Выбрать главу

Прыгадваецца расповед рэктара Літінстытута, драматурга Ф. Піменава пра сустрэчу яго з замежным калегам, здаецца, Мілерам. Замежнік спытаўся, якая ў яго дача.

- Ды просценькая, - адказаў Піменаў. - Драўляная, з лесу, з хвояў.

- Во як, - здзівіўся субяседнік. - Багаты вы чалавек. Драўляная, з хвояў, дача. А ў мяне бедненькая, з цэглы, каменная.

- Уга, - здзівіўся ўжо Піменаў. - Бедненькая, каменная, з цэглы. Я такой бы ніколі не пацягнуў. Каменная дача...

Вось такая знамянальная гаворка пра наш і іх лад. Нашы і іх цэны і адносіны да жыцця. Парытэт і не парытэт яго...

Праўда, цяперашні лад і час давялі гэты постсавецкі ўжо парытэт да ўзорнага абсурду. Кіраўнік некалі выбітнай заможнай гаспадаркі “Малеч” на Брэстчыне некалі скардзіўся:

- Не хапае зернеўборачных камбайнаў. Каб прыдбаць хаця б адзін, павінен аддаць увесь ураджай жыта і пшаніцы. І яшчэ не хопіць.

Вось такія нашы парытэты: дажыліся палякі - ні хлеба, ні табакі...

Два савецкія шпіёны ідуць па чатырнаццацімільённым амерыканскім горадзе. Праўда, мне яшчэ невядома, што я ўжо шпіён, я звык сумнявацца, а горад жа, пэўна, здагадваецца. Вялікія гарады думаюць хутчэй за іх насельнікаў, тым больш гэты - насычаны духам прароцтваў, пракляццяў і пакутаў яго карэнных жыхароў, індзейцаў, забойствам і гвалтам пераўтвораны з першабытных джунгляў у джунглі цывілізацыйныя, асфальтаваныя, камяніца-хмарачосавыя. Два савецкія шпіёны ідуць па новым рознапляменным, шмат’языкім Вавілоне канца дваццатага стагоддзя.

Вавілонская вежа тут ужо ўзведзеная, нават дзве - больш за сто паверхаў - вежы-блізняты. Карфаген пабудаваны ўжо, але ж, узгадваючы гісторыю, - Карфаген павінен быць разбураным. Толькі пра гэта нікому яшчэ няведама. Хаця мо... Як і ўсе Карфагены і Вавілонскія вежы, яны насычаныя нязгодай, здрадай рознагалосся і адмаўлення. Прароцтва і прадбачання сакрэтнасці. Ці не адсюль і шпіёны, і шпіёнства, сусветная выведка. Хаця ў наш век, век дэмакратыі, сакрэтаў ужо няма, іх немагчыма нават мець. Шпіёны не дрэмлюць. Усё вядома да таго, як яшчэ не адбылося. Таму, пэўна, па ўсім свеце такая незлічонасць выведак. Анахранізм часоў параджэння і стварэння Карфагенаў і Вавілонскіх вежаў.

Дарэчы, што тычыцца апошніх. Ці не знакава гэта нам, ці толькі біблейскі гэта міф. І ўвогуле ці міф. Хутчэй тое ж прароцтва і папярэджанне са старажытнасці, а мо і з нябыту яшчэ чалавецтва. Папярэджанне і ківанне пальцам будучыні Усявышнім, а не выключана, і самім засмучаным светлым сёння Д’яблам. Ці не з’яўляецца ў нейкім родзе тая Вавілонская вежа папярэднікам сённяшніх дзяржаўных дум, парламентаў, хуралаў і палат - параджэннем высакалобых і глыбокадумных халяўных пустабрэхаў і балаболаў, што стоўпілі народы і іх мовы.

І стала слова крывавым. Абражана скінула сваю чыстую апратку. Знявечанае, пазбаўленае праўды, сілы і моцы распачало вайну, абвясціла вайну чалавецтву, хлусліва ўзводзячаму ўсё новыя і новыя Вавілоны ілжы. Слова пачало нявечыць і забіваць не толькі людзей, але ўсё існае. І з большым спрытам, чым нават ядзерная зброя. Запалалі і акрывавіліся ўсе далі і весі. Пачала знікаць энергія і вера сэрцаў, кахання. Магла і знікнуць назаўсёды.

Але тут з нябесных і падземных высяў і глыбіняў разам падалі ўгневаны голас Бог і Д’ябал. І пайшло вялікае размежаванне, рассеяние народаў. І брала яно пачатак, як і ў нашыя дні, каля цяперашніх Іракаў, Іранаў, Сірый. Мо ў тым вялікім рассеянні хавалася і вялікая памылка зямных уладароў і месій. Таму што былі сярод іх і нелюдзі. Ці не тыя здані, што ўпершыню праявілі сябе і пачалі блукаць па Еўропе ў сярэдзіне дзевятнаццатага стагоддзя? Праз тысячагоддзі і тысячагоддзі нелюдзі наеліся чалавечыны, напіліся крыві, узышлі на сусветных пажарышчах, надыходзячых апакаліпсах, якім жа зноў палохаў усё жывое свет.

Шматаблічны монстр, Янус, каменны і сталёва-машынны, упэўнены ўладнай дзяржаўнасцю свайго жыцця, тысячамі твараў і вачэй шпіёніць, сочыць за мной. Выпрабоўвае сваім бездакорным белым амерыканізаванай эры стаматалогіі моцным зубам, прамянёвай прыліпласцю прыязных усмешак: даў бы даляр, ды няма, самому трэба. Не мясцовы я, беспрытульны ў гэтым свеце, нават пераначаваць няма дзе, проста пашчасціла мне апынуцца ў вашым горадзе і нейкім чынам зноў спаткацца, увайсці ў маё пакінутае маленства.

Куратар з амаль па-палеску сонечнага ранку вызваніў мяне са свайго гатэля. Ён жыў асобна ад нас недзе паблізу колішняга няўдалага прэзідэнта Ніксана. Мы сустрэліся каля брамы савецкага прадстаўніцтва, дзе адразу праявілася незвычайнасць накірунку нашага шпацыру. Раней па сваёй шэсцьдзесят сёмай стрыт, міма паліцэйскага пастарунку і пажарнай часткі, мы браліся ў цэнтр - аазіс капіталу, банкаў, заможнасці і багацця. Цяпер жа чамусьці пайшлі ў адваротны бок, у сонечную задуменнасць цішы, замацаванай бязветранай блізкасцю рачной вады, закаванай у бруклінскую сталь моста і няпуджанасць пустых тратуараў.