Выбрать главу

Тым не менш, мінскія тэатральныя крытыкі не дужа спрыяльна ацанілі “Прымакі” у пастаноўцы Віктара Бутакова. Напрыклад, Вячаслаў Іваноўскі ў зборніку “Беларускі тэатр – 2001/2002” (Мн., 2003, С. 9-10) піша: “На жаль, спектакль рэжысёра В.Бутакова ў недастаткова густоўна стылізаваных дэкарацыях і касцюмах персанажаў (мастак А.Толкач) хутчэй нагадваў звыклую для беларускага тэлебачання павільённую рэканструкцыю “Вячорак”, чым знакаміты купалаўскі вадэвіль, багата насычаны беларускім фальклорным матэрыялам і лёгкім дабрадушным гумарам. Нягледзячы на пэўную рызыкоўнасць становішча, у якім пасля значнага падпітку мужчын Максіма Кутаса і Трахіма Сініцы апынуліся жанчыны – Даміцэля Сініца і Палагея Кутас, зранку прачнуўшыся і знайшоўшы ў сваіх ложках суседскага мужа, Янка Купала не дапускае ў сваім даволі простым народным жарце аніякай двухсэнсоўнасці альбо нават намёку на непрыстойнасць. Таму так важна пры пастаноўцы гэтага купалаўскага твора і рэжысёру, і выканаўцам знайсці адпаведныя выразныя сродкі, яскравыя мастацкія знаходкі, адчуць камедыйную стыхію жанра, каб імправізацыяй надаць спектаклю лёгкую іранічнасць, не даць магчымасці сцэнічнаму відовішчу апусціцца да побытавай дробязнасці, захаваўшы адначасова з тым сакавітую народную характарснасць вобразаў...”. З крытыкам варта пагадзіцца. Але ж вясёлы вадэвіль “Прымакі” гледачам падабаецца, ён напоўнены смехам, мяккім, дабрадушным народным смехам. Да сённяшніх дзён у рэпертуары Слонімскага драматычнага тэатра гэты спектакль ёсць, і на яго ідуць гледачы.

Гэта толькі выбраная вандроўка ў розныя тэатральныя калектывы і тэатры Слонімшчыны, дзе вось ужо на працягу 80 гадоў ідуць п’есы Янкі Купалы. Кожны спектакль па п’есе нашага песняра даваў і дае людзям адчуванне сваёй нацыянальнай годнасці. І народ наш любіў і будзе заўсёды любіць Купалаўскую драматургію, бо яна – неўміручая.

У вянок Янку Купалу

Вершы паэтаў Слонімшчыны

Гальяш Леўчык
На Купалле

Санет гэты прысвячаю Янку Купалу

Як ранак загляне з-пад летняе ночы Ды сонейка згоне ўсе сумныя хмары, Пайду я дзівіцца ў поле на чары, Расою абмыю заплаканы вочы… Пайду я ў вёску пад шэрыя хаты, Увайду сабе ціха пад мховыя стрэхі, І буду збіраці дзявочыя смехі, І буду вясёлы, і рад, і багаты! Ля збожжа, ля кветак, накрытых расою, Пайду я да лесу зялёнай мяжою, Пад голаў злажыўшы дарожны мой клунак, На мох пад хваіну я там палажуся І ціха за край свой тагды памалюся!..
Валянцін Таўлай
Памяці Янкі Купалы
Яго няма!.. А песні следам Штогод — усё мацней звініць, І сам ён — звонкая легенда, Якой і рэху не абняць. Паслухаеш — і сэрцу сцішна: Мы не сустрэнем больш таго, Хто Беларусь, як песню, ўзвышаў І ў сэрца кінуў нам агонь. Агонь, што саграваў у сцюжу І разгараўся на вятрах І сілы дадаваў, каб здужаць З звяроў найбольшага звяра. Мы зноў на бацькаўскім загоне, Каля разбураных сядзіб І пры Купалаўскім пантэоне Ўсебеларускае зямлі. І месцу, дзе тварыў Купала, Здабылі права далажыць: Навек з варожых генералаў Сарваны пыха і крыжы. Над Янкам хілячыся ў скрусе, Клянёмся на яго труну: Купалаў сон аб Беларусі Ў граніт і бронзу апрануць.