Выбрать главу

Лёс самога Янкі Брыля склаўся надзвычай складана, але ў апавяданні "Ты жывеш" ён перайшоў да апісання гісторыі малодшага брата яго мамы — "старэнькі калека-кравец, "залатая іголачка", як казалі суседзі, і залатое сэрца, поўнае народнай мудрасці, свежасці, аптымізму, якімі ад яго не раз жывіўся і я" (пра яго шмат напісана і згадана ў многіх апавяданнях, аповесцях, рамане "Птушкі і гнёзды"). Старэйшая на дзесяць год сястра, "вывела яго, рана асірацелага, у людзі, дала яму ў рукі тую іголачку, калі ажаніўся — часта хадзіла мірыць са сварлівай жонкай, і нават старога яго лічыла нібы малым, якога кожны можа пакрыўдзіць".

Пра сябе Янка Брыль у гэтым апавяданні прыгадаў коратка: "Я быў куды больш самастойны, і ўжо даўно, гадоў з пятнаццаці, калі перастаў яе (маці) слухаць у самым, як мне здавалася, галоўным для чалавека. Мне было вельмі шкада, што я ўжо не змагу, і іменна цяпер, калі магу, акружыць яе старасць належнай апекай, зрабіць для маці тое, чаго не паспеў, не паспелі мы ўсе... Трыццаць гадоў — гэта была яшчэ маладосць".

Скончыўшы польскую сямігадовую школу ў мястэчку Турэц, Я. Брыль у 1931 годзе паступіў у Наваградскую гімназію, дзе ўжо да яго вучыўся брат Міхаіл. Яго маці нейкі час яшчэ сяк-так трывала, ведучы гаспадарку, але з кожным днём адчувала цяжар вясковай працы, а галоўнае немагчымасць падтрымліваць сваіх хлопцаў грашыма. Браты і самі ўсё добра разумелі і ўрэшце вымушаны былі перапыніць вучобу і вярнуцца ў вёску. Як ні стамляліся на штодзённай працы, тым не менш знаходзілі магчымасць чытаць кнігі, спрабавалі абодва пісаць. Янка захапляўся творчасцю Л. Талстога і А. Чэхава. Абодва знаходзілі час, каб падтрымліваць у вясковай моладзі асветніцкую і культурна-масавую працу ў роднай вёсцы, але часта наведвалі і суседнія вёскі, дзе ладзілі вечары і спектаклі, зачытвалі газеты, па магчымасці перадавалі суседзям кнігі. Сам Янка перакладаў з рускай і польскай моў п’есы. У той жа час удзельнічаў на сцэне ў ролі пастаноўшчыка і выканаўцы.

У Янкі Брыля з’явіліся сябры, сярод якіх былі маладыя паэты А. Мілюць і М. Васілёк. Пра кожнага з іх пазней ён пісаў свае ўспаміны. У асобных апавяданнях, урыўках з аповесцей і рамана "Птушкі і гнёзды" знайшлі абодва сваё месца пад рознымі імёнамі і прозвішчамі. Жыццё не шанавала лёс А. Мілюця — яго вершы і запісы не ўсе засталіся ўцалелымі: у гады вайны яго не стала сярод жывых. М. Васілёк, як і Я. Брыль, супрацоўнічаў з віленскай беларускай прэсай і антыфашысцкім народным фронтам. Лёс наогул збліжаў іх абодвух — у часы нямецкага астрога, калі яны трапілі ў лагеры для палонных у Памераніі (Старгарад), потым у Баварыі (Байдэн). Змовіліся ў час спробаў збегчы на радзіму — М. Васілёк, як больш сталы і вопытны ўдзельнік заходнебеларускага падполля, прапанаваў першым апрабаваць магчымасць патаемна выкарыстаць сваю задуму і перадаць маладому калегу і сябру сваю падпольную рызыку.

У кнізе "Пішу як жыву" (1994) Янка Брыль надзвычай яскрава і прадумана апісаў лёс многіх сваіх таварышаў і родзічаў.

Гэта ў самым пачатку кнігі — аповесць "Муштук і папка", прысвечаная памяці свайго старэйшага брата Валодзі, закатаванага ў 1938 годзе ў Белай Царкве. Перад чытачом "Пражытае і перажытае Янкам Брылём за семдзесят пяць гадоў і расказанае вельмі ашчадна, але глыбока. Пражытае і перажытае разам з людзьмі — гэта і трагедыі, і няшчасці, і беды, і светлыя мары і радасці, і глыбокая вера ў людскасць ад нязломнага духу. І ўсё расказанае пісьменнікам вярэдзіць душу і розум".

Спачатку адбылася нечаканая сустрэча з рабочым хлопцам, шафёрам аўтобуса, які наведаў яго ў бальніцы і пасля ціхай і асцярожнай гутаркі перадаў паперыну. Гэта была першая "пахаронка" — даведка пра смяротную рэабілітацыю: "На танна-жаўтлявым лістку не вельмі спраўна было надрукавана, што ваенны трыбунал Кіеўскай ваеннай акругі 8 студзеня 1957 года перагледзеў справу аб абвінавачанні майго брата і вырашыў, што "постановление Тройки (так яно там — з вялікай літары!) при Киевском Облуправлении НКВД УССР от 28-го года в отношении Бриля Владимира Антоновича отменено (тут і далей падкрэслена машыністкай) и дело о нем производством прекращено за отсутствием состава преступления". Гэта ўжо не падкрэслена".