Выбрать главу

Попыт не толькі ў нас, але і ў ііііііых краінах свету. Пачыналася вывядзенне новай пароды замбаваных і манкуртавых людзей. Адчувальна не хапала здраднікаў, даносчыкаў, сексотаў. Пушачнага, хай і гіпсавага мяса. Па ўсім, набліжаўся сыход чалавецтва з планеты, і перш-наперш са святога - з разбурэння еднасці і радаводу людзей, разбурэння сям’і. І быў свой Паўлік Марозаў, нягледзячы на розніцу ладаў, але ж блізкасць, роднасць ідэалогій і ў фашысцкай Германіі. З той толькі розніцай, што Паўлік Марозаў-немчык быў цалкам літаратурным героем, мастацкай прыдумкай. Мы ж, як заўсёды, былі наперадзе планеты ўсёй: чаго тут круціць. Інжынеры, падручныя і памагатыя стукнулі абцасамі: яволь.

І што тут адметна, Сталін, не зважаючы на пільную патрэбу станаўлення савецкай міфалогіі, хлусні і падманна як творчага метаду, сацрэалізму і новага ладу - нідзе не абмовіўся і слоўцам, нідзе не ўхваліў, хаця і не зганіў, подзвіг Паўліка Марозава. Каўказская, горская ментальнасць ці семінарысцкая рэлігійная адукацыя? Так і было. Усё зрабілі за яго творцы, мастацкая інтэлігенцыя, інжынеры чалавечых душ, праўдарубы, мысляры і філосафы, рупліўцы народнага шчасця і долі. Гітлер таксама стоена прамаўчаў пра свайго Паўліка-немчыка, як стоена прамаўчала ўвогуле ўся нямецкая нацыя. Адчулі сорам ці ад безумоўнага нахабства і падмены паняццяў перахапіла дых?

А я і мае равеснікі, нягледзячы на наша сіроцтва, безбацьковасць - не было каго прадаваць - нястачу і ўскраінную зладзейкаватасць, ці не ўсе раўняліся на Паўліка Марозава. І я ці не быў ужо рэінкарнаваны ў яго. Мяне апраменьвалі ім, рыхтавалі да гэтай рэінкарнацыі. Я прагнуў... І я не ўпарціўся, не супраціўляўся гэтаму. Такая, пэўна, была наканаванасць, нарачонасць, і не толькі мне, але і новаму, здаецца, веку, новаму міленіуму, прадчуванне якога, падобна камунізму, зданямі блукала па планеце, пачынаючы ўжо выпальваць дух і душу чалавека і чалавецтва, пачынаючы з дзяцей, менавіта з мяне.

Новы век і час, падобна кракадзілу, зазыўна разяўляў пашчу на трусоў. І я хацеў увайсці ў яго пашчу. Увайсці гераічна. Як Паўлік Марозаў, як наш разведчык Мікалай Кузняцоў: непрададзеная славянская шафа была паролем маіх хаўруснікаў. Я хацеў быць шпіёнам у логаве ворага - разведчыкам. Адно толькі стрымлівала мяне: калі выкрыюць, ці вытрымаю катаванні. Не, выразанне зорак на целе, агонь і тушэнне цыгарэт і цыгарак на маім жываце, проста пабоі, не сумняваўся - вытрымаю. У нейкай меры я ўжо прайшоў праз гэта. Балюча, непрыемна, але цярпець можна.

А вось як я буду паводзіць сябе, калі мне пачнуць заганяць пад пазногці іголкі ці тыя пазногці здзіраць, тут я сумняваўся. Адна справа, калі ты выпадкова саб’еш пазногаць аб корань ці корч. Ну, падумаеш, адзін жа толькі, пасыпаў попелам ці па...цаў на яго і пабег далей. А тут дзве рукі, дзве нагі і столькі пальцаў, і на кожным пазногці, кіпці. Не вытрымаю, выдам ворагу ўсе савецкія сакрэты, калі не зайдуся і не сканаю адразу. І я паціху пачаў сам катаваць сябе, выпрабоўваць болем пашкамутаных і здзёртых пазногцяў, а спакваля і агнём. Да іголак не даспеў, баяўся іх, ды і ў дэфіцыце яны тады былі - бацька ўсяго нічога з пераможанай Германіі прывёз, схаваўшы ў мыла.

Але болю хапала - ад выспяткаў і ўшчуванняў з усіх бакоў. І проста жыць - патрэбны былі і мужнасць, і воля. Тым больш, калі твая мэта - вырасці шпіёнам. І я, пэўна, не здрадзіў бы ёй, ні схібіў. Але адбылося тое, што адбылося. Толькі тут наканаваная ці зададзеная некім насуперак мне станцыя прызначэння майго лёсу, жыццёвага, вулічнага, крута памянялася. Мой нехапатлівы лёсавы рабочы паяздок раптоўна набраў хуткасць і экспрэсам панёс мяне ў невядомасць і нязведанасць: ад роднай хаты, у беспрытульніцтва. Так здарылася. Так згуляла са мной мая доля і прага да чытання, непрадказальнасць памкненняў і непраходнага точыва кніжнага чарвяка, з якім я датачыўся да Аляскі. Вычытаў, что яе аддалі на дзевяноста гадоў у арэнду Амерыцы. І тэрмін арэнды ўжо зусім хутка заканчваўся.

Я вырашыў крыху апярэдзіць час. Пачаць свой ратны подзвіг на краі зямлі - адвечныя нашы айчынныя і паляшуцкія памяркоўныя выкру­тасы, хітрыкі і выбрыкі, з якіх здзіўляўся сам Лаўрэнцій Паўлавіч Берыя, усклікнуўшы прыкладна так: неспазнаны гэты народ, беларусы. Душыш іх, душыш, а яны маўчаць, трываюць, церпяць. Я ж, калі адчуў, што ўжо няўсцерп, маўкліва, ці не па-агліцку, знік са сваёй наканаванай мне прасторы і будучай нарачонасці. Даверыўся цягніку і спадарожным вакзалам.