, рассказвала: