Выбрать главу

Мятлушка. Не можа быць, не можа быць, каб родны бацька сказаў такое на дачку!

Янук. Вядома, ніхто не мог сказаць такое цудоўнай панне Даратэі! Я знайду гэтага подлага Кадука і заб’ю яго!

Лесавічок. Але ісці трэба праз Чорнае балота…

Жытнічак. Але палац Кадука вартуюць Начніцы і Страхі…

Янук (дэкламуе).

Хай сонца паліць, Хай дождж імжыць, Зліецца неба з зямлёй — А рыцар мусіць заўжды служыць Чароўнай Даме сваёй.

Я знайду цябе, о панна Даратэя!

Мятлушка. Няўжо ты не баішся?

Янук. Калі хочаш служыць сваёй Даме — нельга баяцца нічога. Каб вы ведалі, якая панна Даратэя прыгожая! Аднойчы яна скінула мне з балкона кветачку…

Янук беражліва дастае схаваную на грудзях кветку. Мятлушка бярэ яе, каб разгледзець, і палохаецца.

Мятлушка. Ой, яна несапраўдная!

Лесавічок. Як гэта можа быць? (Бярэ кветку.) Ой, праўда, яна мёртвая! (Аддае кветку Жытнічку.)

Жытнічак. Нежывая кветка! Фу! (Кідае яе на зямлю.)

Янук. Што вы разумееце! (Беражліва падымае кветку, хавае.) Гэта штучная кветка з самага тонкага шоўку. Панна Даратэя любіць прыгожыя рэчы.

Мятлушка. Нежывыя рэчы любіць нельга!

Лесавічок. Ды ён проста хоча зрабіцца князем! Ведаем мы такіх выратавальнікаў! Здзейсніць подзвіг, а пасля яму — паўкняства давай і князёўну ў дадатак!

Янук (мройна). Я мару толькі пра адно… Я выратую яе, стану перад ёй на калена… (паказвае), а яна пакладзе сваю белую ручку мне на плячо і скажа: «Высакародны Янук Шукайла-Залескі, ты добра служыў мне, і я пасвячаю цябе ў свае рыцары!»

Мятлушка. Паслухай, не хадзі да Кадука… Ты загінеш!

Лесавічок. Акрамя таго, твой меч — бяссілы. Кадука можа забіць толькі месячны прамень — нездарма ж Кадук з’яўляецца толькі ўдзень, а ў яго палацы заўсёды свеціць сонца.

Янук. Як жа можна прынесці туды прамень? Яго не зловіш…

Мятлушка. Чаму? Гэта вельмі проста! Глядзі!

Мятлушка бярэ ў рукі месячны прамень. Янук, уражаны, спрабуе зрабіць тое самае, але ў яго не атрымліваецца.

Жытнічак. Яна — дачка Поўні! Толькі Мятлушка можа ўзяць у рукі месячны прамень!

Янук. Рыцарскі меч адолее любога злодзея, а шляхецкая адвага вартая любой чароўнай зброі! Але ж я з вамі забавіўся.

Мятлушка. Давай я правяду цябе, Янук!

Янук. Яшчэ чаго! Не хапала, каб шляхціцу дапамагала лясное дзяўчо. Бывайце! (Адыходзіць).

Лесавічок. Пабеглі да русалак!

Жытнічак. Пабеглі!

Мятлушка. Вы бяжыце, сябры, а я прылячу пазней.

Жытнічак і Лесавічок выбягаюць.

А я ўсё-ткі прыгледжу за гэтым рыцарам… (Накіроўваецца ўслед за Януком.)

Дзея другая

Чорнае балота. Янук з цяжкасцю прабіраецца па карчах.

Янук. Хай… сонца паліць… Хай… дождж імжыць… Зліецца…неба з зямлёй… А рыцар… О халера!(Ледзь не падае.) Мусіць заўжды… служыць… Чароўнай Даме сваёй… О халера! (Правальваецца ў дрыгву.)

З’яўляецца Мятлушка.

Мятлушка. Трымайся, рыцар! (Дапамагае юнаку выбрацца на цвёрдую глебу.)

Янук (адчувае сябе прыніжаным). Дзякуй табе… Але я б і сам выбраўся…

Мятлушка. Ты б выбраўся! Недарэка! Ты ж зусім не ўмееш хадзіць па балоце. Глядзі, бачыш — высокая белая трава? Гэта сівец. Трэба ступаць толькі там, дзе ён расце. А ты палез проста ў багну!

Янук. Калі-небудзь я пастараюся таксама выратаваць цябе…

Мятлушка. Ну чаму ты ўвесь час «задаешся»? Трэба быць простым, як гэтыя зоры, як кветкі, тады зробішся мудрым.

Янук хоча ісці далей, але небарака зусім згубіў арыентацыю. Памкнуўся ў адзін бок, у другі. Спрабуе ступіць на купіну, але зноў ледзь не правальваецца ў багну. Тады, спрабуючы захаваць шляхецкую годнасць, звяртаецца да Мятлушкі, якая з добразычлівай і крыху іранічнай усмешкай сочыць за яго дзеяннямі.