Выбрать главу

Творчасць Я. Брыля насычаная глыбокім і часта горкім роздумам над сваім векам, над перажытым беларусамі. Яна вельмі асабістая, і адначасова выразна грамадзянская, пазначаная гуманістычным пафасам. Слынны брылёўскі лірызм і філасафізм, ягоны гумар і досціп дапамагаюць сучаснай беларускай літаратуры выбавіцца ад псеўдапафаснасці, стылявой напышлівасці. Яго творы сцвярджаюць маральную і эстэтычную каштоўнасць жыццёвага досведу асобы.

Янка Брыль напісаў і апублікаваў лірычную, вельмі шчымлівую і незвычайна светлую аповесць пра сваё першае і — ці бывае наогул такое! — апошняе каханне цягам без малога 70-ці гадоў, пачынаючы з 1937-га года, калі малады 20-гадовы літаратар пазнаёміўся з 16-гадовай гімназісткай Нінай Клаўсуць. Абаіх збліжаў дух вальнадумства і захапленне літаратурай і навукай (Ніна Брыль ведала пяць еўрапейскіх моў і выкладала замежныя мовы ў ВНУ). І апошняя кніга запісаў і эсэ з сімвалічнай назвай "Блакітны зніч", выдадзеная незадоўга да скону яе аўтара, Івана Антонавіча Брыля. Янка Брыль, адзін з самых дасведчаных майстроў пісьменніцкага цэху, які ведаў цану водгуку зычлівага чытача, за два тыдні да смерці паспеў уласнаручна падпісаць аўтографы кнігі "Парастак" шасці дзясяткам людзей, сяброў, добрых знаёмых, пісьменнікаў, крытыкаў, а яго дачка Наталля Іванаўна Семашкевіч (Брыль) аператыўна разаслала па пошце адрасатам.

Вялікі Чытач — а ягонае з’яўленне ці не адна з самых важкіх заслуг пісьменніка Янкі Брыля — ацэніць адзін з апошніх запісаў у гэтай кнізе:

"...І думаецца, што ўсё яно не так сабе, а павінна ж мець пэўны вышэйшы сэнс. Занадта вялікі, занадта прыгожы наш свет, каб яму існаваць толькі каб існаваць, без высока-разумнай мэты".

Лірычны герой Янкі Брыля ўспамінае час, калі пашыраліся межы дзіцячага ўяўлення, калі кожны дзень быў вучобай у людзей, калі кожны новы чалавек здаваўся загадкавым, як прышэлец з іншай планеты: "Вучыліся ўсе ад усіх, і вучыцца было ад каго". Сустракаючыся з людзьмі, успамінаючы моманты агульнасці чалавека і чалавецтва, Янка Брыль узыходзіць на вяршыню, з якой відаць сама Зямля з бясконцымі зменамі пакаленняў, з мноствам людзей, блізкіх, знаёмых і проста бачаных ім за "паўстагоддзе на трох сяк-так абжытых... кантынентах, з мноствам вядомых па кнігах і карцінах, па музыцы і кіно... І адно пранізвае гэтыя ўспышкі, гэтыя змены — тое, што астаецца, што памнажаецца, імя чаму — набытак чалавецтва, яго гісторыя, яго маральны вопыт, яго несмяротнасць".