- Звялі ўжо іх. Жыццё наладжвалася, і раптам прачнулася, а галава ці не сівая, шэрая, і валасы варушацца. Вошы. Адкуль, з чаго? Ды столькі, што ў вайну не бачыла. Прынеслі газету, чытаю ў “Праўдзе”: “Убийцы в белых халатах”.
Вось так жывуць, пажыццёва пасуцца і тлусцеюць на нашых ахвярных свету целах паразіты. І тут мы бездапаможныя, каб штосьці перамяніць. Гэта параджэнне нашай вечнай пакутнай юдолі і Галгофы. Наш крыж. Усё так, але, як кажуць, за дзяржаву крыўдна. А дзяржава, чалавек з ружжом і нават атамам, ядзернай зброяй забіць, перамагчы ні камара, ні вошы, ні клапа няздольны.
Чалавек у пагонах - сіла і моц, твар дзяржавы. Але ў маім выпадку відавочна пакусаны клапамі, хаця і з уласцівым ім падманным пахам каньяку. Да ўсяго разам з намі, дзекабрыстамі, я - за любоў да жонкі і сына, кветкавы дзекабрыст, мой зямеля беларус па прозвішчы Весялуха, наадварот - за нянавісць, нелюбоў да цешчы: падцікаваў, калі тая пайшла ў прыбіральню, падпёр дзверы калком і падпаліў іх. Іншыя не памятаю, за што і чаму. У адным пакоі ці камеры знаходзіўся і супрацоўнік КДБ з выбітным славутым прозвішчам - Лапацін. Я чамусьці звязаў яго са знакамітым нарадавольцам Германам Лапаціным, сядзельцам прыбайкальскай турмы. Адукаваны быў дзекабрыст, не раўня нам, дробным хуліганам раства Хрушчова. Дасціпны. Мне было цікава наглядаць за ім, як мроілася і здавалася мне, ажылым пакутнікам царскага рэжыму, хаця цяпер і службоўцу карных органаў савецкай улады. Знешне нічога карнага і пакутнага ў ім не было, больш дарэвалюцыйнага пародна-дваранскага, што мо найбольш займала і цікавіла мяне - спалучэнне неспалучальнага, несумяшчальнага. Як гуляюцца з чалавекам час і гісторыя...
І ў мяне была неасэнсаваная, падсвядомая цікаўнасць пралетарыя да нечага незвычайнага і незразумелага, што праяснілася мне значна пазней. Цікаўнасць і ўзвядзенне на п’едэстал, абагаўленне як усіх і ўсяго, што было над намі, па-за маёй сірочай вуліцай, што зводзіла нас да вінцікаў, гаечак, болцікаў і шурупаў. Так мы шурупілі па сваёй ахвоце, праціналіся верай і святасцю свайго прызначэння. І я тут ні ў якім разе не быў выключэннем, без кукішаў у кішэні, верны і нямы, як усякі злодзей, законапаслухмяны да зацятасці ва ўсім, апроч, зразумела, крадзяжу. Больш за тое, і тады, і значна пазней, калі гэтая вера пачала хістацца, я заставаўся ўпэўнены, што, толькі захоўваючы яе, мы захаваемся. Адродзімся і выжывем. Ні на што іншае спадзявацца ўжо было немагчыма, позна. Адзінае апірышча. Адзінае апірышча - КГБ, кантора глыбокага бурэння, дзе яшчэ захавалася, думаў я, савецкая ўлада. Адзінае, каб толькі не клапы. Гуманнае катаванне іх нашэсцем уначы ў нашым і іхнім бяссонні. Удзень жа яны адпачывалі, спалі па шчылінах.
Капітан Лапацін, па ўсім, як сёння кажуць, з батанікаў, у акулярчыках і пры гальштуку, назіраючы за нашым пралетарска-дзекабрысцкім карослівым чуханнем уранку, спачуваў:
- Вампіры. І на падлозе ад іх няма ратунку. Адзінае выратаванне - яднанне, зліццё з імі. Спаць разам з імі, у шчылінах і на столі. Тады яны прымуць вас за сваіх.
Слушная, вартая канторы глыбокага бурэння парада, ды каб парадамі і радамі можна было аберагчыся ды ацалець.
Але мне здаецца, справа была не толькі ў гэтым. Клапы, як і вошы, - параджэнне адчаю, прадбачанне зрухаў і перамен у краіне, грамадстве, у прыватным жыцці. І не заўсёды ў лепшы бок. Зусім не ў лепшы. А зрухі тыя ўжо наспявалі. Толькі людзі - не клапы і не вошы - не разумелі іх. Ім здавалася, адліга толькі пачынаецца, а наперадзе ж яшчэ вясна і лета.
У самім жа паветры, падобна, ужо завісла адчуванне няпэўнасці і хісткасці. Зямля прагнула новага духу, дыхання, жытла. Бо надта ж нахабнічала, скуллем выпірала падманная надзённасць. Час і прасцяг паціху пазбаўляліся раскрыленай смаркатай шчырасці і рамантыкі, рыхтавалі ім пахаванне і сціплыя хаўтуры. Бо менавіта ад іх і сыходзіла найвялікшая кроў, на якой узышло дваццатае стагоддзе: рэвалюцыі, бальшавікі, Сталін, Гітлер, Гарбачовы. Ельцыны. Дабрадзеі і рупліўцы планетарнага ўсенароднага шчасця прыканчвалі, забівалі другое тысячагоддзе ад народзінаў Хрыста, тапілі яго ў крыві, мярцвілі краіны, народы, іх мовы і словы. Пазбаўляліся менавіта словаў, іх сапраўднага сэнсу і моцы. Каб ужо на самым пачатку трэцяга тысячагоддзя ці, праўдзівей, напрыканцы другога загарнуць, аблытаць палітычным балабольствам. Упакаваць у вайсковую форму з пагонамі і пры лампасах. Якія не трываюць думкі і пярэчання - пад вартай і наглядам аўтамата Калашнікава. Салаўямі генеральных вайсковых штабоў, казкамі і казачнікамі гарматнага мяса. Элачка-людажэрка можа адпачываць. Слова змарнела і змізарнела, выкрыўшы бездапаможнасць, духоўную спустошанасць, дэбільную дэградацыю творцаў і іх творчасці, гатоўнасці служыць дадаткам пры тых жа аўтаматах Калашнікава. Слова пайшло ўпрочкі і ці не ўвогуле з зямлі - пасланнем SOS, у бежанства сусвету, куды імкнуў, кіраваўся і касмічны карабель “Зямля” з экіпажам у сем мільярдаў чалавек.