Выбрать главу
Мікола Арочка
* * *
Чытае Купалу дзядзька Васіль… Шумок аціхае ў зале. А ў голасе — Колішніх столькі сіл! Стары ажывае ў запале! Даўно не чытаў… “Паміж пустак, балот…” О, тайна старога кургання! Хвалюеш, дзівуеш Колькі ўжо год, Заходзячы ў наша дыханне… Радкі адстаяліся ў сэрцы даўно. Вучыў іх за плугам. Свядома. Калісь тут на ўскраі стаяла гумно. І пахла ўмалотам салома. А люду вячэрняга — больш чым снапоў На даўнім бядняцкім току… Рука, нібы ўзважвае золата слоў І цэп уздымае высока… Вяртае ўладна той час сюды Ад плуга аратых, падпаскаў. І вочы ўзбуджанай грамады Вільготным запальвае бляскам. Чытае Купалу стары малацьбіт. А грудзі ўжо дыхаюць цяжка. Ды чую, як гупае час-барацьбіт Па мне і сягоння цяжка.
* * *
Я ўваходжу ў Купалаву раку — Вочы ад глыбінь-віроў сінеюць. Ёсць рачулкі: Абмялеюць, Стравянеюць… Рэчышча Купалава — На быстраку! П’ю я, Прыпадаючы нагбом. Мне, нібы прычасце, Віравая хваля, Варажу над песні тайніком, Як дзяўчаты колісь На Купалле. На быстрынь пускаю Дум вянок: Выплыве ці ўтопіцца? Не знаю. Нашы песні, Кожны свой радок Перад часам Паўнаводдзем вашым вывяраю!
Алег Лойка
Сосны Купалы
Мы — сосны Купалы, з-над вольнай Арэсы, Іван Дамінікавіч, дзе вы? Чакаем, чакаем… О колькі абтрэслі Шылля мы і шышак над светам!.. Чакаем… Не нож нас падсочвае востры, А жыць без цябе мы не можам: З табой, для цябе ж мы шумелі, як сёстры, Цяпер жа — і слова не зложым. Ракеты, і лайнеры, і сцюардэсы, І юркі між зор спадарожнік, Ці чуеце, мы, з па-над вольнай Арэсы, Чакаем Купалу трывожна!.. Няўжо нас за сёстраў ніхто не прымае?.. Няўжо болей вераць радарам? Няўжо хоць адзін з іх, як мы, успрымае Нячутных маланак удары?.. Няўжо і спапелімся дзеля прагрэсу, А ты не захіліш, Купала?.. Мы ж — сосны твае, з па-над вольнай Арэсы, Чаму ж не ідзеш, як бывала? Няўжо, як і нас, і цябе, родны браце, Адолелі дзесьці нягоды?.. Ды будзем чакаць мы, ды будзем чакаць мы Заўсёды, заўсёды, заўсёды!..
На вуліцы Янкі Купалы ў Слоніме
Родны мой горад, спрадвечны горад, Памяць чыя глыбей, чым твая? Дай скалынуць твае радасці, гора, Дай перажыць іх з табой удвая! Госцем калі тут Купала быў: Вулкі твае яго не забылі, І ён жа іх, пэўна, нідзе не забыў. Чуў ты біццё яго сэрца, горад, Хвалямі Шчары думы ўздымаў: Усю Беларусь абдымаўшы, як мора, Ён і цябе, горад мой, абдымаў. Бачыў ты погляд яго, цёплы, зоркі, У сонца ўлюбёны, лён і зязюль, Ціха каціў з заімжэлых пагоркаў Горкай нядолі былое слязу. Бачыў ты рукі яго, што павольна Мглістасць расхінвалі па-над табой, І святкаваў ты прыход яго вольны, Слаўны за волю сваёй барацьбой. Бачыў, як крочыў ён, каб не запляміць Бруку каменьчык, муру парог — У дзевяць стагоддзяў нямую іх памяць, Годнасць, якую ты моўчкі збярог. Бачыў, прайшоў ён сюдой, каб застацца Подыхам, поглядам, слыхам зязюль У шыбах, што светла дагэтуль свіцяцца, І на каменнях, цёплых дасюль.