- Ну адмачыў ты, дык адмачыў... - Не ўхвальна, зразумела, але сардэчна, шчыра. - Тожа мне змагар.
Увогуле нашыя з куратарам стасункі былі вынікам таго ладу і быцця, які мы на той час мелі пры адсутнасці літаральна і голасна прапісаных і агучаных правоў і законаў. Вясковыя: рука руку мые. Вяліся адно з адным больш па тых правілах, куды пайшло і дзе знаходзілася нашае слова. Калі ўсё і ўсе да суда і суддзяў роўныя, незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі абкаму. Так было, так ёсць і, пэўна, доўга яшчэ будзе. Па-шклоўску, па-бабруйску - ад Масквы да Ракава жытка ў нас аднакава.
Ці не таму дэмакратыі ў нас хоць с...акай еж. І заходнія дзеячы, палітыкі так здзіўляюцца нашай дэмакратыі. А нашы палітыкі і правадыры, гаранты, не здольны зразумець заходніх гарантаў, калі звяртаюцца да іх з якой-небудзь просьбай: “Ну як гэта вы не можаце? Пры ўладзе, калі ўсё ў вашых руках, закон і праўда. І вы не можаце?” Нашае існаванне “па паняццях” непераможнае, таму што сапраўды - правільнае. Надае дзяржаўную і правінцыйную раўнавагу Айчыне. А інакш усё даўно б гікнулася ў тых жа самых лужынах.
І гэта добра, як сказаў Творца, а следам за ім і ўсе месіі-правадыры... Гэта падобна кошту за бярозавае паленца ў нас і за мяжой - асновы парытэту нашага існавання. Згодна жыццю “па паняццях” мы і аплочваем усё, што маем. Вясковыя, местачковыя законы зусім неблагія. За дабро плаціць дабром. А паляшук, у адрозненне ад свайго гаранта, адмаўляе ўвогуле жыццю толькі сёння - запазычанаму, з чужых рук і чужой ласкі. Ён цалкам і ўвесь у заўтра, і таму не трывае, не церпіць пазык, адмаўляе каму-небудзь, нават самому Богу, быць вінным - толькі сабе і сваім дзецям. Але якраз мо тут і сабака закапаны, чаму мы не маем ні сёння, ні заўтра. Толькі ўчора. Сплочваем сваю віну за мінулае і, падобна, за будучае. Як я сплочваю куратару.
Да Дня Беларусі ў ААН мне давялося выступаць у публічнай бібліятэцы Нью-Ёрка на сустрэчы, арганізаванай аматарамі і прыхільнікамі беларускай мовы Калумбійскага ўніверсітэта. Слухачы былі выбітныя і дасведчаныя ў нашым жыцці. Дастаткова назваць толькі некалькі імён: муж і жонка Кіпелі, палітыкі, публіцысты, знаныя ў свеце беларусісты, Масей Сяднёў, паэт і празаік, эмігрант-беларус часоў Другой сусветнай вайны. Дарэчы, прататып журналіста і паэта ў адным з раманаў Івана Чыгрынава. Раманаў, на жаль, яшчэ і сёння не ацэненых. А ў іх ёсць не толькі мінулае, але і будучае нашай мовы і культуры. Але нічога не папішаш, добры пісьменнік Іван Чыгрынаў, Святлейшы, як ён дый іншыя яго велічалі. Добры, але наш, айчынны навылёт і наскрозь беларускі.
Прысутнічаў на сустрэчы эмігрант, наш зямляк, публіцыст Янка Запруднік, і іншыя, пра якіх я ўжо забыўся ці не ведаў і не ведаю. Але пра аднаго са слухачоў мушу згадаць пазней асобна.
Без перабольшання і пахвалы цікаўнасць да сустрэчы з замежнага боку была вялікая. І не столькі да мяне, да гома-саветыкуса, зразумела. Недзе ўжо тады выспявала ідэя арганізацыі “Згуртавання беларусаў свету”. І ўсё, што папярэднічала гэтаму, бралася, успрымалася на разлік будучага. Слухалі больш чым уважліва, бо ўсе нейкім чынам па духу і паходжанні былі датычнымі да Беларусі, Айчыны, Бацькаўшчыны.
Але не абыходзілася і без пад’юджвання і правакацыйных пытанняў наконт матчынай мовы, літаратуры, накладаў беларускамоўных выданняў, тых жа правоў чалавека. Я не хлусіў, адказваючы, і не апраўдваўся перад імі. Адчуваў давер між намі, хаця давер з іх боку, здаецца, быў крыху паблажлівы, але не злосны. Пытанні розніліся. Універсітэцкія - мо крыху наіўныя. Але добразычлівыя. Эмігранцкія - з прыхаванай падколкай і як бы з сумам, настальгіяй. Так гэта ішло да тае пары, пакуль гаворка не пачала наўпрост тычыцца іх лёсу, мінулага і цяперашняга, што ўвогуле было, мусіць, непазбежна. Усё ж яны былі хаця і беларусамі, ды эмігрантамі, і ў большасці не па сваёй волі. Вайна, у якой яны так ці інакш удзельнічалі, закінула іх у Амерыку.
Тут варта ўзгадаць, што тады, адносна нядаўна, пабачыла свет мая аповесць “Суд у Слабадзе”, дзе гаворка ішла пра паліцаяў, здраду. Аповесць прыкмецілі, у газеце беларускіх эмігрантаў была надрукавана рэцэнзія, як мне пазней давялі, былога паліцая С. Станкевіча: “Новы беларускі пісьменнік”. Мяне, мякка кажучы, папрасілі адгукнуцца на яе. Папярэдне параіўшыся з А. Адамовічам, я і адгукнуўся ў газеце “Голас Радзімы” артыкулам “І не пухам будзе вам зямля”.